Нібы прысеў пасля канцэрта...

№ 33 (1316) 19.08.2017 - 25.08.2017 г

Адзін месяц і чатырнаццаць гадоў. Роўна столькі спатрэбілася скульптару Аляксандру Каструкову, каб зрабіць помнік народнаму артысту СССР і Беларусі, заснавальніку ансамбля “Песняры” Уладзіміру Мулявіну, які днямі ўсталявалі ў Мінску.

/i/content/pi/cult/654/14505/1.jpgСкульптуру цяпер можна ўбачыць на бульвары Мулявіна за будынкам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Вобраз музыканта з гітарай выбраны роднымі песняра. У 2014 годзе помнік Уладзіміру Мулявіну ўсталявалі на яго радзіме ў Екацярынбургу. Там жа цяпер вырабілі і скульптуру для Мінска. Яна стала своеасаблівым падарункам беларускай сталіцы ад расійскага боку — бронзавую фігуру Песняра адлілі майстры з Екацярынбурга пад кіраўніцтвам Івана Дубровіна.

/i/content/pi/cult/654/14505/4.jpgНа ўрачыстасці з нагоды адкрыцця помніка прыехала дэлегацыя з Свярдлоўскай вобласці на чале з губернатарам Яўгенам Куйвашавым. Сквер каля Белдзяржфілармоніі з цяжкасцю змясціў усіх жадаючых спрычыніцца да ўшанавання памяці знакамітага суайчынніка. Тут былі прадстаўнікі Мінгарвыканкама, дырэктары сталічных тэатраў і музеяў, музыканты, дырыжоры, мастацтвазнаўцы і простыя прыхільнікі яго творчасці.

/i/content/pi/cult/654/14505/2.jpgМіністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў у сваёй прамове адзначыў: “Уладзімір Мулявін зрабіў неацэнны унёсак у абагачэнне беларускай культуры. Творчасць музыканта прайшла выпрабаванне часам і служыць эталонам прафесійнага майстэрства, шчырасці выканання і душэўнасці. На доўгія гады поспехі, дасягнутыя непераўзыдзеным майстрам сваёй справы, які ўмеў надзвычайна тонка адчуваць і чуць музыку, будуць служыць стымулам для прафесійнага і асобаснага развіцця многім пакаленням маладых музыкантаў”.

Дачка Уладзіміра Георгіевіча Марына Мулявіна аддзячыла ўсім, хто прыйшоў: для яе бацькі заўсёды на першым плане быў глядач, з любоўю да якога ён і пісаў свае песні.

Кветкі да помніка ўсклалі і ўдзельнікі “Песняроў” Анатоль Кашапараў, Алег Молчан і Леанід Барткевіч.

— Мулявіна, якога ўбачыў на помніку ў Екацярынбургу, я не ведаў, а такога, як у Мінску — ведаў, — адзначыў Алег Молчан.

Нагадаем, тры гады таму помнік беларускаму Песняру быў усталяваны ў Екацярынбургу па ініцыятыве Міністэрства культуры Беларусі сумесна з урадам Свярдлоўскай вобласці і адміністрацыяй Екацярынбурга, а таксама аддзяленнем Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Выява Мулявіна месціцца ў цэнтры горада побач з канцэртнай залай, дзе не раз гастраляваў знакаміты калектыў.

— Цяпер гэта знакавае месца для гараджан. Ля помніка заўсёды жывыя кветкі, тут абавязкова фатаграфуюцца маладажоны. У Екацярынбургу сапраўды вельмі любяць Мулявіна, ён застаецца з намі, — распавяла міністр культуры Свярдлоўскай вобласці Святлана Учайкіна. — Помнік для Мінска — гэта часцінка нашай любові і глыбокай павагі да цудоўнага артыста. У працяг акцыі ўшанавання яго памяці 31 жніўня і 1 верасня у Свярдлоўскую вобласць на гастролі выправіцца ваш дзяржаўны ансамбль “Песняры”.

Скульптар Аляксандр Каструкоў да вобразу Уладзіміра Мулявіна вяртаецца не адно дзесяцігоддзе, і, як прызнаецца сам, яшчэ не гатовы расстацца з ім. Мастак ужо калісьці стварыў мемарыяльную дошку, прысвечаную вялікаму музыканту. Наступны этап — праца над надмагільным помнікам беларускаму Песняру. Па прызнанні скульптара, назапашаны тады досвед дапамог яму ў працы над скульптурнай кампазіцыяй, якую 17 жніўня адкрылі на бульвары Мулявіна.

— Я прасіў сваякоў Уладзіміра Георгіевіча судзіць маю працу вельмі строга, бо за столькі гадоў вока магло замыліцца, аднак заўваг амаль не было, — раскрывае журналістам “кухню” суразмоўца.

Ён таксама ўзгадаў спрэчкі наконт месца ўсталявання бронзавай фігуры: гучалі меркаванні, што Мулявін павінен знаходзіцца перад галоўным уваходам у філармонію. Але вялікая прастора перад будынкам і манументальны Якуб Колас, што месціцца насупраць, адразу вымусілі б значна павялічыць памеры помніка, які ўсё ж такі задумваўся камерным.

— У той сквер за філармоніяй Уладзімір Георгіевіч часта выходзіў адпачыць, паразважаць, абмеркаваць творчыя задумы. Таму гэтае месца — самае ўдалае, каб увекавечыць памяць аб ім, — дадаў творца.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

/i/content/pi/cult/654/14505/3.jpg

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"