“Няправільны” музейшчык

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

На мінулым тыдні музейная — і, шырэй, культурная — грамадскасць горача абмяркоўвала звальненне загадчыка Музея-сядзібы Міцкевічаў “Завоссе” Анатоля Еўмянькова. Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч не працягнуў з ім кантракт. Нешараговы розгалас гэтай падзеі абумоўлены відавочнай неардынарнасцю самога загадчыка. Наконт апошняй меркаванні, як прынята казаць, падзяліліся. Адвакаты Анатоля Еўмянькова — гэта шараговыя наведвальнікі Завосся. А вось за форумнымі нікамі “пракурораў” мне чамусьці бачацца твары таго-сяго з прафесійных музейшчыкаў.

/i/content/pi/cult/654/14513/11.jpgЯ не кампетэнтны ўмешвацца ва ўнутраныя справы той ці іншай установы культуры і не ведаю, якія дошкі і куды не прыбіў сп. Еўмянькоў (а такая матывацыя рашэння гучала з вуснаў дырэктара). Ды і самога сп. Еўмянькова, па шчырасці, бачыў усяго адзін раз у жыцці. Аднак гэтая сустрэча пакінула ў мяне шмат уражанняў. Пра яе я потым багата і натхнёна распавядаў — і сябрам, і ў артыкулах, калі на тое здаралася нагода.

Зрэшты, менавіта на гэта і разлічваў загадчык філіяла — разумеючы, што “сарафанны” піяр з’яўляецца самым эфектыўным. Таму наведвальнікі да яго валам валілі (прынамсі, на маіх вачах): не толькі “па душу Міцкевіча”, але і проста “пафоткацца” на фоне таго кветкавага хараства, якое Еўмянькоў ствараў і падтрымліваў з дбайнасцю добрага аканома. Пры ім згублены сярод палёў засценак стаў адным з найпрыгажэйшых куткоў усяго Баранавіцкага раёна.

А-а, і яшчэ выпадак адносна дрэс-коду... Заходзіць на музейную тэрыторыю мужык у шортах ды з голым торсам (на дварэ +30!), пытае, дзе тут квіткі купляць. Спадар Анатоль яго спыняе і кажа: а што, вы ў храм таксама ў такім выглядзе ходзіце? А для нас музей — гэта храм, і таму — не пушчу!

Насцярожанасць прафесійных музейшчыкаў наконт гэтай персоны можна зразумець — ён не з іх асяродку. Біяграфія пакручастая: буйны чыноўнік, потым — бізнесмен. Калі і гісторык, дык абавязкова з прыдомкам “аматар”. Ягоную экскурсію (а мяркуючы па публікацыях у сеціве, яе змест таксама паставілі яму ў віну) я бачыў, чуў і нават смакаваў. Да факталагічнага яе зместу, напэўна, можна прычапіцца — балазе, пастаянныя чытачы “К” ужо даўно пераканаліся, што новыя факты жыццяпісу роду Міцкевічаў адкрываюцца і пасюль, і ніхто не ведае, колькі яшчэ эксклюзіву з’явіцца на нашых палосах. А вось што тычыцца самой падачы…

Разам са мной аповед Еўмянькова слухалі яшчэ пару наведвальнікаў: брат, які жыве непадалёк і працуе ў далёкай ад культуры сферы, зладзіў культпраграму сястры, што прыехала пагасціць з Украіны. Вы не паверыце, але дзвюхгадзінная беларускамоўная экскурсія, шчодра перасыпаная рознымі інтэрактыўнымі фішкамі, выклікала ў іх такое захапленне, што мужчына адразу выказаў жаданне аказаць музею спонсарскую дапамогу!

Падазраю, місія музейнага экскурсавода менавіта ў тым, каб зацікавіць, захапіць, зацягнуць за руку. Можа нават, спарадзіць сумневы. А людзям, якім хочацца не фантазій, а фактаў, наш пастаянны аўтар Зміцер Дрозд распавядзе, як праехаць да бліжэйшага архіву. І колькі портак трэба працерці, каб выцягнуць з купы руды каштоўныя драбніцы.

Шкада, што так і не здзейснілася даўняя задума сп. Анатоля — стварыць на базе “свайго” засценка агратурыстычны аб’ект, дзе кожны ахвотны мог бы і заночыць, і кавы папіць. Хаця пры паспяховым увасабленні такі праект мог бы стаць панацэяй для многіх падобных музеяў.

Пра тое, што філіялы кшталту Завосся ўтрымліваць асабліва цяжка, не выпадае і казаць: гаспадарка вялікая, работнікаў мала, усё трэба рабіць самім, заробкі, мякка кажучы, не натхняюць. З другога боку, і турысты наракаюць на поўную адсутнасць інфраструктуры. Думаецца, музейшчыкі маглі б ім сёе-тое прапанаваць — хаця б нават хатні абед пад тым дубам, жалуды з якога збіраў у дзяцінстве той ці іншы будучы класік. Заадно і якая-ніякая капейчына.

Стварыць для гэтага адэкватную заканадаўчую базу насамрэч куды прасцей, чым падаецца. На маю думку, лепшы варыянт — трохі адкарэктаваць вядомы Указ, які тычыцца агратурызму, далучыўшы да суб’ектаў апошняга і вясковыя музейныя ўстановы і дазволіўшы ім аказваць усе тыя паслугі, на якія яны здатныя — зразумела, у рамках разумнага.

Але, як сведчыць жыццё, падобныя смелыя задумы могуць здзяйсняць найперш нестандартныя, “няправільныя” музейшчыкі, бібліятэкары, рэжысёры...