Лічбы пакуль не радуюць

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

На які заробак можа разлічваць культработнік?
Вакантнае месца, як вядома, доўга пуставаць не будзе. У тым ліку — і ў сферы культуры Беларусі. Шматлікім айчынным музеям, бібліятэкам, клубам час ад часу патрабуюцца новыя супрацоўнікі, пра што і паведамляецца як у рэспубліканскіх базах вакансій, службах занятасці, так і ў абвестках на інтэрнэт-старонках саміх устаноў культуры. “К” вырашыла “прайсціся” па гэтых адрасах і паглядзець, колькі ж сёння гатовы плаціць у Мінску і па-за межамі МКАД супрацоўнікам сферы культуры. Аказалася, што не так многа, як хацелася б.

“Абрэзаная” прэмія

Грашовае дрэва, якое так і не адшукаў Бураціна, наўрад ці сёння можна знайсці і спецыяліст у сферы культуры Беларусі. Бо што ні кажы, а заробкі, якія цяпер прапануюцца бібліятэкарам, дырэктарам клубаў ці музейшчыкам, далёкія ад сярэдніх па краіне. Для тых, хто не зусім у тэме, патлумачу: паводле афіцыйных звестак, намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў чэрвені склаў 819,3 рубля. А супрацоўнікі бібліятэк, архіваў і музеяў ды іншых устаноў галіны атрымалі ў тым жа месяцы толькі 452,6 рубля.

Вось толькі некалькі даволі гаваркіх лічбаў і фактаў, якія змяшчаюцца ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій: у Рэчыцкім раёне з канца ліпеня шукалі дырэктара Холмецкага цэнтра культуры і рамёстваў на заробак у 320 рублёў, а ў Бярэзінскім раёне Міншчыны прапаноўвалі кандыдату, які мог бы ўзначаліць Пагосцкі СДК, 265 рублёў.

Прыкладна такія ж заробкі, па словах дырэктара Плябанаўскага дома культуры Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці Аляксандра Бабіна, прапануюцца культработнікам і ў яго рэгіёне.

— Скажам, згодна з базай сайта vaukavysk.regiony.by, на сёння ў раёне патрэбны рэжысёр (на заробак у 320 рублёў), хормайстар, культарганізатар, акампаніятар (усе — на заробак у 280 рублёў) на працу ў Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, — адзначыў кіраўнік сельскага клуба. — Думаю, што ў іншых раёнах Беларусі супрацоўнікі сферы культуры атрымліваюць столькі ж, бо заробак у нашай сферы не можа быць большым.

Акрамя таго, кіраўнік сельскага клуба закрануў у размове і іншыя аспекты пытання з заробкамі.

— Трэба ўлічваць і той факт, што ў нашым раёне цяпер адзначана невыкананне плана пазабюджэтных даходаў, адпаведна, у многіх клубных работнікаў абразаюцца надбаўкі да заробкаў, — кажа Аляксандр Бабін. — Напрыклад, за 6 месяцаў бягучага года мой клуб зарабіў 14 тысяч 400 рублёў, усе астатнія сельскія клубы — 6 тысяч рублёў (агульная лічба — 20 400 рублёў), а трэба было, паводле даведзеных планавых паказчыкаў, зарабіць 25 тысяч рублёў на ўсіх. Адпаведна цяпер клубнікаў пакінулі без даплат, у тым ліку — і тых, хто працуе ў маім клубе, хоць свой даведзены план мы выканалі і нават перавыканалі.

Так што, як бачна, не заўсёды супрацоўнікі сферы культуры маюць і тыя заробкі, якія агаворваюцца падчас найму на працу. Шмат што залежыць ад выканання плана, паспяховай (ці не вельмі) працы калег і многіх іншых фактараў. Адпавядаць кожнаму з даведзеных параметраў бывае і складана, і часам проста немагчыма, бо шмат тут залежыць не ад цябе. Такая ж сітуацыя назіраецца не толькі ў культуры, але і ў іншых сферах эканомікі, бо, як вядома, адзін у полі не воін. Хоць, натуральна, пад адзін грэбень прычэсваць усіх таксама не варта.

/i/content/pi/cult/653/14492/13kultura5 copy.jpg

Што музейшчык, што бібліятэкар

Дарэчы, словы Аляксандра Бабіна пра даволі сціплыя заробкі культработнікаў пацвердзілі і іншыя мае суразмоўцы. Напрыклад, як адзначыла мне дырэктар Музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці Марыя Астаповіч, у яе ўстанове на сёння ёсць вакансія наглядчыка музея.

— Заробак у месяц складае 280 рублёў з усімі надбаўкамі, — кажа візаві. — З дадатковых “плюсаў” адзначу, што для будучага супрацоўніка мы можам прадаставіць месца ў інтэрнаце.

Такія ж, на жаль, не надта вялікія заробкі прапануюць і работнікам сферы культуры на Міншчыне. Напрыклад, па словах дырэктара Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Алены Капыток, заробак у бібліятэкараў усюды аднолькавы.

— На сёння гэта прыкладна 265 рублёў, — распавяла Алена Сяргееўна. — Тым, хто працуе ў сельскай мясцовасці, а таксама маладым спецыялістам прадугледжаны даплаты да гэтай сумы. Да таго ж, важны стаж работы і адукацыя супрацоўніка: ад гэтага таксама заробак можа крыху павялічыцца.

У бібліятэцы магчымы і некаторыя матэрыяльныя стымулы для супрацоўнікаў. Па-першае, заключэнне доўгатэрміновага кантракта (што дае невялікі дадатак да акладу) і, па-другое, пяць дадатковых дзён да адпачынку.

