Музейная кантрабанда

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

Папярэдняя мая калонка выклікала дыскусію: у чым галоўная функцыя музейшчыка? Дбайна зберагаць факты і артэфакты? Альбо рабіць акцэнт на іх папулярызацыі — і, у рэшце рэшт, проста быць запатрабаванымі?

І тут узнікае тонкая дыялектыка. З аднаго боку, да музея нельга ставіцца выключна з прагматычнага гледзішча, звужаць яго ролю толькі да “абслугоўвання насельніцтва”, а эфектыўнасць вымяраць прададзенымі квіточкамі. Як вядома, гэтых місій шмат, і адна з найважнейшых — выступаць у ролі медыятара паміж пакаленнямі, знаходзячыся як бы трошачкі па-над часам. Бо тое, што не надта запатрабавана сёння, можа раптам вельмі спатрэбіцца нашым нашчадкам. Гісторыя нас гэтаму навучыла: адмовіўшыся ў савецкі час ад “не нашых” партрэтаў Радзівілаў, карцін Шагала ды іншых скарбаў, мы цяпер кусаем локці.

Але, з другога боку, — калі музей існуе, значыць, ён камусьці, усё ж, павінен быць патрэбным. У сэнсе, камусьці з сучаснікаў.

Музеі, прысвечаныя асобам першай велічыні, апрыёры знаходзяцца ў прывілеяваным становішчы — яны наўрад ці рызыкуюць застацца без наведвальнікаў. “У госці” да Коласа, Шагала альбо Міцкевіча нехта прыйдзе заўсёды. Іншая справа — з тымі кантэкстамі, якія сучаснікамі пакуль належна і адэкватна не асэнсаваныя. Напрыклад, сацрэалістычнае мастацтва, яркім прадстаўніком якога з’яўляўся Заір Азгур. Многія яшчэ не разумеюць, як належыць да яго ставіцца, і таму альбо проста не цікавяцца, альбо і наогул асуджаюць разам з усёй эпохай.

Што рабіць музейшыкам у такім выпадку? Скласці рукі і абмяжоўвацца выціраннем пылу на стэлажах? Ці вынаходзіць нестандартныя спосабы зацягнуць да сябе аўдыторыю, упіхнуўшы ёй уласны кантэкст своеасаблівай кантрабандай?

Не так даўно давялося пабываць на бадай самай нетыповай на маім веку музейнай імпрэзе. У былой майстэрні Заіра Ісакавіча, сярод соцень ягоных твораў (ну, вы ж уяўляеце, каго ён пераважна ляпіў!), цэлую ноч святкавалі дзень нараджэння лідара культавага гурта Joy Division Яна Кэртыса. Магу паспрачацца, што большасць прысутных ніколі б не апынуліся ў гэтым музеі (наўзбоч ад цэнтральных вуліц) у якасці звычайных наведвальнікаў.

— Я тут упершыню, клёвае месца! — дзеліцца ўражаннямі хлопец, які падышоў да мяне стральнуць цыгарэтку. — Нават не даеш веры, пабачыўшы такое ў дзяржустанове! Увогуле, выдатна, што ў Мінску цяпер такі магутны рух, што моладзі ёсць куды пайсці. Нават ужо і ў візе няма патрэбы!

Стратэгія, абраная кіраўніцтвам музея Азгура, дакладная і прадуманая. Праводзячы зусім надпаведныя, здавалася б, сваёй тэматыцы імпрэзы, яны завабліваюць патэнцыйна зацікаўленых наведвальнікаў. А тыя хоцькі-няхоцькі знаёмяцца і з самой экспазіцыяй — ненавязліва, нібы ў даважак. Прычым яна ні ў кога не выклікае адпрэчвання — нягледзячы на стаўленне многіх да ідэйнага кантэксту саміх твораў.

Апошнія пару гадоў падобнага прынцыпу прытрымліваецца і музей Петруся Броўкі. І таксама паспяхова — хаця яшчэ параўнальна нядаўна нават гучалі прапановы яго зачыніць па прычыне незапатрабаванасці.

Зрэшты, у гэтай стратэгіі не было б нічога надзвычайнага, калі б не яе выкшталцонасць у дэталях. Адна справа — зрабіць у музеі рэвалюцыйнай тэматыкі, скажам, камерцыйную выставу матылькоў, а зусім іншая — прапаноўваць арыгінальны і якасны культурны прадукт. Апошняе — шматкроць больш складана і рызыкоўна. Вядома, музею неабходна рухацца, але вельмі важна, каб гэта быў не рух уніз — да спрашчэння і паніжэння планкі. Убок — можна, аднак галоўнае вытрымліваць узровень.

Як падаецца, савецкага скульптара і постпанкавага паэта (пры ўсёй іх відавочнай непадобнасці) лучыць, прынамсі, адно: грунтоўнае, бадай філасафічнае стаўленне да свету і свайго ў яго ўнёску. Пачытаўшы тэксты абодвух культавых персон, разумееш, што, напэўна, Азгур і Кэртыс знайшлі б агульныя тэмы для гутаркі.