Бунін у зачараваным маёнтку

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

У пачатку чэрвеня гэтага года (канец мая па старым стылі) спаўняецца 90 гадоў з часу наведвання Гомеля выдатным рускім пісьменнікам Іванам Буніным.

У маі 1918 г. Бунін разам з жонкай Верай Мікалаеўнай Мурамцавай-Бунінай па пропуску, які з вялікай цяжкасцю здабыла для яго ў новай улады Кацярына Пешкава, уцякаў з “чырвонай” Масквы на поўдзень, у Адэсу, тады яшчэ вольную ад бальшавікоў, адтуль у студзені 1920 г. — у Турцыю. Пасля нягод у Канстанцінопалі, Балгарыі і Сербіі ён з жонкай асталяваўся ў Францыі, дзе жыў да канца дзён сваіх.

Пра тыя далёкія падзеі сведчаць дзённікавыя нататкі І.Буніна і ўспаміны В.Мурамцавай-Бунінай.

“...25 мая. 11 гадзін раніцы, Орша. Уздоўж палатна чыгункі дашчатыя буданы, у іх бежанцы з Расіі, якія вяртаюцца на радзіму, ва Украіну. Мы трэці дзень у дарозе. У Маскве прыехалі на Савёлаўскі вакзал у 3 гадзіны дня, 23-га... У цягнік селі толькі ў 7 гадзін — раней адпраўлялі “пралетарскіх” дзяцей на канікулы ў Саратаўскую губ. — задума Луначарскага. У Вязьме былі ў 3 гадзіны 24 мая і стаялі там да вечара. У Смаленск прыбылі на самым досвітку 25-га, адкуль рушылі ў 5 раніцы. У Оршы стаім ужо 3 гадзіны, не ведаючы, калі паедзем далей”.

У Мінск Буніны прыбылі 9 чэрвеня (па новым стылі). Ваяж праз Жлобін да Гомеля прайшоў у невыноснай цеснаце. Вера Мікалаеўна ўзгадвала: “У купэ ўваліліся чалавек 8 афіцэраў польскага легіёна са сваімі пажыткамі, якія занялі ўсю падлогу і цэлую верхнюю лавачку”. Потым быў водны шлях ад Гомеля да Кіева па Сожы і Дняпры: “Сядзім на палубе. Як добра! Лёгкі ветрык, сонца...”

У Гомелі Буніны ненадоўга прыпыніліся. Наведалі парк і палац, якія зрабілі на іх асаблівае ўражанне. Пад яго ўплывам І.Бунін у 1925 г., ужо ў эміграцыі, піша апавяданне “Няспешная вясна”: “І вось, па начах слухаў, седзячы на ганачку, пугачоў, а дні прысвячаў зачараванаму свету былога княжацкага маёнтка, — насамрэч былога, паколькі з яго ўладальнікаў не засталося ў жывых аніводнага. Ён невыказна прыгожы.

Дні стаялі сонечныя, спякотныя, і па шляху да маёнтка я ішоў то ў ценю, то па сонцы, па пясчанай дарозе, сярод хвоі, якая пахла душна і салодка, потым уздоўж ракі, па прыбярэжных зарасніках, выпуджваючы зімародкаў і гледзячы то на адкрытыя затокі, спрэс пакрытыябелымі гарлачыкамі і ўсеяныя стракозамі, то на цяністыя быстрыні, дзе вада празрыстая, як сляза, хаця і здавалася чорнай, і мільгацелі срэбрам дробныя рыбкі, тарашчылі вочы нейкія зялёныя тупыя морды... А затым я пераходзіў старадаўні каменны мост і падымаўся да маёнтка.

Ён застаўся, дзякуючы шчасліваму выпадку, некранутым, неразрабаваным. І ў ім ёсць усё, што звычайна бывала ў падобных маёнтках. Ёсць царква, пабудаваная знакамітым італьянцам, ёсць некалькі цудоўных сажалак; ёсць возера, названае Лебядзіным, а на возеры — востраў з павільёнам, дзе неаднойчы бывалі піры ў гонар Кацярыны, калі яна наведвала маёнтак; далей жа стаяць змрочныя цясніны ялін і сосен, такіх вялізных, што шапка ломіцца пры поглядзе на верхавіны, абцяжараныя гнёздамі каршуноў і нейкіх вялікіх чорных птушак з жалобным веерам на галовах.

Дом, ці, дакладней, палац пабудаваны тым жа італьянцам, які будаваў царкву. І вось я ўваходзіў у велічэзныя мураваныя вароты, на якіх ляжалі два грэбліва-дрымотныя львы... Столі ззялі залачонай вяззю, залачонымі гербамі, лацінскімі выслоўямі. У лакавых падлогах адсвечвала каштоўная мэбля. У адным пакоі ўзвышаўся ложак з нейкага цёмнага дрэва, пад балдахінам з чырвонага атласу, і стаяла венецыянская скрыня, якая адкрывалася з таямнічай салодкагалосай музыкай. У другім — увесь прасценак займаў гадзіннік са званамі, у трэцім — сярэднявечны арган. І паўсюль глядзелі на мяне бюсты, статуі і партрэты, партрэты...

Часта бываў я і ў ніжніх залах... Там зроблены ў мурах нішы з паліцамі, і на гэтых паліцах пабліскваюць цьмяным золатам дзесяткі тысяч карашкоў, ледзь не ўвесь галоўнейшы набытак рускай і еўрапейскай думкі за два апошнія стагоддзі. У адной зале вялізны тэлескоп, а ў другой — гіганцкі планетарый, а на сценах зноў партрэты, найрэдкія гравюры”...

Гэтае апавяданне І.Буніна не ведае сабе роўных па палкім выказванні любові і адчаю. Яно прасякнута болем чалавека, які страціў сваю радзіму.

 

Клара БІРУКОВІЧ,
кандыдат гістарычных навук
Гомель