Рэха летняй пары

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Любое свята — сур’ёзная рэч
Успамін пра лета яшчэ доўга будзе грэць душу. Як для мяне, дык самым “гарачым” уражаннем стаў фестываль жывой музыкі “Камянецкі Драйв”, які ладзіцца ўжо пяты год. І што паказальна, маладзёжны праект ініцыяваў і рэалізаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Камянецкага райвыканкама на чале з Мікалаем Громікам. Інакш кажучы, нашым аддзелам, як бы яны ні скардзіліся на фінансавую нішчымніцу, — усё па плячы. Было б жаданне. А яно ёсць. Таму праект ажыццяўляецца за пазабюджэтны кошт. Сярод спонсараў — дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі. Па словах Мікалая Громіка, на ўдзел у сёлетнім “…Драйве” было пададзена каля 200 заявак з Беларусі, Расіі, Польшчы. Цягам двух дзён у гарадскім парку выступіла два дзясяткі музычных калектываў. Набярыце ў пошукавіку “Камянецкі Драйв”, паслухайце, як гучыць рок (у тым ліку — і беларускамоўны) ля Белавежы, пераканайцеся ў якасці гуку і святла. Вы атрымаеце гарантаванае задавальненне і пачнеце збірацца да паездкі ў Камянец. Хтосьці слухае ўвосень вальс бастон і сумуе, я ж падпяваю гурту Slade і радуюся нават дажджлівым вераснем.

/i/content/pi/cult/652/14480/35 kultura 12 copy.jpg

Так што ніякіх мінорных нот! Яшчэ раз згадаем лета. Мы пісалі ў мінулым нумары “К” пра “Яблычны Спас” у Алашках. Прыйшла дадатковая інфармацыя. Аказваецца, падчас свята, як піша дырэктар Шаркаўшчынскага цэнтра культуры Аксана Сініца, кіраўнікі Шаркаўшчынскага, Полацкага, Мёрскага і Ушацкага раёнаў падпісалі пагадненне аб уступленні ў клуб “Мэры за эканамічны рост”. Гэта новая еўрапейская ініцыятыва па ўмацаванні патэнцыялу раённых органаў улады і развіцці мясцовага самакіравання. Малым гарадам ды раёнам, распавядае Аксана Сініца, цяжка канкурыраваць з буйнымі абласнымі цэнтрамі ў справе прыцягнення інвестыцый, захавання людскіх рэсурсаў, стварэння новых рабочых месцаў. Таму ініцыятыва дазволіць уладам і бізнесу дзейнічаць у згаданым кірунку больш эфектыўна. Інакш кажучы, на святах не толькі танчаць ды спяваюць, але яшчэ і важныя эканамічныя пытанні вырашаюць. Словам, любое раённае свята — сур’ёзная рэч.

Фэст, прысвечаны яблыкам, прайшоў і ў аграгарадку Кашалёва Навагрудскага раёна. Тут адбылося асвячэнне юбілейнага знака ў гонар 700-годдзя заснавання Навагрудскай Епархіі.

Яблычны Спас у аграгарадку Жукоўшчына, што на Дзятлаўшчыне, святкаваўся ў рамках раённага праекта “Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім”. Жукоўшчына — самая яблычная ў раёне: 80 гектараў саду. Пладоў хапае не толькі для Дзятлава. Канцэртную праграму падрыхтавала Гродзенская абласная філармонія. Мясцовыя артысты прапанавалі майстар-клас па побытавым танцы. Непераўзыдзенымі тут аказаліся ўдзельніцы народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры пад кіраўніцтвам Тамары Ступак. Пра гэта паведаміла Настасся Голуб.

/i/content/pi/cult/652/14480/35 kultura 12.jpg

Аматары гістарычных вандровак і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, рыцарскіх баёў і народнай музыкі сабраліся ля рэшткаў Крэўскага замка на раённае свята “Пад знакам Лялівы” і фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”. А гістарычная тэатралізацыя называлася “Цені Крэўскага замка”. Нягледзячы на разбуральныя войны, Крэва здаўна славілася вырабамі з гліны. Фэст — чарговы крок у адраджэнні крэўскай спадчыны. Удзел у ім бралі глінамесы з розных куткоў Беларусі. А конна-гістарычны клуб “Залатая шпора” з Мінска дапамог акунуцца ў атмасферу сярэднявечных рыцарскіх баёў. Выступіў этнаграфічны клуб Kola з Маладзечанскага раёна. У канцэртнай праграме быў заняты і народны гурт “Хутарок” са Смаргоншчыны. Увечары запрасілі народны тэатр танца і песні “Імпульс” з Ашмянскага раёна і народную эстрадную студыю “Міраж” са Смаргоншчыны.

