“Выцінанка” ў Астане

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” са Століна выступіў з канцэртамі ў Нацыянальным павільёне Беларусі на Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Экспа-2017”, якая з 10 чэрвеня па 10 верасня праходзіць у сталіцы Казахстана.

Сёлета на выставе прадстаўлена 115 краін. “Выцінанка” мае статус Заслужанага аматарскага калектыву ў рэспубліцы і не ўпершыню прымае ўдзел у такім форуме — два гады таму ансамбль на працягу месяца працаваў у Нацыянальным павільёне Беларусі на Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Экспа-2015” у Мілане. Сёлета гэта наш адзіны прадстаўнік з Брэсцкай вобласці, які прэзентаваў народную беларускую творчасць на “Экспа-2017” у Астане.

— За тры дні музычны калектыў пад кіраўніцтвам Пятра Астапчука даў 15 канцэртаў у Нацыянальным павільёне Беларусі, а таксама выступіў на пляцоўках Расіі і Аргенціны, — расказвае кіраўнік дэлегацыі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіль Заруба. — Самабытная беларуская культура, песенная, інструментальная, з элементамі харэаграфіі творчасць калектыву выклікала жывую цікавасць наведвальнікаў. З непадробным інтарэсам яны паставіліся да касцюмаў нашых артыстаў — усе прасілі сфатаграфавацца з імі.

Па словах Васіля Зарубы, многія наведвальнікі павільёна з любоўю і павагай адгукаліся пра беларусаў, адзначалі працавітасць і гасціннасць людзей з нашага краю. Прадстаўнікоў дэлегацыі са Століна Астана ўразіла высокай культурай, эканамічным развіццём, горадабудаваннем з найноўшых сучасных матэрыялаў, кветкавымі кампазіцыямі.

Галіна ГАШЧУК

/i/content/pi/cult/652/14484/IMG_5998.jpg

Каля Нацыянальнага павільёна Беларусі на выставе "Экспа-2017" у Казахстане.