Слова пра мову. Яшчэ адно. Не апошняе

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Я цяпер нават не журналістам сябе пачуваю, а настаўнікам (па дыпломе і сямігадовай працы ў сталічнай СШ № 209). Пачуваю настаўнікам роднай мовы і літаратуры не ў старэйшых класах, а ў пачатковых, бо гаворка — пра рэчы элементарныя і зразумелыя, калі не ўсім, дык многім. Мы — беларускі народ, які збольшага размаўляе па-руску. Чаму так здарылася, даўно і ёміста патлумачылі іншыя. Як з сітуацыі выходзіць? Трэба вучыцца калі не любіць, дык паважаць тое, што засталося ад Скарыны і Каліноўскага, Купалы і Багдановіча, Чорнага, Танка і Брыля... Яны не ўмелі хлусіць, і я ім веру. Дык як навучыцца паважаць сваю мову? Пра гэта — і гаворка.

Родная мова — рэч самадастатковая. Яна, стомленая векавымі “ўдасканаленнямі”, цяпер сама выбірае, каму падабацца, а каму — не. У гэтым — гарантыя яе вечнасці. Нават калі сыдзе з гэтага жыцця апошні носьбіт — застануцца кнігі. Будзем спадзявацца, што такой “кансервацыі” мы ўсё ж пазбегнем. Зразумела адно: калі нацыя не карыстаецца мовай, яна — проста народ. (Які збольшага гаворыць па-руску.) Вельмі складана казаць у такіх умовах пра нацыянальную бяспеку. Ідэалагічны хіб — відавочны.

У кожнага — свой шлях да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. І гэта кепска. Плойму сённяшніх беларускамоўных пісьменнікаў (Віктар Шніп, Андрэй Федарэнка, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін…) зрабіла вясковая беларускамоўная школа. Мне не пашчасціла: маю беларускую школу ў Ветцы, калі я сабраўся ісці ў першы клас (другая палова 1960-х), акурат зрабілі рускай. Добра памятаю, як да маці — выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры — прыйшла яе каляжанка цётка Ніна і горка плакала з той нагоды, што матэматыку прыйдзецца выкладаць па-руску, а яна тэрміны кепска ведае. Нават беларуская мова выкладалася па-руску. Маці адмовілася стаць настаўніцай у маім класе па маральных меркаваннях. Яна, прынцыповая, вучыла мяне дома. Таму вырасла тое, што вырасла. Я з маленства ведаў пра рэпрэсіі, пра тое, што ці не ўся беларуская інтэлігенцыя была вынішчана ў часы сталінскага царавання, што мова наша — не горшая за іншыя, проста яна свая, адзіная. Гэтыя веды пастараўся перадаць і сваім сынам. Малодшы расказваў днямі, што ў іх на фірме стыхійна быў абвешчаны дзень беларускай мовы. Хтосьці чытаў вершы, хтосьці згадваў біяграфію Янкі Брыля, а хтосьці аналізаваў творчасць Рыгора Барадуліна. Мой (веру!) таксама з годнасцю вытрымаў імправізаваны іспыт. Значыць, можам, калі захочам. Толькі не заміналі б.

Інакш кажучы, формула паяднання з мовай простая: сям’я, школа, аблашчаныя дзяржаўнай увагай. Няпростым застаецца пакуль яе рашэнне. Адзін са складнікаў (а то і пара запар) пастаянна выпадае. Як, зрэшты, і ў гэтым ланцужку: беларускамоўныя садок — школка — універсітэт. Калі штосьці сістэмна і робіцца, дык толькі на голым энтузіязме. Не, працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі стрымаць нельга. Але часавы фактар у кожнай краіны тут — розны. У нас, нягледзячы на вышыванкі і курсы “Мова нанова”, гэты працэс пакуль нагадвае застарэлы аселы снежны покрыў, які толькі падумвае пераўтварыцца ў імклівую лавіну.

Таму і моўныя памылкі вакол нас — ці не абавязковыя. Маўляў, рускую мы ведаем добра, а сваю родную — ну ніяк. З вучнёўскага сшытка памылкі арганічна і ўпэўнена перакачоўваюць у пашпарты, афіцыйныя абвесткі, шыльды, у рэкламу. І мы, як пачаткоўцы, няведанне правапісу свайго прозвішча па-беларуску апраўдваем па-дзіцячаму: “А так у пашпарце запісана”. Вядома, што пашпарт запаўняла пашпартыстка, у якой нашу мову выкладалі па-руску. Дык ці паважаем мы сябе і сваю спадчыну? За мяжой сітуацыя вырашаецца ў межах бескампраміснага заканадаўства. Любая памылка адсочваецца, так бы мовіць, моўнай паліцыяй і абкладаецца немалым штрафам. Быць непісьменным нявыгадна.

“К” час ад часу піша пра шматлікія выпадкі няправільнага, мякка кажучы, ужывання нашай мовы на шыльдах, таблічках, рэкламных шчытах. Сітуацыя ў станоўчы бок не мяняецца. Як вісела шмат гадоў у суседнім двары шыльдачка з назвай вуліцы “Рафіява”, так і вісіць. Грубая памылка на правіла “пераход “е” ў “я” ў першым складзе перад націскам”. А ў нашым канкрэтным выпадку мы маем першы склад пасля націску, таму ніякіх пераходаў “е” ў “я”! І пісаць трэба “вуліца Рафіева”. Ужо класічнай стала лексічная памылка ад Магілёўскага лясгаса на прыдарожных білбордах: “Кахайце наш беларускі лес”. Кахаць можна жонку, а Радзіму, маму, лес — толькі любіць. Процьма памылак звязана з тым, што ігнаруецца абавязковае ўжыванне ў роднай мове “ё”, а не “е”, “ў”, а не “у”. І мы ў большасці не зважаем на гэта ніякай увагі. Маўляў, так і трэба, маўляў, сыдзе і так. Беларускаму кнігадрукаванню — 500 гадоў. А мы па-ранейшаму застаемся непісьменнымі.

Раней у рэдакцыю часцяком тэлефанавалі чыноўнікі самых розных гарадскіх інстанцый, цікавіліся, як правільна напісаць тыя ці іншыя тэкст, слова, сказ. Мы з ахвотай і бясплатна дапамагалі. Шматлікімі былі такія тэлефанаванні (ведаю дакладна!) і навукоўцам-мовазнаўцам. Цяпер тэлефоны маўчаць.

Калі ў сям’і гавораць па-беларуску, гэта, па маім меркаванні, толькі палова поспеху. Другую трэба шукаць у школьных метадычных кабінетах. Школьныя навучальныя праграмы па мове і літаратуры — гаворка асобная, доўгая і не вельмі прыемная.

Ці заплача ў бліжэйшы час маладая настаўніца матэматыкі з-за таго, што неўзабаве выкладанне пяройдзе на беларускую мову, а яна, настаўніца, не ведае беларускай матэматычнай тэрміналогіі?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"