Хто брэнд, а хто “зорка”

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Чым карысны досвед Венецыі? Частка І. Супрацоўніцтва, супольнасці, калабарацыя
Адзначым адразу, што паняцце “карысці” ў мастацтве мае значэнне больш чым адноснае. Тым не менш, менавіта карысным можа быць знаёмства з канцэпцыямі, з формай падачы праектаў, з практыкай калабарацыі розных краін і грамадскіх арганізацый. Нарэшце, вопыт незалежных удзельнікаў паралельных праграм і проста адначасовая з біенале прысутнасць на венецыянскай арт-сцэне таксама былі б для нас зусім не шкоднымі.

/i/content/pi/cult/653/14502/14-.jpg

Гульня ў карты

Калабарацыяй, як вядома, першапачаткова называлася супрацоўніцтва нейкага брэнда з запрошанай “зоркай”, але ў апошнія гады паняцце выкарыстоўваецца значна шырэй. Вось Літва (упершыню), Латвія і Эстонія аб’ядналі намаганні ў праекце 2016 года, выбраўшы будынак дзейнага спартыўнага цэнтра ў стылі 1970-х: наўрад ці паасобку яны змаглі б арандаваць такую вялікую прастору. Бетонная блочная пабудова — ужо нечаканасць для Венецыі, асабліва калі яна размешчаная вельмі блізка да Арсенала.

Мабыць, і не скажаш, хто тут брэнд, а хто зорка. Сімвалічны элемент экспазіцыі — дровы, складзеныя як для распальвання печы. Гэта нібы базавая адзнака, той узровень, пачынаючы з якога трэба будзе перапраграмаваць інэртны рэгіён, пераадолець абмежаванні, уласцівыя асобным дзяржавам. Рэтраспектыўную частку ўзмацняе падборка 100 рарытэтных узораў парод, знойдзеных у Прыбалтыцы ў 1920-я гады. Тут канцэптуальны пасыл таксама зразумелы: іх знайшлі на глыбіні ажно двух кіламетраў, склалі карту выкапняў, але працы не працягнулі — занадта дорага.

Да грандыёзных візіяў будучыні апелюе праект RailBaltic — самы спрэчны і рэзанансны. Калі ўсё атрымаецца, ён павінен звязаць чыгункай Талін, Рыгу, Каўнас, Варшаву і Берлін (а ў далейшым і Венецыю), інтэгруючы рэйкі Прыбалтыкі ў транспартную сістэму ЕС. На мяжы гратэску — Talsinki, падводны тунэль паміж Талінам і Хельсінкі. У экспазіцыі ўсё гэта абыграна ў вобразах і метафарах, але дакументы, чарцяжы і макеты, вядома, таксама ёсць. А будаўнічыя фірмы, якія падазраюць у карупцыі, прадстаўленыя ў выглядзе ігральных карт з канкрэтнымі назвамі і лагатыпамі. У працэсе гульні вы быццам ствараеце паміж імі пэўныя сувязі, удзельнічаеце ў сумнеўных бізнес-камбінацыях.

Увесь гэты шэраг асобных праектаў мастакоў і архітэктараў аб’яднаны вельмі арганічна і служыць агульнай мэце — прадставіць архітэктурнае асяроддзе Балтыйскіх краін як адзіную прастору ідэй. А ў цэлым экспазіцыі ўласцівы “сацыяльны паварот”, легітымізаваны брытанскім арт-крытыкам Клер Бішоп, якая адзначае, што гэта адна з самых значных і ўстойлівых тэндэнцый у сучасным мастацтве апошніх дзесяцігоддзяў. Асноўная тэза Бішоп — перакананне, што “аўтэнтычнасць укаранілася ў сацыяльным” — падобна, блізкая і многім маладым беларускім мастакам.

Акрамя дрэва, аўтары працуюць з самымi рознымi матэрыяламi практычна ў іх натуральным выглядзе, але з выкарыстаннем актуальнага экспазіцыйнага дызайну найвышэйшага гатунку. Чаго толькі няма ў гэтым арсенале: водарасці, пясок, камяні, зямля, торф, гліна, разнастайныя лісце, трава, карані, галінкі, і вядома, вада ва ўсіх станах. Пры гэтым, аўтары сцвярджаюць: матэрыял не прынцыповы, галоўнае — мець, што сказаць.

