Самастойнае плаванне па біенальных каналах

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Чым карысны досвед Венецыі? Частка ІI. Аўтэнтыка і паралельныя праекты
(Заканчэнне. Пачатак у № 34.)

/i/content/pi/cult/652/14483/35 kultura 14.jpg

Што мы ведаем пра iнуiтаў?

Як ні дзіўна, аўтэнтыка падаецца ў многіх венецыянскіх праектах таксама ў рамках паняцця суіснавання. Менавіта так называўся праект у паралельнай праграме біенале, які распавядаў пра ўнікальнасць Макаа — партугальскай калоніі з XVI стагоддзя, а з 1999 года — спецыяльнага раёна Кітая са сваімі законамі, валютай і гэтак далей. Уяўляеце, наколькі грымучай сумессю стала тамтэйшая аўтэнтычная культура? Найбольшае ўражанне пакідаюць прывезеныя адтуль дзверы дамоў — драўляныя, цёмныя, разьбяныя, з традыцыйнымі арнаментамі, арачнымі завяршэннямі, характэрнымі пацёртасцямi і ямінкамі ад замкоў і ручак.

Сапраўдныя дзверы, дарэчы, і Ай Вэйвэй выстаўляў, але ў першую чаргу мне прыгадаліся вуллі Паўла Вайніцкага, адшуканыя ў беларускай вёсцы. Мастак паказваў іх на “Унутраных ландшафтах” IV Маскоўскай біенале сучаснага мастацтва (2011) і ў мінскай “Вавілонскай вежы” (2015). Цалкам суразмерны венецыянскім праект, як цяпер мне здаецца.

А для экзатычных сюжэтаў (каб зняць сумневы наконт турыстычнай прывабнасці) выкарыстоўваюць іншыя фарматы: напрыклад, відэа “Эмісары”, прапанаванае Новай Зеландыяй. Упершыню павільён краіны змешчаны ў асноўнай прасторы Арсенала (2017), а за яго аснову ўзятая гісторыя падарожжа капітана Кука, напісаная французскімi жывапісцамi пачатку 1800-х. Дыгітальнымi сродкамі мастачка Ліза Рэяна прадставіла гэтую “фантазію міралюбнасцi”, як іранізуе прэс-рэліз. Перад намі — праекцыя даўжынёй 23,5 м, з адначасовымi гiсторыямі, якія суправаджае саўндтрэк з ціканнем гадзінніка Кука. Паколькi напiсаныя мастакамi каланiяльныя сюжэты маюць двухсотгадовую даўніну, часткова яны сталі народнай памяццю і ўспрымаюцца як лубок. Але сцэны з абменам ўпрыгожванняў і пёраў, са стральбой па бяззбройных людзях, вядома, актуалізаваны ўжо самі па сабе — сучаснымi падзеямi.

Ну і наіўнае мастацтва, якое, як высветлілася, маральна не састарваецца — такім у асноўным праекце куратара паўстае эскімоскі аўтар Канангiнак Путугук з далікатнымі эскізамі з жыцця сучасных iнуiтаў. Падобна, што гэты мастак — прадстаўнік традыцыйнага народа паўночнай Канады — змог стаць улюбёнцам спрактыкаванай венецыянскай публікі: яму ўдалося ўзняць карнявую творчасць да ўзроўню пераасэнсавання i гумару, не застацца другасным i захаваць свежасць старажытных вытокаў і сучасны погляд.

Адначасовая прысутнасць

Барацьба за права прадстаўляць на біенале краіну ў нас шторазу разгортваецца нежартоўная. Аднак многім пакуль няўцям, што, апрача нацыянальнага павільёна, гэта можна зрабіць і іначай — арганізаваўшы ад той ці іншай інстытуцыі павільён паралельны. Да ўсяго, ёсць і асобныя мастакі, якiя cамi прывозяць свае незалежныя праекты.

Сапраўды, ангажаванасць галерэй, якія прамацыруюць сваiх аўтараў, выклікае шмат крытыкі. Статус нацыянальнага павільёна павінен яе абмяжоўваць, але на справе адбываецца гэта, вядома ж, далёка не заўсёды. Таму многія аўтары і вырашаюць дзейнічаць самастойна.

Калі прадстаўляеш самога сябе, зусім няпроста падняцца нават на нацыянальны ўзровень, не кажучы ўжо пра тое, каб выйсці на глабальны. Як правіла, гэта каласальная праца. Маральна-псіхалагічныя выдаткі застаюцца ў цені ўвагі аўдыторыі — калі не лічыць вядомыя трагічныя лёсы. Рэдка ў каго атрымліваецца сінтэзаваць сябе як Набокаў і Бродскі. Тым не менш, многія спрабуюць.

