Сорак пяць, палёт нармальны

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Былы рокер, былы тэлевізійшчык, а сёння просты IT-спецыяліст Юрый Гарачка
Галоўны хіт “Ад парога” (з шыкоўнай гітарай Андрэя Дзяменцьева) гурта “Калi юга”, у якім выступаў мой суразмоўца, некалі гучаў калі і не з кожнага праса, то на ўсіх радыёстанцыях краіны. Пазней мы, шараговыя тэлегледачы, атрымлівалі асалоду ад саўнда канцэртаў і перадач, які ён рабіў. А цяпер што? Ды нічога асаблівага: Юрый Гарачка тэстуе праграмнае забеспячэнне самай крутой хакейнай лігі свету — НХЛ. І як жа ён дакаціўся да жыцця такога? Паспрабуем разабрацца.

/i/content/pi/cult/653/14501/34 kultura 13.jpgГукарэжысёр

— Я ішоў на інтэрв’ю з вядучым гукарэжысёрам нашага тэлебачання, а аказалася, што ты на ім ужо не працуеш.

— За камплімент — дзякуй. Аднак я не такога высокага меркавання пра сябе. З тэлебачання ў 2015 годзе звольніўся, бо не прайшоў медкамісію, і кантракт са мной не працягнулі. Я адчуваў, што ў мяне пагаршаецца слых, ведаў, што ў маёй прафесіі гэта звычайная з’ява і верны шлях выбыць з яе, але, вядома, спадзяваўся на лепшы зыход. Хаця “прэтэнзіі” да мяне ў гэтым сэнсе былі і раней. Прапаноўвалі застацца на тэлебачанні ў іншай якасці, я доўга думаў — і ўсё ж тэлек пакінуў. Да мяне, дарэчы, цяпер часам звяртаюцца музыканты, каб я дапамог ім як гукарэжысёр, — не адмаўляю.

— Што глядач слухаў тваімі вушамі?

— Канцэрты, што здымаліся перасоўнай тэлевізійнай станцыяй (сольнікі гуртоў “Сплін”, “Наўтылус Пампіліус”, іншых замежных артыстаў, фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, буйныя святы, мерапрыемствы ў канцэртных залах, філармоніі і да таго падобнае), праграмы “Спявай, душа”, “Жывы гук”, “Музычны плэй-оф”, “Легенды. Live” (для АНТ)... Усяго і не ўспомніш: усё-такі тэлебачанню аддадзена больш за дзесяць гадоў.

— А як ты трапіў у Белтэлерадыёкампанію?

— У 2000-м годзе ў яе студыі гурт “Калi юга” працаваў над альбомам “Нуль паводле Кельвіна”. Зводзіў яго мой будучы начальнік на тэлебачанні Валерый Грэбенка (ён і дагэтуль займае пасаду загадчыка аддзела гукарэжысёрскай студыі галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Белтэлерадыёкампаніі), а я яму, седзячы на канапе, нешта актыўна падказваў. У нейкі момант ён да мяне павярнуўся з-за пульта і спытаў: “Можа, ты хочаш тут працаваць?” Я ў адказ: “Жартуеце?” Валерый Сцяпанавіч: “Не. Ты — музыкант, астатняму навучышся”. Праз два тыдні я, страціўшы ў заробку ў тры разы, звольніўся з прыватнай фірмы, якая займалася вырабам мэблі, і прыйшоў на тэлебачанне. Пачынаў як асістэнт гукарэжысёра, а ў 2004-м ужо сам стаў “руліць”.

— Удакладню. З тэлебачаннем ты развітаўся назаўжды?

— Ніколі не кажы “назаўжды”, але — так. Можа, толькі пагаджуся на нешта па дамове.

— Тады “сячы” пра яго ўсю праўду! Напрыклад, мне знаёмыя “гукачы” казалі, што тэлевізійны саўнд іх перыядычна проста “забівае”...

— Ці ведаюць яны пра тое, якая гэта праца — “выцягнуць” выканаўца, які спявае так сабе? Тут як ні спрабуй, а яго вакальныя “вушакі” ўсё роўна палезуць у эфір. Або гурт, што грае сярэдненька. І з ім гісторыя тая ж самая. Ты чакаеш самакрытыкі ад мяне, ці што? Так, не заўсёды ўсё атрымлівалася, як хацелася б. Але, зноў-такі, я магу прывесці табе з дзясятак прычын, чаму гук бывае нейкім не тым. З-за залы, скажам, дзе шмат гукавых адлюстраванняў, з няважнай акустыкай, ці з-за налады сцэнічнай апаратуры.

— Прыемна стасавацца з самакрытычным чалавекам. Ну а “секчы” будзеш ці не?

— А я тэлевізар вельмі мала глядзеў і гляджу. Часам толькі “свае” праграмы — з-за чыста прафесійнага інтарэсу. Цябе ж музычны кантэнт цікавіць? Па-мойму, з ім усё нармальна, ва ўсялякім выпадку, у параўнанні з 2000-мі гадамі.

— Ага, заваліся сёння спецыялізаваных перадач пра сучасную беларускую музыку.

— Пагаджуся, ёсць прабел. Але, дапусцім, на “Беларусь 3” шмат праектаў, канцэртаў з аўтэнтычнай музыкай. Я табе са сваёй званіцы скажу: калі браць тэхналогію працэсу, працу з гукам, сітуацыя моцна палепшылася.

— Тады чаму, калі з тэхналогіяй працэсу ўсё добра, большасць тэлевізійных канцэртаў грунтуецца на “мінусовых” і “плюсавых” фанаграмах?

— Таму што тэлебачанню з імі прасцей працаваць. Ды і гукарэжысёраў, здольных вельмі якасна запісваць “жыўцом”, у нашай краіне не шмат.

