Яблык з бабулінага саду

№ 34 (1317) 26.08.2017 - 01.09.2017 г

19 жніўня на Чэрвенскім рынку прайшло святкаванне Чэрвенца (інакш кажучы, Яблычнага Спасу ці, паводле афіцыйнай рэлігійнай лексікі — Перамянення Гасподняга).

/i/content/pi/cult/653/14488/horse 2 copy 3.jpg

/i/content/pi/cult/653/14488/horse 2 copy 2.jpgНашы прагматычныя продкі сумясцілі прынесенае з далёкага замежжа, не надта ўцямнае для мясцовых людзей свята са сваім звыклым, крэўным. Чэрвенец — гэта час, калі паспелі яблыкі, завяршылася жніво, і летняе неба, як сказаў паэт, ужо дыхае восенню. Свята ўраджаю.

У дзень свята на Чэрвенскім рынку можна было задарма пакаштаваць пірага з яблыкамі, паспяваць і патанчыць разам з вакальна-інструментальным ансамблем, набыць карысныя ў побыце альбо проста прыгожыя сувеніры, паглядзець выставу дзіцячага малюнка, складалася яна з двух сегментаў. Гэта жывапісныя работы, развешаныя па сценах гандлёвага павільёна, ператворанага дзеля такой нагоды ў экспазіцыйную прастору, а побач — малюнкі крэйдай на асфальце. Называлася мастацкая імпрэза “Вырасцім яблыневы сад!” Пірагу мне не хапіла, хоць ён і быў памерам 2,5 на 2,5 метры. Позна прыйшоў. Але музыку паслухаў, сувеніры набыў, выставу паглядзеў.

Відаць, на асфальце мог маляваць кожны ахвотны, а тое, што вісела на сцяне, прайшло сякі-такі адбор. На выставе былі прадстаўлены розныя рэгіёны Беларусі. Гэта давала магчымасць пераканацца, што фактычна па ўсёй кране ў дзіцячых школах мастацтва скарыстоўваецца адзіная методыка выкладання. Усе работы мусілі так ці інакш распавядаць пра яблыкі. Хтосьці пайшоў найпрасцейшым шляхам — намаляваў нацюрморт з яблыкам, яблыкі на дрэве ці выяву яблыневага саду. Былі сюжэтныя кампазіцыі — збор ураджаю, яблыкі на святочным стале. Адлюстравана тэма дажынак, некаторыя карціны змяшчалі заклік пры вырошчванні садавіны абыходзіцца без хімікатаў. Сёй-той палічыў, што жнівеньскі яблык — гэта падстава паразважаць пра сельскагаспадарчы каляндар і ўвогуле змены ў прыродзе, абумоўленыя набліжэннем восені, і намаляваў людзей у полі.

Не абмінулі ўвагаю юныя мастакі і казачныя сюжэты. Цікавай падалася мне работа сімвалічнага зместу: выява яблыні, палова якой у леце пад сонечнымі промнямі, а другая — без лістоты пад восеньскім дажджом. Былі тыя, хто звярнуўся да вобразаў роднай прыроды, звыклых нам раслінаў і жывёлаў. Сярод іх мне запомнілася карціна, дзе зубры на зямлі і птушыны клін, што накіраваўся ў вырай, у небе — восень у Беларусі. У ёй нічога ад Чэрвенца / Яблычнага Спасу, але ў наяўнасці зразумелы і пераканаўчы (наколькі гэта магчыма ў фармаце дзіцячага малюнка) вобраз радзімы. Кажуць, усё геніяльнае проста. Тут надзвычай проста спалучаны два звыклыя, нават банальныя чыннікі, але атрымалася і наша краіна, і наша прырода. Калі пайсці ў развагах далей, дык знойдзем у дзіцячым малюнку недзіцячую філасафічнасць. Мяркую, не кожны прафесійны мастак дадумаецца да такога сюжэту.

Зрэшты, каб на замоўленую тэму зрабіць выставу прафесійнага мастацтва, атрымаўся б аналагічны расклад тэм і сюжэтаў. Гэта натуральна, бо дзіцячы свет фарміруецца пад уплывам дарослых, а дарослы чалавек — тое ж дзіця, хіба што з большым досведам. Праўда, на “дарослай” выставе дамінаваў бы яблык не з бабулінага / дзядулінага саду, а з саду Эдэмскага. Тут можна канстатаваць, што і ў дзяцей, і ў дарослых усё ж такі рознае ўяўленне пра Рай.