У якасці добрага прыкладу давайце паглядзім, як былі прадстаўлены на біенале брытанцы. Асобны гід: пасля Verb (“Дзеяслоў”) Карлы Блэк у асноўным праекце і манументальнага Folly (“Глупства”) Фiлiды Барлоў, шатландка Рэйчэл Маклеана са Spite your face (“Злы ў цябе твар”), Джэймс Рычардс з Music for the gift (“Музыка за дар”) з Уэльса. Ну, а далей — Дэм’ян Херст са “Скарбамi крушэння “Неверагоднага” ў трох (!) палацах… і яшчэ 9 розных аўтараў! Плюс пяць асобных падзей, уключаючы балет на набярэжнай, “Адзіночны пікет” і “Сняданак з мастаком”.

Цяпер пра расіянаў, дзе сярод паралельных праектаў адзначыўся ДМІМ імя Пушкіна (“Чалавек як птушка. Абразы падарожжаў”). Доўга я не магла ператравіць гэтую інфармацыю. Каб Пушкінскі музей — і не ў нацыянальным павільёне? І тым не менш… А таксама — выставы Валерыя Кашлякова “Мы будуем утопію”, Арсена Рэвазава “Чырвоная-выдатная”, “Фонд V-А-С”, Сяргея Катрана. Упэўнена, гэта яшчэ далёка не ўсё і ў брытанцаў, і ў расіянаў.

Не магу не сказаць і пра Украіну: нацыянальны павільён з “Парламентам” Барыса Міхайлава, які адкрываў міністр культуры, а надзвычайны каталог падрыхтаваў знакаміты нямецкi фатограф Юрген Тэлер — і яшчэ тры паўнавартасныя выставы! У палацы на Гранд-канале — фіналісты конкурсу маладых мастакоў PinchukArtCentre, скульптура Ліны Кондэс і яе калегi брытанца Даніэля Лiсмора, Lost&Found з зоркамі ўкраінскага мастацтва Жаннай Кадыравай (“Маркет”), Машай Шубінай (ArteFuck’s), Ільёй Чычканам (“Псiхадарвiнiзм”) і Аксанай Ляўчэня-Канстанціноўскай (“Квазiэвалюцыя”).

І яшчэ многія-многія мастакі, фонды, асобныя галерэі, якія не толькі марылі патрапіць у Венецыю, але і здолелі сваю мару ўрэчаісніць.

Варта яшчэ абавязкова дадаць: у выпадку такога “самастойнага плавання” па венецыянскіх каналах вельмі важна папрацаваць з рэкламай і інфармацыяй: казахскія куратары скардзіліся мне, як складана было запрасіць на іх перфарматыўную серыю гледачоў, журналістаў, усіх, хто мог бы зацікавіцца.

Ёсць і яшчэ адна праблема: наўрад ці паралельны праект зможа ўтрымацца на біенале ўсе 6 месяцаў — гэтак жа доўга, як нацыянальны павільён. Каштуе такое задавальненне надзвычай дорага. Ёсць праекты, тэрмін жыцця якіх усяго тыдзень або 10 дзён. Магчыма, нехта працягне і тры летнія месяцы, але не болей за тое. Зрэшты, самыя вынаходлівыя прыдумляюць спосабы абысціся не толькі без статусу нацыянальнага павільёна, але таксама і без звышвысокай арэнды.

Украіна з палаткай, плыт з мабільнай школай

За праект плывучай школы ў 2016 годзе было ўзнагароджана нігерыйска-галандскае бюро NLE. Расійскі мастак Аляксандр Бродскі прадставіў дзіўнаваты ці то дом, ці то партал у куратарскай праграме Алехандра Аравены — гібрыд савецкага пашарпанага лецішча з настолькі ж кульгавым столікам з шахматамі. Так, гэта таксама не зусім танна і незалежна, але, усё ж, не вымагае арэнды, якая з’ядае большую частку бюджэту.

Я не заспела, але ведаю, што былi ў Венецыі мастакi, якія не паспелi падрыхтаваць сваю выставу — хутчэй за ўсё, з тых жа фінансавых прычын — і выставілiся на грузавіку з адкінутымі бартамі, таксама на набярэжнай.

Вядома, на ўсё гэта патрэбныя ўзгадненні. Тым не менш, усялякія шатры і вігвамы, інсталяцыі ў скверыках, білборды-аб’екты і гэтак далей, відавочна, абыходзяцца танней за стацыянарныя павільёны. Як тут не згадаць і ўкраінскі дэбют 2001 года з армейскай палаткай у Джардзіні, які многія запомнілі дасюль — хаця тая біенале з куратарам-класікам Харальдам Зееманам была далёка не абдзеленая падзеямі. Можа быць, пра такую вынаходлівую форму падачы — не статычную, а ў адкрытай прасторы — варта было б задумацца і нашым аўтарам? У гэтым яўна быў бы плён.

Любоў ГАЎРЫЛЮК,
арт-журналіст

Фота аўтара