Вельмі сур’ёзнае свята — абласны конкурс па ткацтве “Матчыны кросны”. Вядучы рэдактар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Анжаліка Кучынская паведамляе: “Больш за сто майстроў і іх вучняў сабраліся на вуліцы Кірава Старых Дарог, тут жа з’явіліся кросны і бёрды — і пайшла праца! Гэткім жа відовішчным стаў і Парад ручнікоў на цэнтральнай плошчы. Гран-пры атрымалі старадарожскія майстрыхі. Лепшымі ткачыхамі прызнаны Таццяна Міхалькевіч і Наталля Расцюшэўская”.

Метадычны цэнтр Бераставіцы дзеліцца ўражаннямі ад адкрытага фестывалю радыёкіруемых мадэляў. Тут сабралася больш за паўсотню пілотаў з усёй краіны, сярод іх — неаднаразовыя чэмпіёны свету. Упершыню ладзіўся конкурс “Мост Чкалава”: самалётам трэба было праляцець пад імправізаваным мостам.

Загадчык філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Малая Бераставіца Ганна Варанцова напісала пра Свята беларускіх гаспадынь. Яны ўшаноўвалі хлебаробаў Малабераставіцкага элітгаса. Не толькі словам, але і нацыянальнымі стравамі. Уявіце сабе, у меню былі галушкі, дранікі, бабка, піражкі з капустай(!), яешня, смалец, натуральна, яблычны пірог, а таксама — каша і
пончыкі. Ніхто з хлебаробаў не пацярпеў. Наадварот, прадукцыйнасць працы павялічылася ў разы! А былі яшчэ конкурсы на лепшую майстрыху і лепшы падворак. Так бы кожны дзень святкаваць!

Дзве наступныя інфармацыі — ад начальніка аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валянціны Валчковай. Усе яны — пра нашы замежныя стасункі. На ІІ Маладзёжным лагеры краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва абмяркоўваліся пытанні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У рабоце лагера прынялі ўдзел прадстаўнікі 10 краін. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў дырэктар Магілёўскага абласнога метадцэнтра Алег Хмялькоў. У Пекінскім цэнтры мастацтваў прэзентаваліся і нематэрыяльныя аб’екты Магілёўшчыны, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сябры нашай дэлегацыі пабачылі Вялікую Кітайскую сцяну, пабывалі на адкрыцці міжнароднага фэсту маладзёжных мастацтваў Кітая, пазнаёміліся з дзейнасцю Цэнтра нематэрыяльнай культурнай спадчыны і музея правінцыі Гуйчжоу.

Другая навіна — пра ўдзел керамістаў Дзмітрыя Паляшчука з Асіповічаў і Сяргея Кулажына з Быхава ў міжнародным семінары-сімпозіуме горада Лелюнай Літоўскай рэспублікі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі майстры Літвы, Латвіі, Японіі, Украіны, Грузіі, Арменіі. У Лелюнаі знаходзіцца Музей керамікі. Такі, што былі ўсе ўмовы абмяняцца досведам, прааналізаваць праблемы і абмеркаваць шляхі іх вырашэння.

З 8 верасня і да канца месяца ў Вілейцы ладзіцца літаратурна-музычны фестываль “Светлае слова”. Ён прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У праграме мерапрыемства — літаратурны кірмаш, кніжныя выставы, сустрэчы з пісьменнікамі і выканаўцамі аўтарскай песні, сеансы бібліятэрапіі, гаворкі пра моўную культуру. У рамках фестывалю ладзіцца дабрачынная акцыя “Чароўная скарбонка”, скіраваная на падтрымку хворых дзяцей. Мерапрыемствы фэсту праводзяцца ў вядучых установах культуры раённага цэнтра: у райбібліятэцы, Вілейскім палацы культуры, Цэнтры эстэтычнага выхавання, бібліятэцы сямейнага чытання.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"