Галгофа Алеся Карачуна

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Мастацтвазнаўца і журналіст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крэпак завяршае кнігу з рабочай назвай “Юрый Карачун. Больш чым музей” аб жыцці і творчай дзейнасці выдатнага музеязнаўцы, шматгадовага кіраўніка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, мастака-графіка, даследчыка мастацтва і грамадскага дзеяча. Гэтага чалавека многія любілі за яго выдатныя чалавечыя якасці: высокі прафесіяналізм, унікальную працавітасць, дабрыню, сардэчнасць, спагадлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну, адданасць справе, якой ён служыў, самаахвярную і далікатную любоў да сям’і. Так склалася, што яго лёс і лёс ягонага бацькі, Алеся Карачуна, сталі тыповымі для патрыётаў-беларусаў, якія апынуліся ў віры сталінскіх рэпрэсій, зліўшыся з лёсам краіны і гісторыяй ХХ стагоддзя — з усім яго бляскам, веліччу, набыткамі, трагедыямі і незлічонымі людскімі стратамі.

Ад “церроза печени”?

У час 80-годдзя пачатку сумнавядомага Вялікага Тэрору, які жалезным катком праехаў і па лёсах соцень тысяч беларусаў, “К” публікуе адзін з раздзелаў будучай кнігі, якая апавядае пра лёс Аляксандра (Алеся) Васільевіча Карачуна — журналіста, літаратара, члена творчага аб’яднання “Маладняк”, актыўнага супрацоўніка газеты “Звязда”, які падзяліў драматычны лёс сваіх таварышаў Міхася Чарота, Платона Галавача, Тодара Кляшторнага ды дзясяткаў іншых літаратараў, расстраляных у Мінску пахмурнай восенню 1937-га. Праўда, ссыльны Алесь Карачун быў пакараны ўдалечыні ад беларускай сталіцы — у Краснаярскім краі, але гэта справы не мяняе. “Крывавы тунэль смерці” працягласцю ў тысячы кіламетраў, ад Мінска “до самых до окраин”, стаў агульнай магілай для ўсіх нявінных грамадзян Беларусі, якія былі бязлітасна раздушаны сталінскім “чырвоным колам”.

...Дзіўная рэч: з Юрыем Аляксандравічам Карачуном, ягоным сынам, я сябраваў амаль 30 гадоў, але пры жыцці гэтага чалавека мала ведаў пра драматычныя метамарфозы яго сям’і і мала адчуваў ягоныя глыбокія ўнутраныя перажыванні — якія ён, што праўда, амаль ніколі не выносіў вонкі. Як, усё ж, скупа мы гаварылі “пра жыццё”, пра нашы спрадвечныя родавыя карані, пра дарагіх продкаў, далёкіх і блізкіх! І толькі ў пачатку 1990-х я ўпершыню пачуў ад Юрыя няпростую гісторыю роду майго сябра. Мяне яна вельмі ўзрушыла: ніколі не мог падумаць, што на долю яго бацькоў, сваякоў і самога Юрыя — гэтага знешне спакойнага, ураўнаважанага, талерантнага і мудрага чалавека — выпала столькі гора і несправядлівасці!

Ён планаваў сам напісаць кнігу пра свайго рэпрэсаванага бацьку, пра творчае крэда, пра тых высакародных людзей, якія дапамаглі яму выстаяць і знайсці сваё дастойнае месца ў жыцці, пра духоўную місію яго роднага мастацкага музея ў культурнай прасторы краіны.

/i/content/pi/cult/652/14485/35 kultura 15.jpgА пачынаў Юрый сваю неверагодна складаную працу з пошуку дакументальных сведчанняў пра лёс бацькі. Першы дакумент (копія “Пасведчання аб смерці” 1-вэ № 056342 ад 5 верасня 1958 года), які Юрый атрымаў з Мінусінскага ЗАГСа Краснаярскага краю, абвяшчаў, што яго бацька памёр 12 мая 1944 года ад “церроза печени” (так запісана). Хаця да той даты прайшло ўжо каля шасці гадоў, як “вораг народа” Алесь Карачун быў расстраляны ў падвалах НКВД сібірскага горада Мінусінска або ў яго ваколіцах (дакладных звестак пра месца пакарання няма). Такія “падманкі” чамусьці часта практыкаваліся сілавымі органамі ў дачыненні да ахвяраў сталінскага таталітарнага рэжыму.

Напэўна, Юра засумняваўся ў ліпавым пасведчанні аб смерці і стаў настойліва звяртацца па праўду ў розныя інстанцыі: у КДБ і Пракуратуру Беларусі, у Краснаярскі краёвы суд, ва УКДБ пры Савеце міністраў СССР па Краснаярскім краі, у Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР, у Мінусінскі рэгіянальны краязнаўчы музей, дзе захоўваліся некаторыя звесткі пра бацьку і гэтак далей. На гэтыя пошукі сышлі гады. І ў рэшце рэшт, у 1993 годзе яму ўсё ж удалося высветліць ісціну.

