Словы пра маэстра Артура Клінава

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Працягваючы на старонках “К” сваю серыю “сяброўскіх нарысаў”, мастак і літаратар Адам ГЛОБУС піша пра мастака і літаратара Артура Клінава.

/i/content/pi/cult/653/14496/klin2.jpg

Такім бачыць Артура Клінава Адам Глобус.

Праекты

Артур Клінаў рухаецца ад аднаго праекта да другога. Пачынаў ён з праекта “Карціны”. Пісаў адно палатно за другім, пакуль не напісаў карціну, якую не змог прадаць. За праектам “Карціны” пайшоў праект “Інсталяцыі”. За праектам “Інсталяцыі” з’явіўся “Часопіс”. У праекце “Часопіс” нарадзіўся праект “Раманы”. Паралельна з гэтымі праектамі ў Артура ідзе праект “Фота”. Дзіўна было б, каб Клінаў не паспрабаваў запусціцца з праектам “Кіно”. У Артура шмат праектаў, і, што цікава, большасць з іх паспяховая і прыбытковая. Не толькі ў Беларусі — у Германіі, у Польшчы, у Францыі і ў Расіі.

Апошнім часам Артур шмат займаецца праектам “Лецішча”, і нават ён пачаў прыносіць прыбыткі, бо на лецішчы ў Клінава пачалі ладзіцца творчыя сустрэчы, фестывалі і семінары. Мяне заўсёды дзівіла здольнасць Артура своечасова спыняць непрыбытковы праект, у гэтым ягоны талент праяўляецца найбольш яскрава.

Альбомчык

Я з жонкай выходзіў з універсама “Цэнтральны”, калі нас пераняў Артур Клінаў з фотаапаратам напагатоў. “Вырашыў сфатаграфаваць усіх найлепшых мастакоў у Беларусі!” — патлумачыў ён свой намер. “Нас будзеш разам фатаграфаваць ці паасобку?” — “Вас? Разам!” Праз які месяц ці два Артур паказаў невялічкі альбомчык, у такія альбомчыкі акуратныя дзяўчаткі збіралі партрэты сваіх сябровак, віншавальныя паштовачкі з ружамі і вясельныя здымкі знаёмых. У Артура альбомчык быў шчыльна наладаваны тварамі і постацямі сучасных мінскіх мастакоў. Там была Люда Русава, быў Вова Цэслер, былі браты Кашкурэвічы... Пагартаўшы альбом, я сказаў, што Артур назбіраў найлепшых прадстаўнікоў альтэрнатыўнага мастацтва. “Іншага мастацтва і не бывае!” — сказаў тады Клінаў. Пярэчыць я не стаў.

Валянціна Цюленева

Я пазнаёміўся з ёю, калі паспрабаваў набыць першы нумар часопіса Клінава. “Я прадаю часопіс толькі ў харошыя рукі!” — чую ад яе. “Скажыце рэдактару — Артуру Клінаву, што ягоны першы часопіс набыў Адам Глобус!” — “Добра, я так яму і перадам!” Праз тыдзень, на прэзентацыі часопіса, я даведаўся, што распаўсюдніца нашых меркаванняў пра сучаснае мастацтва — маці Артура. Яна была апранута па-святочнаму і выглядала вельмі шчаслівай, яна радавалася за поспех сына. І я павіншаваў яе з поспехам, і мы перазнаёміліся яшчэ раз.

Потым яе не стала. Яшчэ тыдзень таму, позна ўвечары я бег па вакзальным падземным пераходзе, а яна стаяла з сынавым часопісам і ўсміхалася мне. Я спяшаўся, як і ўсе спяшаюцца, ідучы праз вакзал. Не ведаў, што менавіта такою будзе апошняя сустрэча са спадарыняй Валянцінаю. Каб можна было вярнуцца… Нельга. Свет незваротны.

Бясплотны дух

Авангардыст Артур Клінаў атрымаў развод, у судзе ён скасаваў свой шлюб. Разводзіцца Артур задумаў на ўласным вяселлі, але больш за пятнаццаць гадоў ішоў да рэалізацыі задуманага. Здзейснілася мара: Артур зноўку стаў вольным мужчынам, які шукае роднасную мастакоўскую душу для сумеснага пражывання. Патрабаванняў да душы ў Артура даволі многа. Душа мусіць любіць ці палюбіць наш Мінск — горад сонца, яна абавязана шанаваць сучаснае мастацтва і найноўшую літаратуру, душа павінна разумець авангардыста Артура Клінава. Цікава тое, што сексуальных патрабаванняў Артур не высунуў. Таму душа можа быць у якім заўгодна целе — або нават увогуле без яго.

Шчучынскі харор

Беларусы робяць сто першую спробу зняць сваё кіно. Калі ўлічыць, што ўсе папярэднія праваліліся з ціхім трэскам, здаецца, ніякіх надзей атрымаць добры фільм няма. Таму і здымуць фільм жахаў на Шчучыншчыне. Аўтарам ідэі сцэнарыя запрасілі асобу паважаную і вядомую — Мэрымэ Праспэра. Сюжэт пра чалавека-мядзведзя таксама ўсе ведаюць. А вось Шчучын у вялікім свеце мала хто бачыў. Шчучын нават у Беларусі месца не з самых папулярных. Так што шчучынскі харор (па-нашаму — жудасць) мае права на фільмаванне.

Найбольшае ўражанне на рэжысёра Кудзіненку і мастака Клінава зрабіў начны шчучынскі бар. Там сядзелі бландзіны з блакітнымі вачыма і спявалі беларускія песні. “Уяўляеш? Усе бландзіны. Усе з блакітнымі вачыма, і ўсе спяваюць песні па-беларуску!” — тройчы паўтарыў Артур Клінаў. Харор! Шчучынскі харор! Сапраўды, жудасць. Калі каго і баяцца ў свеце, дык гэта бландзіна з блакітнымі вачыма, які ўночы запальвае агонь і пачынае спяваць сваё.

