На оперна-балетным ворыве

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

8 верасня Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адкрые юбілейны 85-ы сезон шостай па ліку пастаноўкай на сваёй сцэне “Травіяты”. Мінулы ж сезон, нагадаем, завяршаўся сусветнай прэм’ерай балета “Ор і Ора”. Самая што ні ёсць папулярная класіка ў прынцыпова новай інтэрпрэтацыі (запрошаны рэжысёр Андрэйс Жагарс з Латвіі перанёс дзеянне оперы Вердзі ў сучасны Парыж) і, у процівагу, пошук цалкам новых найменняў — чым не творчае крэда любога тэатра? Прасочым асаблівасці.

Сучасных опер тэатру пакуль бракуе. Праўда, кіраўніцтва штораз запэўнівае ў сваім жаданні зрушыць, нарэшце, са стылістыкі ХІХ стагоддзя. Але пакуль гэта выяўляецца хіба ў “актуалізацыі” класікі за кошт згаданага вышэй храналагічнага перамяшчэння оперных падзей.

Што да балета, дык новае найменне з’явілася па ініцыятыве аўтара ідэі і лібрэта, які меў гатовую музыку. Спектакль адразу паставілі. Цуд? Для параўнання прывяду іншы прыклад. У 2015-м тэатр сам звярнуўся да беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова, балет “Вітаўт” якога атрымаў безліч узнагарод, з ідэяй і лібрэта “Анастасіі Слуцкай”: тэрмінова патрэбна музыка. Неўзабаве з’явілася партытура. Але абяцаная прэм’ера, пра якую гаварылі ледзь не на кожнай прэс-канферэнцыі, усё неяк адкладвалася, пераносілася. Апошнія звесткі — чакайце“…Слуцкую” ўвесну 2018-га.

Супрацьлеглая сітуацыя з “Орам…” тлумачыцца проста. Прапанова ўвасобіць гэты балет сыходзіла ад Вячаслава Заранкова. Ураджэнец вёскі Хадулы непадалёк ад Оршы, а цяпер знаны мільянер, генеральны дырэктар і старшыня савета дырэктараў групы будаўнічых кампаній Санкт-Пецярбурга, кандыдат тэхнічных і доктар эканамічных навук, вядомы мецэнат і палітык, ён рэалізуе сябе ў мастацкай творчасці: жывапісе, літаратуры. У балетнае лібрэта ён перарабіў сваё апавяданне “Арлы і людзі”, надрукаванае ў праграмцы. Музыку па яго просьбе напісаў расійскі аўтар Міхаіл Крылоў. Яна гучала ў канцэртнай версіі, быў выдадзены альбом-двайнік. Нарэшце, узнік балет. Але лібрэта і, адпаведна, музыка змяніліся.

Гісторыю пра арліную вернасць, што стала прыкладам для людзей, балетмайстар Аляксандра Ціхамірава паспрабавала вывесці на абагульнена філасофскі ўзровень. Такое пераасэнсаванне рэальных падзей, апісаных у апавяданні, безумоўна, мела рацыю: сучаснае харэаграфічнае мастацтва імкнецца да філасофскай асацыятыўнасці — нават пры звароце да пакладзеных у яго аснову літаратурных твораў. Але непарэднае пластычнае ўвасабленне не пайшло далей збітых ісцін. Атрымалася грымучая сумесь класічных балетных па, сучаснага танца і побытавых дэталяў кшталту газеты і бутэлькі ў руках Мужчыны, каструлі з чарпаком — у руках Жанчыны.

Тая ж сумнеўная эклектыка чулася ў музыцы. Лірычная тэма — эстраднага кшталту. Шэрая “масоўка” — на матыў “Паганага плясу Кашчэева царства” з балета “Жар-птушка” Стравінскага. А яшчэ “Балеро” Равэля — з тым жа працяглым “амаль” цытаваннем, што ніяк не спішаш на постмадэрнісцкія гульні. І колькі ні намагаўся беларускі кампазітар Алег Хадоска неяк “прыправіць” гэту бясконцую музычную кампіляцыю цікавай аркестроўкай, сімфанічным развіццём, поліфанічным правядзеннем тэм — усё марна.

Сцэнаграфія Вячаслава Окунева апелюе да постапакаліпсічных роздумаў, што непасрэдна звязана з новай ідэяй балета — нараджэння любові ў асяродку абязлічаных людзей-коканаў. Але яна — не для гэтай музыкі і ўжо зусім ніяк не да цяперашняй харэаграфіі.

Затое выканаўцы працавалі на ўсе сто! У гэтым сэнсе назва балета “Ор і Ора”, у якой адлюстраваны птушыныя мянушкі, можа лічыцца гульнёй слоў. Бо так і хочацца сказаць: аралі многа. Маючы на ўвазе зусім не сельскагаспадарчы працэс, а перыяд развучвання кожным сваёй партыі — што музычнай, што харэаграфічнай. Аркестр гучыць выразна. Андрэй Іваноў (а гэта першая пастаноўчая праца маладога дырыжора) добра размяркоўвае кульмінацыі, імкнецца да музычнасці фразіроўкі. Артысты балета намагаюцца хоць як ажывіць сваіх даволі хадульных, мёртванароджаных персанажаў. Вока адразу вылучае вытачана-вытанчаную фігурку грацыёзнай Яны Штангей (Ора). Рамантычнай узнёсласцю напоўнены рухі Такатошы Мачыяма (Ор), які часцей танцуе характарныя партыі.

Свае асацыяцыі звязаны і з рускамоўным варыянтам назвы, дзе слова “ор” выступае сінонімам крыку, піяру. Сапраўды, інфармацыйнай падтрымцы прэм’еры можна было пазайздросціць. Шквалу апладысментаў — таксама. У магутнай групе патрымкі, што прыехала з Расіі, былі прадстаўлены розныя слаі грамадства — ад журналістаў да святароў. Будзем спадзявацца, замацуецца і зваротны шлях — нашых артыстаў у Санкт-Пецярбург, хаця б на сцэну Канцэртнай залы “Калізей Арэна” на 700 месцаў, што падначалена Вячаславу Заранкову.

Так што да новага балета трэба ставіцца па-філасофску. Можа, мастацкія якасці не дазваляюць аднесці яго да маленькіх шэдэўраў і нават проста ўдалых спектакляў. Але ў тым, як ён ствараўся, ёсць цудоўная ідэя, што можа дапамагчы ўвасабленню іншых праектаў — і найперш, на маю думку, эксперыментальных, замежных і нацыянальных. Хай вяртаюцца традыцыі Прыватнай оперы Мамантава, пазней — Зіміна ў Маскве. І куды больш глыбокія падмуркі шматлікіх прыватных оперных тэатраў на тэрыторыі Беларусі ХVIII стагоддзя, дзе ставіліся, між іншым, не пакрытыя пылам гадоў, а найноўшыя еўрапейскія творы — і, натуральна, беларускія. Спадар Заранкоў пры жаданні мог бы зрабіць для нашага музычна-тэатральнага мастацтва не менш за “Белгазпрамбанк” для драмтэатра і выяўленчага мастацтва. І менавіта праз гэта ўвекавечыць сваё імя. Дык, можа, “Ор і Ора” сталіся прыступкай да гэтай высакароднай місіі?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"