Ад яблыка да памідора

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Летні “рэпертуар” парадаваў. Якім будзе восеньскі?
Лета — на фінішы, але творчае напружанне ў рэгіёнах не спадае. І справа не толькі ў дажынках, якія немагчыма ўявіць без удзелу клубных ды бібліятэчных работнікаў. У “рэпертуары” аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі хапае іншых мерапрыемстваў, што вызначаюцца якасцю ды арыгінальнасцю. Узяць да прыкладу, “Яблычны Спас” у Алашках. Гэтае абласное свята на Шаркаўшчыне даўно стала брэндавым. І ладзіцца яно ў вёсцы, дзе жыў і працаваў садавод Іван Сікора, які вывеў 500 гатункаў яблыкаў, сто — ігруш, займаўся вырошчваннем сліў, бэзу, ружаў. У Алашках ёсць музей садавода і сядзіба, якую ён узвёў сваімі рукамі. Побач — помнік яблыку (ёсць такі і ў райцэнтры, і на павароце да Алашак), сцэна. Падчас свята быў канцэрт, працавала кавярня, можна было купіць сувенір, пачаставацца яблыкамі. Словам, мерапрыемства атрымалася і якасным, і арыгінальным. Ушаноўваўся не толькі яблык, але і знакаміты селекцыянер. Падвойны брэнд для вёскі і раёна. Дадам толькі, што ў Алашках можна прыдбаць і саджанцы ўнікальных яблынь. Калі пра гэта даведаюцца ўсе зацікаўленыя, у тым ліку і інвестары, свята можа стаць рэспубліканскім.

/i/content/pi/cult/653/14500/34 kultura 12.jpg

Працягваецца рэспубліканская акцыя “Бабруйск — культурная сталіца Беларусі”. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага распавядае, што ЦБС у тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прэзентавала экспазіцыю “Горад будуецца — горад жыве”. У першай яе частцы была падабрана літаратура па гісторыі паселішча і Бабруйскай крэпасці. У другой частцы гаворка ішла пра сучаснасць. Рэкламавалася дзейнасць цэнтра прафарыентацыі “Выбар” пры гарадской бібліятэцы № 8 імя Ефрасінні Полацкай. Паміж цэнтрам і дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам наладжаны вельмі шчыльныя творчыя стасункі. Імправізаваная літаратурная кавярня прапаноўвала мастацкую літаратуру, дзе героі кніг — прадстаўнікі будаўнічых прафесій. Такім чынам бабруйскія бібліятэкары не толькі прэзентавалі багаты фонд, але і паказалі працу гарадскіх устаноў праз аматарскія аб’яднанні.

Шлях у Польшчу стаў звыклым для народнага ансамбля народнай музыкі “Лірнікі” Гарадзішчанскай дзіцячай школы мастацтваў, што ў Баранавіцкім раёне. Калектыў браў удзел у XII Міжнародным фестывалі фальклору “Падляшскія сустрэчы” ў польскім горадзе Бранску. Тут сабраліся гурты з Румыніі, Турцыі, Латвіі, Польшчы — каля трохсот чалавек. “Лірнікі” далі дзевяць канцэртаў у сямі гарадах і мястэчках Падляшскага ваяводства і былі ўшанаваны за свой высокі прафесійны ўзровень.

Загадчык аддзела па абслугоўванні дзіцячага чытача Навагрудскай раённай бібліятэкі Вольга Фядотава распавядае пра бібліяноч, што прайшла ў яе ўстанове і называлася “Літаратурныя мУРАшкі”. “Мерапрыемства стала адным са складнікаў абласной акцыі “Кніга дорыць свята”, — піша аўтар. — Для чытачоў мы арганізавалі тэматычныя пляцоўкі з пазнавальнымі гульнямі, конкурсамі на веданне гісторыі нашага кнігадрукавання, майстар-класамі па маляванні літар старажытнага алфавіту. Былі і “страшныя” гісторыі. Да прыкладу, дзеці, патрапіўшы ў “Грабніцу фараона”, маглі пазнаёміцца з муміяй”.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама Галіна Лісіцкая анансуе VI рэгіянальны фестываль песеннага мастацтва “Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных”. Ён мае адбыцца 2 верасня на прыз мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Рэспублікі Беларусь Генадзя Цітовіча і ўраджэнца раёна, народнага артыста Беларусі Міхася Дрынеўскага. “Фестываль ладзіцца з 2004 года, — піша аўтар, — Гэтым разам у ім прымуць удзел дзевяць раёнаў Гомельшчыны, а таксама калектывы з Брэсцкай вобласці. Узначальвае журы Міхась Дрынеўскі. Выступіць і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча”. А 3 верасня, распавядае Галіна Лісіцкая, адбудзецца свята горада. Плануюцца выстаўкі-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы прыпевак і гарманістаў, канцэрты мастацкай самадзейнасці.