Аказваецца, Алесь Карачун адразу ж пасля ХХ з’езда КПСС быў прызнаны “пацярпелым ад палітычных рэпрэсій” і па абодвух сваіх судовых справах (1933 г. і 1937 г.) быў пасмяротна рэабілітаваны 24 жніўня 1956 года (вызначэннем Вярхоўнага суда БССР) і 26 студзеня 1957 года (вызначэннем Краснаярскага краёвага суда).

Прыступіць да напісання кнігі Юрый Аляксандравіч не паспеў. І вось, праз 20 гадоў пасля яго заўчаснага сыходу ў іншы свет, такая місія выпала мне. Я наўрад ці здолеў бы належна яе выканаць, каб не руплівая дапамога і нязменная добразычлівасць удавы майго героя Валянціны Міхайлаўны Карачун і сына Аляксандра Юр’евіча, успаміны і сведчанні якіх дапамаглі мне аднавіць вельмі істотныя рысы асобы майго героя і яго атачэння.

Людзі, надзеленыя абвостранай глядзельнай і эмацыйнай успрымальнасцю, шмат у чым бываюць абавязанымі дзіцячым уражанням, якія трывала ўваходзяць у іх свядомасць і ўплываюць на ўсё, што здараецца далей. Для Юрыя Аляксандравіча гэта была сцэна затрымання бацькі. Пытанне, што ж на самой справе здарылася з самым блізкім чалавекам, пакутліва турбавала яго ўжо з самых ранніх гадоў жыцця, з канца 1930-х. За якія такія грахі ён апынуўся там, адкуль няма вяртання? І чаму родны сын на працягу дзесяцігоддзяў не мог даведацца праўду пра смерць бацькі?

Інтэлігент у першым пакаленні

Біяграфія патомнага сялянскага сына Аляксандра Карачуна даволі тыповая для беларускага інтэлігента ў першым пакаленні — носьбіта культурна-гістарычнай і маральнай місіі з асаблівым прыроджаным псіхафізічным успрыняццем таго асяроддзя, якое яго ўзгадавала. Яшчэ Максім Багдановіч спрабаваў проста і даступна акрэсліць паняцце “беларускі інтэлігент”: кожны прадстаўнік гэтай сацыяльнай групы павінен адпавядаць двум патрабаванням: па-першае, імкнуцца да ведаў, па-другое, несці свае веды на карысць народа. Аляксандр Карачун якраз і адпавядаў такім патрабаванням.

Ён нарадзіўся 12 мая 1904 года ў вёсцы Кухцічы, што на Уздзеншчыне. Побач цякла празрыстая рачулка Уса, якая ўпадае ў Нёман — улюбёная мясціна сельскай дзятвы. Недалёка адтуль, у вёсцы Нізок, нарадзіліся Кандрат Крапіва і аднагодка Карачуна — Паўлюк Трус. Усе трое вучыліся ва Уздзенскай сямігадовай працоўнай школе 2-й ступені. Цяпер на яе месцы — будынак Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Цікава, што гэтая “тройца” (Крапіва быў старэйшы за сваіх таварышаў на восем гадоў) пазней скончыла Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, які ў 1920-я гады лічыўся сапраўднай кузняй кадраў нацыянальнай сельскай інтэлігенцыі для выкладання ў беларускіх школах новага ўзору. Але “малую” радзіму ніхто з іх ніколі не забываў.

Ну а далей усё ішло сваім шляхам. Карачун уступіў у камсамол і праз некаторы час быў абраны сакратаром Бялыніцкага РК ЛКСМБ. У 1925-м стаў адказным сакратаром акруговай газеты “Наш працаўнік”. У тым жа годзе ўвайшоў у склад літаратурнага аб’яднання “Маладняк” — зноў жа, разам з Кандратам Крапівой і Паўлюком Трусам.

З апошнім у Карачуна склаліся блізкія прыяцельскія адносіны, і яны сустракаліся кожны раз, калі Трус прыязджаў у Мінск з Гомеля, дзе працаваў журналістам у мясцовай раёнцы “Палеская праўда”. У 1928 годзе малады паэт пераязджае ў сталіцу і пасяляецца на вуліцы Шпітальнай у маленькім пакоі разам з Міколам Хведаровічам. Туды часам і наведваўся Карачун, і яны за пляшачкай лошыцкага віна з антонаўкі і агрэста чыталі свае і чужыя вершы. Менавіта на Шпітальнай Трус упершыню агучыў сваю паэму “Дзясяты падмурак”, прысвечаную 10-й гадавіне Кастрычніка. Магчыма, тут жа Алесь Карачун пачуў і выдатны верш Труса “Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы...” Напрыканцы 1980-х Ігар Лучанок пакладзе яго на музыку, і атрымаецца “песняроўскі” хіт. Часам сюды зазіраў і Тодар Кляшторны, каб выцягнуць сяброў з душнага цеснага пакойчыка на ўтульны балкончык рэстарана “Еўропа”.