Не адмоўлю сабе ў задавальненні прыгадаць простую і дасціпную канцэпцыю праекта, які з’яўляецца працягам Балтыйскага павільёну. Ён прысвечаны грандыёзнай Латвійскай Нацыянальнай бібліятэцы, чыё з’яўленне выклікала шмат крытыкі. Куратары папрасілі бібліятэкараў з усёй краіны даслаць фатаграфіі сваіх мясцовых бібліятэк. Аднапавярховыя, вясковыя, у адно-два акенцы, рознага часу пабудовы... Тут мы таксама маем справу з пэўнай куратарскай практыкай, дзе мастацтва разумеецца як “месца, якое стварае спецыфічную прастору зносін”, не разбурае, а спараджае адносіны (Нікаля Бурыо).

Жывыя дрэвы і мёртвы метал

Яшчэ больш прадстаўнічым атрымаўся аб’яднаны Скандынаўскі павільён, у рамках якога Фінляндыя, Нарвегія і Швецыя паказалi на арт-біенале праект Mirrored (“Люстраны”), а на архітэктурным — In therapy: nordic countries face to face (“У тэрапіі: паўночныя краіны тварам да твару”). “Люстраныя” — гэта некалькi велізарных мудрагеліста выгнутых металічных лопасцяў. Паміж імі — жывыя дрэвы. Дзіўныя, здавалася б, неспалучальныя рэчы. Але, у той самы час, злучэнне маштабных натуральных і штучных аб’ектаў у адзінай прасторы можна інтэрпрэтаваць як развіццё “Матэрыi часу” (1994 — 2005) Рычарда Серра — праекта, які ўяўляе з сябе восем сфер са сталi ў Музеі Гугенхайма ў Більбао.

Найбуйнейшы мастак сучаснасцi, а ўслед за ім і скандынаўскія калегi, разважаюць пра прыроду скульптуры, фiзiчныя якасцi прасторы, уздзеянне на ўспрыняцце чалавека. Але ў дадзеным выпадку хачу асабліва падкрэсліць не галавакружнае адчуванне прасторы ў руху, а супрацоўніцтва краін, якія, без сумневу, маглі дазволіць сабе і асобныя нацыянальныя павільёны.

Павільён у выглядзе кнігі

Вядома, на Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва няма канкрэтных адказаў або ўзораў, як трэба рабіць і чаго рабіць дакладна не трэба. Але рэмінісцэнцый, адсылак і намёкаў — маса.

Куратарка Крысцін Масэль сабрала сваё выказванне як адзінае цэлае ў “кнізе” з 9 частак: “Час і бясконцасць”, “Радасцi і страхi”, “Павільён шаманаў”, “Дыянісійскі павільён”, “Ідэнтычнасць” і гэтак далей. Такім чынам, асноўны праект біенале ў памяшканні Арсенала выглядаў шэрагам залаў, якія Крысцін назвала раздзеламі кнігі. Яны даволі абстрактныя, але ёсць адзін — “Мастакі і кніга” — цалкам матэрыяльны. Гэта нешта накшталт бібліятэкі з рэальнымі выданнямі і чытачамi. Паводле задумы, там прадстаўлены любімыя кнігі мастакоў-удзельнікаў біенале, а канцэптуальна можна падвярстаць выдатны блок тэорый.

Напрыклад, ідэю Рычарда Рорці пра тое, што чалавек ёсць толькі сумай слоўнікаў, якімі ён можа апісаць свет. А пошукі слоўніка з наступнымі спробамі выхаду з яго — гэта шлях да метафары, які ўжо мае непасрэднае дачыненне да мастацтва. Рорці лічыў, што чым больш слоўнікаў у валоданні людзей, тым больш у іх шанцаў на салідарнасць. У гэтым ёсць пэўны прагматызм, але выводзіць ён з гэтага тэорыю пераходу “Ад рэлігіі праз фiласофiю да літаратуры: шлях заходніх інтэлектуалаў”, даводзячы, што менавіта літаратурная культура (неўзабаве пасля Канта) завяршае гэтую трыяду інтэлектуальнага развіцця.

На біенале ёсць і іншыя прыклады аб’яднанняў — грамадскіх арганізацый, гандлёвых марак класа luxury або Еўрапейскi культурны цэнтр з “Персанальнымi структурамі”, пра які я ўжо пісала. Ёсць павільён дыяспар, ёсць перфарматыўныя практыкі, якія аб’ядноўваюць аўтараў-мігрантаў, ёсць… ці мала яшчэ што ёсць!

Любоў ГАЎРЫЛЮК,
арт-журналіст

Фота аўтара