— У нашым калектыўным дагаворы прапісаны як сістэма сацыяльных адпачынкаў, так і сістэма прэміравання, — кажа суразмоўца. — А вось з жыллём сёння, на жаль, складана. Скажам, у вёсцы не так ахвотна здаюць пакоі ці хаты нашым спецыялістам, як раней. У горадзе праблем з жыллём крыху меней — імкнемся вырашыць гэтае пытанне праз інтэрнаты. Але большасць нашых супрацоўнікаў жыве або з бацькамі, або сваімі сем’ямі.

Як дадала Алена Капыток, адкрытых вакансій у яе бібліятэцы цяпер няма. Сёлета ва ўстанову культуры прыйшлі маладыя спецыялісты, яны замянілі калег, якія сышлі на пенсію. Вырашаецца пытанне з вакансіяй экскурсавода ў аддзел галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Дарэчы, пра адсутнасць вольных вакансій казалі мне і ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

— Праўда, сёлета мы ўзялі па замове двух гісторыкаў з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, — адзначыла дырэктар установы Тамара Джумантаева. — 5 нашых навуковых супрацоўнікаў сёння знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе за дзецьмі, а на іх месцах працуюць часова ўладкаваныя спецыялісты.

Што да заробкаў, дык, па словах візаві, стаўка ў музеі-запаведніку даволі малая.

— У сярэднім за ліпень заробак па ўстанове склаў 530 рублёў, — кажа Тамара Джумантаева. — З дадатковых стымулаў магу адзначыць магчымасць арэнды жылля (свайго ў нас няма), а таксама падвышэнне кваліфікацыі спецыялістаў за кошт установы.

Дадам, што агучаны дырэктарам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка заробак, калі параўнаць з ранейшымі лічбамі, якія маюць у сваіх разліковых аркушах іншыя мае суразмоўцы, усё ж такі настройвае больш на аптымістычны, чым песімістычны лад. Хаця і ў гэтым выпадку да сярэднестатыстычных 800 рублёў таксама не так ужо і блізка.

А што ў сталіцы?

Цікава, што сталічныя супрацоўнікі сферы культуры таксама не надта шыкуюць на сваіх пасадах. Скажам, паводле партала Rabota.tut.by на пачатак жніўня ў Мінску патрабаваліся супрацоўнікі як у бібліятэкі, так і ў музеі менавіта з невялікімі заробкамі.

Напрыклад, Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь патрабуецца навуковы супрацоўнік. Аплата, якую абяцаюць ва ўстанове, не надта адрозніваецца ад той, што прапаноўваюць у раёнах Беларусі: усяго толькі ад 250 рублёў “на рукі”, гэта значыць чыстымі. Вопыт працы не патрабуецца, а ў абавязкі будучага супрацоўніка ўваходзіць правядзенне экскурсій у музеі і школах, а таксама напісанне артыкулаў у СМІ, навуковых паведамленняў, лекцый па тэматыцы музея.

Дзіцячая сталічная бібліятэка № 6 імя В.Віткі, што на вуліцы Карла Лібкнехта, 98, абяцае будучаму супрацоўніку-бібліятэкару ад 300 рублёў “на рукі”. Ад прэтэндэнта патрэбны вопыт працы (ад 1 да 3 гадоў), камунікабільнасць і ўменне ладзіць масавыя мерапрыемствы.

І ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі заробкі не нашмат вышэйшыя. Галоўная “кніжніца” краіны шукае рэдактара інтэрнэт-партала і можа прапанаваць не больш за 450 — 550 рублёў “бруднымі” (гэта значыць да вылічэння падаткаў) за месячную працу. У якасці бонусаў — суміраваны графік работы, які ў некаторых выпадках можа вар’іравацца, а таксама поўны сацпакет і бясплатнае карыстанне абанементам Нацыяналкі. Праўда, замовіць любыя ўпадабаныя кнігі на месяц-другі можна толькі пасля праходжання трохмесячнага выпрабавальнага тэрміну.

Так што, як бачна, і ў сталіцы заробкі ў бібліятэкараў не такія ўжо і вялікія. Праўда, згодна з нядаўняй спецыяльнай Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь № 40 супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі і Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі са жніўня бягучага года паднялі аклады ў сярэднім на 50 % і 30 % адпаведна. Так што заробкі ў гэтых дзвюх установах падвысяцца. Можа, з цягам часу гэта закране і іншых сталічных культработнікаў?

У тым жа банку вакансій я знайшоў шмат прапаноў ад прыватных арганізацый, якія зазываюць да сябе на працу супрацоўнікаў сферы культуры. Вось, напрыклад, КФХ “Панскі маёнтак” шукае аніматара-экскурсавода ды артыста-аніматара, якія маглі б ладзіць экскурсіі ды ўдзельнічаць у мерапрыемствах “Парка-музея інтэрактыўнай гісторыі Сула” ды сядзібе-музеі роду Ленскіх. Заробак, які абяцае прыватнік, — 500 — 600 рублёў “на рукі”, транспартныя выдаткі аплочваюцца працадаўцам (музей знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Дзяржынска і за 50 кіламетраў ад Мінска).

Як бачна, прыватныя арганізацыі культработнікаў цэняць і гатовы плаціць ім нашмат больш, чым у дзяржаўных структурах. Можа, гэтая барацьба за месца пад сонцам і за высокакваліфікаваныя кадры паўплывае і на заробкі ў дзяржаўных установах культуры? Хацелася б верыць. У адваротным выпадку вынік прадказаць не цяжка: таленавітыя і крэатыўныя супрацоўнікі пачнуць сыходзіць да прыватніка. Але ж будзем аптымістамі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"