Напярэдадні новага года. Навучальнага

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

На тыдні ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя па тэме “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі: новыя прапановы ў будучым навучальным годзе”. Удзел ў ёй узялі намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі Ларыса Ісачкіна, дырэктар Рэспубліканскага цэнтру экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтру інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Сачко. Міністэрства адукацыі прадстаўляла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Таццяна Драпакова.

Стрыжнявая тэза сумоўя: усе дзеці таленавітыя, трэба кожнаму дапамагчы раскрыць свой талент. Дзяржаўная палітыка мае мэтай як мага раней выявіць творчыя здольнасці моладзі, падлеткаў, дзяцей, паспрыяць каб талент кожнага быў рэалізаваны на карысць іх носьбітаў і дзеля інтарэсаў краіны. Дзеля гэтага ў сферы дадатковай адукацыі існуе разгалінаваная сістэма прафесійнай арыентацыі. Дасведчаныя спецыялісты розных прафесій, а таксама спрактыкаваныя псіхолагі дапамагаюць дзецям і падлеткам зразумець, на што яны насамрэч здатныя, а якая сфера для іх неспрыяльная ці як мінімум праблемная. Скажам, хлопец ці дзяўчына з мастацкім складам розуму і артыстычнымі здольнасцямі прыходзяць ва ўстанову дадатковай адукацыі, каб займацца тэхнічным канструяваннем, бо так за іх вырашылі бацькі, альбо самі яны цьмяна ўяўляюць, чаго хочуць. Спецыяліст ў такім выпадку мусіць карэтна выправіць тых дзяцей на шлях, дзе яны маюць большыя шанцы на поспех. Зрэшты, звычайная сітуацыя, калі сам падлетак запісваецца і на танцы, і на спорт, і на маляванне, а потым засяроджваецца на чымсьці адным.

Сёння амаль кожны трэці школьнік ў Беларусі ахоплены сістэмаю дадатковай адукацыі. Паслугі такога роду прадастаўляюць як дзяржаўныя ўстановы, так і камерцыйныя структуры. Прычым першыя больш канкурэнтаздольныя, бо дадатковая адукацыя дзетак ў дзяржаўных установах для бацькоўскай кішэні таннейшая. Тое ў сталіцы і ў рэгіянальных цэнтрах. А у раёнах, дзе дамінуе сельская гаспадарка, пазашкольная адукацыя і увогуле бывае бясплатнай. Усе выдаткі ў такіх выпадках бярэ на сябе дзяржава. Зусім не абавязкова падлетак, які па-за школаю займаецца мастацкай самадзейнасцю, маляваннем альбо вывучае тэхніку і тэхналогію, зробіць гэта сваёй спецыяльнасцю. Але ў любым выпадку ён прыдбае вопыт дысціпліны, арганізаванасці, сацыялізацыі, якія будуць зусім не лішнімі ў дарослым жыцці. Зноў жа, ёсць і маральныя стымулы. Было згадана, што вучні нашых школ мастацтва, аб’янанняў экалогіі, краязнаўства, тэхнічнай творчасці годна прадстаўляюць Беларусь на міжнародных конкурсах.

Журналістаў цікавіла, ці існуе кадравае пытанне ў сферы дадатковай адукацыі. Ёсць такая праблема, пагадзіліся згаданыя вышэй спецыялісты. Яна вырашаецца прыцягненнем да выкладання студэнтаў старшых курсаў вышэйшых навучальных устаноў і наяўнасцю перспектывы прафесійнага росту маладых спецыялістаў, якая мае і матэрыяльны эквівалент. Увогуле, заробкі ў сферы адукацыі невысокія, але крэатыўная асоба мае тут магчымасць і прафесійна сцвярджацца, і больш зарабляць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"