Незвычайнае апетытнае свята “Вясковы сыравар” сабрала жыхароў і гасцей аграгарадака Жупраны, што на Ашмяншчыне. Можна было пакаштаваць і прыдбаць некалькі гатункаў сыроў, сырнікаў, выпечкі на аснове хатніх малочных прадуктаў. А побач з гандлёвымі радамі працавалі выставы народных майстроў. Павышаным попытам карыстаўся гліняны посуд. А дзе яшчэ трымаць малако?! Работнікі культуры прапанавалі вялікую забаўляльную праграму, дзе хітамі сталі конкурсы на хуткасць паядання сыроў і дойкі кароў. Выступілі народны ансамбль песні і танца “Крыніцы”, сямейны гурт “Граўжанцы”.

Ашмяншчына сёння б’е ўсе рэкорды крэатыву. У раённым цэнтры прайшоў фэст маладзёжнай субкультуры “Мы разам”, стаўшы падзеяй сярод аматараў хіп-хопу, року і брэйку. Адной з яскравых частак мерапрыемства стала і свята фарбаў Холі. Аквагрым і часовае тату, тэматычныя фотазоны і кірмаш тавараў hand-made зрабілі акцыю непаўторнай. А фантаны фарбаў дадалі святу дзіцячай бесклапотнасці.

У Воранаўскай раённай бібліятэцы распачаўся Тыдзень культуры “Суквецце талентаў Воранаўскага краю”. Пра гэта напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Людміла Фурман. “К” пісала пра тое, што пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” стала Пагародзенская сельская бібліятэка (загадчык Алена Вітукевіч). Установа прапанавала шэраг цікавых выстаў. А Воранаўская дзіцячая бібліятэка запрасіла да сябе ў госці выхаванцаў дзіцячых садкоў.

Аграгарадок Цырын (Карэліцкі раён) упершыню ладзіў Мядовы фэст. Усё было вельмі сур’ёзна. Дзея пачалася з прэс-канферэнцыі “Уся праўда пра мёд”. Прадстаўнікі лабараторыі пчалярства, што, аказваецца, дзейнічае пры НАН Беларусі, распавялі пра ўнікальныя ўласцівасці салодкай прадукцыі. А потым супрацоўнікі Цырынскага дома культуры запрасілі ўсіх на стадыён. Былі наладжаны канцэрт і кніжная выстава. Працавалі пляцоўкі “Кніжны рой”, “Фота-вулей”. Кулінары здзіўлялі вырабамі і напоямі з мёду. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аксана Басюк.

Распавядае галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык: “Супрацоўнікі Свіслацкай і Квасоўскай сельскіх бібліятэк арганізавалі для дзяцей аграгарадка Свіслач бібліятэчны бульвар. Тут размясціліся дзевяць інтэлектуальна-забаўляльных пляцовак… А на Аўгустоўскім канале прайшло Свята мора. У бібліятэкараў раёна была свая літаратурная “бухта” з велабібліятэкай!”

Праект “Бібліятэчны сэрвіс — для аграсэрвіса” рэалізоўваюць супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі. Пра гэта паведамляе загадчык аддзела маркетынгу згаданай установы Тамара Круталевіч. Праект скіраваны на ўдзельнікаў жніва. Паходная бібліятэчка вандруе па мехдварах і палетках.

У міжнародным фестывалі фальклору “Мотальскія прысмакі” (Іванаўскі раён) прынялі ўдзел і лялькі Беларускага гульнёвага тэатра роставых лялек з Дзятлава.

Свята народнай творчасці “Свае” (ацаніце назву!) адбылося ў Ганцавіцкім доме рамёстваў. Такім чынам установа адзначыла сваё 20-годдзе.

Яшчэ адзін анонс. 9 верасня ля гарадскога возера Іўя плануецца зладзіць Свята памідора. Ініцыятар — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"