Музыкалка алімпійскага рэзерву

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Калі знаёмыя ганарліва распавядаюць, што адвялі дзіця ў музычную школу, я ўнутрана здрыгваюся. Памяць па-здрадніцку падкідвае абрыс стомленай піяністкі, вымушанай штотыднёва па раскладзе выслухоўваць, як яе вучні здзекуюцца з інструмента. Кожны ўрок настаўніца непрыхавана пакутуе, а вучні затоена прызываюць усе маланкі свету на гэтае абрыдлае за сем гадоў фартэпіяна… Сёлета наведвала сяброўку ў Германіі і на свае вочы пабачыла: усё ж такі ад музычнай школы можна атрымліваць задавальненне.

Мне ў дзяцінстве проста не пашанцавала. Мая настаўніца была віяланчэлісткай, таму “нагрузка” піяністамі ды небаракамі-харэографамі, для якіх тое фартэпіяна было дадатковым прадметам, радасці не прыносіла. З году ў год я цягала на заняткі адзін і той жа безаблічны нотны зборнік, усаджвалася пад тужлівым позіркам ля інструмента і на працягу доўгіх дзясяткаў хвілін спінай адчувала, як нудзіцца мой педагог. Адвечныя эцюды, санаты ды санаціны хутка перасталі выклікаць душэўнае трымценне, рукі ж скоўвала разуменне, што адным сваім з’яўленнем я адрываю настаўніцу ад тых гіпатэтычных анёлаў, у якіх вочы загараюцца ўжо ў той момант, як з-за дрэваў паказваецца будынак ДШМ. Я ж ледзьве ногі перастаўляла, ідучы туды, аднак збочыць не дазваляла сумленне, а кінуць тыя пакуты забараняла адукацыйная праграма.

У апошні год навучання мне нечакана змянілі педагога, і новаму ўдалося крыху адагрэць мае моцна замарожаныя пачуцці да інструмента. З горам напалам здала выпускны экзамен і больш ніводнага разу не падышла да піяніна. За самотных сем гадоў памяць рук не захавала нават “Сабачага вальса”. Хутка жыццё сутыкнула мяне ўжо з музычнай школай: туды раз-пораз вадзіла на заняткі сваю кузіну. Ізноў пабачыла тугу ў вачах дзяцей, што пераміналіся пад кабінетамі з адчуваннем непазбежнасці іспыту музыкай. Хутка кузіна пачала гаварыць бацькам, што адзіны лішні прадмет у яе пакоі — занудлівае фартэпіяна.

Памятаю, што без прымусу не вырасла ніводнага вялікага музыканта. Але колькі ў працэнтных суадносінах навучэнцаў ДМШ, ДШМ, музычных аддзяленняў пры сярэдніх навучальных установах абіраюць музыку сваёй прафесіяй? Чаму ў нашай адукацыйнай сістэме да ўсіх дзяцей зазвычай ставяцца так, быццам яны прыйшлі ў школу алімпійскага рэзерву, дзе галоўнае — п’едэстал, а тых, хто такога выніку не дасягае, трэба паадсейваць? Можа, больш эфектыўна было б вымуштроўваць толькі тыя адзінкі, якім наканавана штурмаваць конкурсы ды прыёмныя камісіі? А астатнім сотням дзетак, якія вырашылі спрычыніцца да музыкі, можна ж дазволіць атрымліваць асалоду ад нотнага чараўніцтва. У такім выпадку ахвотных узяць у рукі інструмент адразу пабольшае. Маё знаёмства з нямецкай музычнай школай таму пацвярджэнне.

Сёлета давялося ў дзесяцітысячным нямецкім гарадку павесці сына сяброўкі на заняткі ў музычную школу. У немцаў валоданне інструментам уваходзіць у мінімальны набор уменняў любога добра выхаванага дзіцяці. Хобі нятаннае: кожны занятак каштуе 20 еўра, не прыйшоў на ўрок без паважлівай прычыны — будзь ласкавы ўсё роўна заплаціць. Але дзеці ляцяць у школу не з-за магчымых штрафаў: ім сапраўды падабаецца!

Школьны будынак агортвае ўтульнасцю і хатняй атмасферай: на двары пясочніца і невялічкі спартыўны комплекс, унутры ходзяць без абутку, бацькам дазваляюць бавіць час на кухні. Там я заспела дырэктара ўстановы за складаннем працоўных раскладаў, але гэтыя абставіны не перашкодзілі ёй спакойна пагутарыць са мной пра майго падапечнага.

У гэты час выйшла з кабінета сустракаць майго скрыпача-пачаткоўца яго настаўніца. Яна шчыра радавалася сустрэчы з хлопчыкам, падарыла і мне колькі прыемных словаў пра яго, потым на працягу трыццаці хвілінаў з-за дзярэй даносіўся расповед пра каўбоя, пра якога вучню неабходна сыграць на скрыпцы, гукі сумеснага музіцыравання, задаволены рогат абодвух. Урок скончыўся салодкім падарункам вучню. Настаўніца вывела квітнеючага хлопчыка да мяне і распавяла пра яго поспехі, добра разумеючы, што я не ягоная маці. Ці дзіва, што хлапчына не ўяўляе сабе жыцця без скрыпкі?!

Нюансаў у нямецкай сістэме таксама хапае. Мне падалося дзіўным, што ў тамтэйшай адукацыйнай праграме я не пабачыла сальфеджыа, хору ці іншага дадатковага прадмету, а ў раскладзе для дзяцей першых гадоў навучання ўрокі пастаўлены толькі раз на тыдзень. Аднак іх вучоба прасякнутая душэўнасцю, галоўная мэта — задавальненне ад самога працэсу авалодвання музычнымі ведамі. Розніца ў падыходах відавочная. Як і тое, чые дзеці будуць вяртацца да інструмента нават пасля заканчэння навучання.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"