Рок-музыкант

— З былымі калегамі па гурце “Калi юга” ці маеш зносіны?

— Рэдка і выпадкова. Не так даўно нашага гітарыста Андрэя Дзяменцьева на вуліцы сустрэў. Шнар у яго нейкі ў раёне скроні.

— Калі чалавек хоча гарантавана атрымаць прыгоды на сваю галаву, яму варта правесці вясёлы вечар у кампаніі з Андрэем.

— Падпісваюся пад тваімі словамі.

— “Калi юга” нарадзілася як акустычны дуэт?

— Якраз з дуэта з Андрэем. Дзяменцьеў мяне і пацягнуў у бок электрычнага гучання. Было дзіка цікава спрабаваць сябе ў ім.

— Даспрабаваліся да таго, што вельмі хутка сталі адным з лепшых айчынных рускамоўных рок-гуртоў. І раптам...

— Чаму мы разваліліся? Мы распаліся тады, калі пачаў стагніраваць рок-клубны рух. Змяншалася колькасць клубаў, арыентаваных на аўтарскую рок-музыку, ім на змену спяшаліся ўстановы, у якіх граўся кавер-рок. А каверы карысныя хіба як прыступка ў самаразвіцці музыканта, і наступным этапам павінна быць самастойная творчасць, калі людзі думаюць аб уласным музычным абліччы. Аказалася, што мала хто думае, і чарговая прыступка для такіх — ізноў каверы. Пераважная колькасць маладых беларускіх рокераў цяпер проста зарабляюць грошы, выконваючы чужы рэпертуар. Я ім у чымсьці нават зайздрошчу, бо з намі часцяком расплачваліся півам. Але не зайздрошчу ў плане самаўдасканалення. Увогуле, гурт не ўпісваўся ў кан’юнктуру. Півам сем’i не пракорміш, а здраджваць сабе мы не хацелі.

Нам, дарэчы, дзесьці ў той час у Піцеры прапанавалі новы фармат каманды: маўляў, калі “Калi юга” зайграе гэтак і гэтак, ёй зоймуцца, пачнуць раскручваць. Адпаведна, прапанавалі іншы варыянт “здрады”. Адмовіліся. Тады наогул назапасілася нейкая стомленасць ад музыкі. Нічога не хацелася, прабіваць сцены галавой ужо дакладна. Можа, далі слабіну, трэба было неяк ператрываць? Спробы рэанімаваць склад прадпрымаліся, але асабіста ў мяне ўнутры ўжо ўсё перагарэла. Новыя песні не складаліся, новыя ідэі з сябе мы выціснуць не змаглі. Напэўна, у тым, што адбылося, у першую чаргу віна мая: каб я змог перабудавацца, перасіліць сябе, то хлопцы, хутчэй за ўсё, пайшлі б за мной. Але здарылася тое, што здарылася. Мне Дзяменцьеў неяк выдаў такую характарыстыку (я Цяля па гараскопе): “Ты не Цяля, а цюлень”. Я з Андрэем згодны.

— Зусім-зусім нічога з рыфмаў на розум не прыходзіць?

— Асобныя радкі, якія ў вершы, тэксты не ператвараюцца. І радкі гэтыя я нідзе не фіксую. Прыйшлі, сышлі, забыўся, адрэзана.

Астрафатограф і айтышнiк

— У цябе незвычайнае хобі...

— Так, астрафатаграфія. Захапленне астраноміяй з’явілася ў маім жыцці раней за музыку. Класе ў сёмым я нават лётаў на Каўказ на злёт юных астраномаў-касманаўтаў СССР! Але паралельна ў мяне добра ў школе ішла і хімія (перамагаў на рэспубліканскай алімпіядзе па гэтым прадмеце, удзельнічаў у дзвюх усесаюзных), таму я, у рэшце рэшт, вырашыў паступаць у БДУ на адпаведны факультэт (астрафізічнага там не было). А пасля распаду “Калi югi” зноў заняўся астраноміяй, але ўжо на новым вітку. У нашай камандзе — Astronominsk — тры чалавекі. Фатаграфуем неба, целы, што засяляюць яго. Нашы фота публікаваліся ў прыгожых глянцавых амерыканскіх часопісах і кнігах на замежных мовах. Тыя, хто ў свеце заняты ў гэтай сферы, Astronominsk ведаюць.

— ...і звычайная праца...

— ...у адной з мінскіх IT-кампаній. Сачу за якасцю прадукту, шукаю “багі” (памылкі) у камп’ютарных праграмах, выпраўляю іх. У прыватнасці, адзін з нашых замоўцаў — Нацыянальная хакейная ліга (НХЛ), для якой мы распрацоўваем частку праграмнага забеспячэння.

— Крута! Гэта сведчыць аб кваліфікацыі беларускіх IT-спецыялістаў?

— Цалкам дакладна. Мяне, дарэчы, усе лічаць найсціплым чалавекам, і я салідарны з гэтым меркаваннем. І яшчэ я люблю спакой і адзіноту.

Кропка над “i”

— Калі разважаць у межах музыкі, ты назваў бы сябе “збітым лётчыкам”?

— Нешта ў ёй не даспяваў, не дайграў, не рэалізаваў нейкія задумкі? Так, безумоўна, назваў бы. А самае вялікае маё з таго, што не спраўдзілася ў музыцы, — нявыпушчаны альбом, які быў зроблены працэнтаў на восемдзесят.

— А калі выйсці за рамкі музыкі?

— У астатнім я ў чыстым выглядзе дзейны лётчык: палёт працягваецца, толькі самалёт памяняўся. І хуткасць павялічылася!

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"