Эталоны мінулага

Чытанне “Шклатары” Клінава прымусіла мяне перачытаць “Шклатару” Алеся Асташонка. Перачытваючы найлепшае апавяданне Асташонка, я падумаў, што літаратура трымаецца менавіта на перачытваннях, а не на простых чытаннях. Калі ў нашай літаратуры ёсць творы не толькі для займальнага прачытання, а назапасіліся тэксты, вартыя шматразовага перачытвання, значыць, беларуская літаратура адчувае сябе нармальна. Скажу шчыра, “Шклатара” Клінава, як і “Шклатара” Асташонка, вельмі далёкія ад маёй любімай шклатары Азенфана і Ле Карбюзье, якія пісалі на палотнах нацюрморты з бутэлькамі і стварылі эталонны стыль — пурызм. У іх карцінах чыстыя і празрыстыя слоікі, шклянкі ды бутэлькі выстройваліся ў геаметрыю ідэальных архітэктурных пабудоў. Менавіта чысціні і выбудаванай саборнасці няма ў “Шклатарах” Асташонка і Клінава. А я чамусьці шукаў у тэкстах менавіта пустату, загорнутую ў празрыстасць, якая ёсць нават у самай звычайнай бутэльцы.

Мутант

Каб надмагільную пліту ўпрыгожваў любімы твор нябожчыка, дык на помніку раманісту Артуру Клінаву (хай Артур пражыве сто дваццаць гадоў!) мусіў бы з’явіцца “Мутант” жывапісца Лёшы Жданава.

Параза

Адны мастакі лёгка перажываюць паразу, другім цяжка даецца пройгрыш. Артур належыць да тых, хто верыць у сваю зорку, верыць ва ўласны талент, не сумняваецца ў якасці сваіх твораў, а таму цяжка пераносіць любы, нават самы дробны пройгрыш. Ну не далі табе прыз, ну не атрымаў ты сабачага медаля ці прэміі — скажы сабе: “Не вельмі я і спадзяваўся на ваш густ, прэміядаўцы!” Скажы паўтара-тры разы і супакойся.

Артур Клінаў так не можа. Ён доўга рыхтуецца да спаборніцтваў. Аддае на барацьбу шмат сілаў. Да змагання на сваім баку набірае шмат рэкрутаў. Таму, атрымаўшы паразу, моцна маркоціцца. Можа некалькі дзён запар злоўжываць. Абурэнні цякуць з Артура, як тая лава з вулканічнага кратара. Напоі і час паціху залізваюць душэўную рану ад паразы. Клінаў супакойваецца і пачынае актыўную падрыхтоўку да новых спаборніцтваў і змаганняў.

Паплечнікі

Артур заўсёды меў шмат паплечнікаў, якім давяраў. Па пытаннях з беларускай мовай ён звяртаўся да Змітра Саўкі. Пра перформансы разважаў з Людай Русавай і Ігарам Кашкурэвічам. Пра колер і жывапіс гутарыў з Сяргеем Кірушчанкам і Ігарам Цішыным. Планы на здымкі кіно выбудоўваў з Андрэем Кудзіненкам. У паэзіі высока ставіў меркаванне Лёшы Жданава. У філасофіі — Валянціна Акудовіча. У літаратуры — Бабкова і Дубаўца. Мастацкі радыкалізм Артур цаніў у паводзінах Віталіка Ражкова і Гены Хацкевіча. Майстэрства, аптымізм і гумар для Клінава найперш нітуюцца з прозвішчамі “Цэслер” і “Вашкевіч”. Экспрэсія для яго ўвасабляецца ў творах Уладзіміра Акулава і Валодзі Лапо. Усіх гэтых людзей Артур не толькі любіць і паважае, ён прапагандуе іх творы, друкуе іх кнігі і альбомы, ладзіць іх выставы, робіць ім публікацыі.

Паўторы

Для літаратараў, журналістаў і чытачоў злачынца цікавы толькі ў тым выпадку, калі ён серыйны. Раз — не Фантамас! Адно злачынства можа быць выпадковым, на гэтым будуць настойваць адвакаты і праваабаронцы, а вось з серыямі злачынстваў іншая справа. Серыі больш уражваюць і больш пераконваюць. Таму, пабачыўшы палатно Артура Клінава, якое метафарычна адлюстроўвала тэму смерці, я параіў яму неадкладна напісаць працяг. Артуру не трэба два разы паўтараць разумную прапанову. Ён хапае разумныя прапановы адразу. Таму ў хуткім часе гледачоў радавала “Смерць-2”, якая і фарматам была большая і колерамі ярчэйшая.

Серыйнасць у творчасці Артура вельмі важная рэч. Ён любіць паўторы. Ён зрабіў шмат кампазіцый з вёдрамі, з чамаданамі, з вываркамі, са шпакоўнямі і з катафалкамі. Найбольш вядомай у Клінава атрымалася серыя саламяных рэчаў. Як у свой час Мерэт Апенгейм зрабіла кубачак для кавы з футра, так Артур Клінаў зрабіў тэлевізар з саломы. Саламяны тэлевізар мяне ўразіў, і я прапанаваў Артуру зрабіць саламяную Таемную вячэру. Артур выляпіў з саломы Хрыста і ягоных вучняў. Думаю, што Леанарда, якому ў той час спаўнялася 500 гадоў з дня нараджэння, залатая саламяная беларуская Таемная вячэра таксама парадавала.

Адам ГЛОБУС