Апошні раз Карачун сустрэўся з Паўлюком Трусам у сярэдзіне жніўня 1929 года ў Ждановічах пад Мінскам. Паэт быў ужо цяжка хворы (яго смяротна мучыў брушны тыф), але стараўся стойка трымацца сярод гасцей — літаратараў і газетчыкаў. Таленавітаму дваццаціпяцігадоваму вершапісцу заставалася жыць усяго пару тыдняў...

“Крывавы суд”

У 1926 — 1927 гадах Карачун працаваў у аршанскай акруговай газеце “Камуністычны шлях”, пасля чаго быў пераведзены ў рэдакцыю сталічнай “Звязды”. Тут ён за пяць наступных гадоў прайшоў шлях ад супрацоўніка партсектара да адказнага сакратара. Аўтарытэт яго як журналіста-публіцыста быў незвычайна высокі. У 1930-м па даручэнні ЦК КП(б)Б ён арганізаваў і рэдагаваў першыя ў Беларусі раённыя калгасныя газеты “Камуна” ў Клімавічах і “Ленінскі шлях” у Слуцку. Паралельна быў членам штаба эвакуацыйнага атрада дывізіі Чырвонай Арміі: існавала такая медыцынская ўстанова, якая выконвала транспартна-санітарныя функцыі.

Прыродныя здольнасці, партыйная прынцыповасць (у 1925 годзе Алесь быў прыняты ў члены партыі) і мэтанакіраванасць давалі Карачуну выдатную перспектыву стаць вядомым грамадскім дзеячам, журналістам. А да ўсяго, ён быў яшчэ і паэтам-маладнякоўцам.

“Маладняк” быў створаны 28 лістапада 1923 года на сходзе ў Мінскім клубе “КІМ”. Папулярнасць аб’яднання ў асяроддзі перадавой маладой беларускай інтэлігенцыі расла як на дражджах, і неўзабаве з’явіліся яго філіялы ў Слуцку, Віцебску, Бабруйску, Полацку, Магілёве, а таксама ў Маскве, Петраградзе, Коўне, Смаленску, Рызе, і нават у чэшскай Празе. Гэта быў час вялікіх і светлых надзей (на жаль, хутка страчаных), звязаных з трэцяй хваляй нацыянальна-культурнага Адраджэння.

Да першага свайго з’езду (лістапад 1925 года) Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” налічвала ўжо больш за 300 чалавек, сярод іх і актывіст Алесь Карачун. Дзейнасць “маладнякоўцаў” садзейнічала культурнаму росту працоўных, выхаванню здольнай моладзі, згуртаванню літаратурных талентаў на ідэалагічнай базе адданасці савецкай уладзе — і, што не менш важна, на аснове служэння новай нацыянальнай культуры, якая тады зараджалася. Аднак у складаных умовах вострай ідэалагічнай барацьбы гэтае аб’яднанне, неаднароднае па сацыяльным складзе, па характары творчых памкненняў, па ўзроўні літаратурнай кваліфікацыі яго членаў, не магло доўгі час заставацца на плыву. Шматлікія члены “Маладняка”, як пісалі ў партыйнай прэсе, “грашылі ультрарэвалюцыйнай фразеалогіяй”.

Вершы Алеся Карачуна публікаваліся ў газетах і часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Малады араты” (часам — пад псеўданімам А. Папраўскі). З-пад пяра выходзіла як лірыка, гэтак і свайго кшталту рыфмаваная публіцыстыка. Напрыклад, верш “Блізка час расплаты!..”, апублікаваны ў часопісе “Маладняк Калініншчыны” (1925, № 2) і прысвечаны Станіславу Ланцуцкаму — польскаму камуністу, дэпутату Сейма, кінутаму ўладамі ў турму, дзе ён правёў тры гады. Ці ведаў асабіста Аляксандр Карачун Ланцуцкага, мне невядома, але, мяркуючы па творы, лёс гэтага рэвалюцыянера хваляваў яго не на жарт. Нягледзячы на абурэнне з нагоды ўчыненага над ім “крывавага суда”, настрой у верша аптымістычны:

Настане час расплаты! Трэснуць краты!..

Мяцежу хваля змые ўсё нашчэнт.

І узойдзе сонца!.. Знікнуць каты!..

Над Польшчай запануе Волі свет.

Пасля вызвалення з польскай турмы былы чыгуначнік Станіслаў Ланцуцкі перабраўся ў СССР і пасяліўся ў Маскве. Але 14 чэрвеня 1937 года “крывавы суд” над ім зладзілі ўжо энкавэдзісты. Ён быў арыштаваны па даносе Томаша Домбаля — рэдактара маскоўскай газеты на польскай мове Tzybuna Padziecka, свайго былога таварыша па рэвалюцыйным руху ў Польшчы, якога чэкісты ўжо катавалі на Лубянцы. Ланцуцкі быў абвінавачаны ва ўдзеле ў польскай нацыяналістычнай тэрарыстычнай арганізацыі і па рашэнні Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР 20 верасня 1937 года расстраляны. Месяцам раней быў расстраляны і Домбаль. Але аб гэтым Аляксандр Карачун ужо не даведаўся: праз паўгода ў Краснаярску ён і сам узыдзе “на эшафот”.

Барыс КРЭПАК