Падабенства лёсаў

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

23 жніўня споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі.

З гэтай нагоды ў Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры 23 жніўня адкрываецца выстава “Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові…”, а таксама літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Янка Брыль. З людзьмі і сам-насам” да векавога юбілею з дня нараджэння Янкі Брыля, што святкаваўся два тыдні таму. Падчас мерапрыемства сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь адбудзецца гашэнне паштовай маркі і канверта, прысвечаных юбілею Пімена Панчанкі, і ўрачыстая перадача ў фонды музея юбілейнага канверта з арыгінальнай маркай “100 год з дня нараджэння Янкі Брыля”.

Як адзначылі ў музеі, урачыстае адкрыццё дзвюх экспазіцый у адзін дзень невыпадковае: даследчыкі адзначаюць пэўнае падабенства лёсаў Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Нарадзіліся пісьменнікі ў жніўні 1917 года за межамі Беларусі: Янка Брыль — 4 жніўня ў Адэсе, Пімен Панчанка — 23 жніўня ў Таліне. Літаратурная спадчына пісьменнікаў трывала і надзейна заняла сваё пачэснае месца ў беларускай нацыянальнай літаратуры.

На выставах будуць прадстаўлены фатаграфіі, рукапісы, лісты, кнігі з фондаў музея, прадметы з асабістых архіваў Пімена Панчанкі і Янкі Брыля. На імпрэзу запрошаныя прадстаўнікі футбольнага клуба “Дынама-Мінск”, заўзятарам якога быў Панчанка.

Ул. інф.