Сукенка, скроеная з вершаў

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Уявіце, што свой любімы верш вы можаце не толькі прачытаць, але і… апрануць. У дзяцінстве Слава КАЗЛОЎ любіў разглядаць малюнкі ў “Бурдзе” і выразаць з паперы сукенкі для лялек. Зразумела, што лёс не падманеш: сёння Слава заканчвае факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “дызайн касцюма і тканіны”. Тэма яго дыпломнай калекцыі — лірыка Марыны Цвятаевай. Размеркаваны малады спецыяліст на салігорскую швейную фабрыку “Калінка”, дзе ён будзе працаваць мастаком-мадэльерам. Калі давядзецца апрануць прамысловую версію “паэтычнага” адзення? Распытваем у дызайнера-выпускніка.

Штодзённы нефармат

— Паэзія Марыны Цвятаевай такая… вельмі чалавечная, — распавядае Слава пра свае сукенкі-вершы. — Яна натхняе ствараць. За аснову я прыняў рытм паэзіі, рытм нот, графічнае адлюстраванне нот. Хтосьці, вядома, скажа, што цвятаеўскага тут няма, але гэта маё асабістае ўспрыняцце паэтэсы і яе творчасці. Я вырашыў зрабіць калекцыю “Колер Марыны”, але адысці ад марской тэмы, якая штогод так ці інакш інтэрпрэтуецца, і сугучна з вершамі сысці ў іншую колеравую гаму: ружова-чорная клетка, чорны колер і светла-малочны. А з тканіны — драп і лён.

— А гэтая калекцыя толькі подыумная? Ці мадэлі з яе можна апрануць і ў паўсядзённым жыцці?

— Я думаю, што можна: па тэхналогіі ўсё насібельна. Іншая справа, як гэтае адзенне ўспрымае кожны чалавек. Адны кажуць: “Ну, гэта ж нікуды не апранеш!”, другія думаюць, што такія рэчы можна насіць. Але нейкіх там наваротаў, незразумелых людзям, у калекцыі не будзе. Але я б не сказаў, што гэтую калекцыю можна выпускаць вялікімі партыямі. Яна складаецца толькі з пяці мадэлей, у якіх трэба максімальна выкласціся, паказаць развіццё тэмы, зрабіць так, каб калекцыя “чыталася”, каб адчувалася вобразнасць. Але для прамысловага выпуску пяці мадэлей замала.

— А якія вершы-асацыяцыі ты падабраў бы да сваіх работ?

— Сапраўды, на маю думку, да паэзіі ў гэтым выпадку вялікая прывязка, але вызначаных дызайнерам твораў літаратуры пад кожную мадэль быць не можа. Для кожнага асацыяцыі і вершы — асабістыя, кожны павінен шукаць свае радкіі сэнсы: асацыяцыі з вопраткай ва ўсіх уласныя, аўтар можа толькі намякаць... Такія дробязі могуць некага прывабліваць, некага адштурхоўваць. Не выключана, што хто-небудзь увогуле заўважыць у маіх мадэлях ахматаўскія ці блокаўскія матывы.


Глядзець “у моду” і па-за ёй

Асабіста мне эскізы да калекцыі лёгкіх сукенак-паліто нагадалі цвятаеўскую “Паэму канца”: жаноцкасць, прыгажосць, лёгкасць — сукенка — з аднаго боку; спроба захінуцца ад холаду, ад золі, ад халоднай вады, ад адзіноты — паліто — з другога:

Рвёт и бесится
Дождь. Стоим и рвём.
За три месяца
Первое вдвоём!

Наканаванасць адзіноты, ціхае ззянне прыгажосці, патрэба ў каханні, вечаровы настрой, асаблівая рытміка ліній — вось што я адразу ўбачыла ў калекцыі Славы Казлова “Колер Марыны”:

…Я бы хотела жить с Вами
В маленьком городе,
Где вечные сумерки
И вечные колокола.
И, может быть,
вы бы даже меня не любили…

Дарэчы, Слава Казлоў да паэтычнай тэмы звяртаецца не ўпершыню: у 2007 годзе ён зрабіў калекцыю “Над полем канюшыны” паводле лірыкі Ганны Ахматавай. Калекцыя ўдзельнічала ў конкурсе “Белая амфара” і заняла другое месца ў Шагалаўскай намінацыі.

Але Слава не толькі дызайнер-паэт: ён імкнецца да разнастайнасці.

Дыпломнай працай у Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя М.Ахрэмчыка быў батык. У 2005 годзе Слава стварыў калекцыю сукенак з газет у стылі 1960-х гадоў, якая заняла першае месца ў намінацыі “Лепшая прэзентацыя” на фестывалі авангарднай моды “Мамант”. Штогод ён удзельнічае з рознымі праектамі ў Міжнародным фестывалі моды і фота “Млын моды”.

Сёлета ўдзельнікам гэтага фестывалю ён стаў акурат з калекцыяй “Колер Марыны”:

— Я вельмі рады, што здолеў яе паказаць і за тры хвіліны данесці да гледача ўсё тое, што хацеў. І атрымалася, на мой погляд, вельмі ўдалае спалучэнне мадэлей з музыкай — саундтрэк да стужкі “Слухаючы цішыню”.

— Слава, а што для цябе ўвогуле значыць мода? Як ты ставішся да яе?

— Мода — гэта тое, што папулярна. Гэта не значыць добра ці дрэнна, проста папулярна. Я думаю, што трэба глядзець і “ў моду”, і трошкі па-за ёй. Праўда, я не лічу супермодным глянец. Мода фарміруецца наваколлем: музыкай, архітэктурай, рытмам і ладам жыцця, а не толькіпрыгожымі здымкамі і карцінкамі. А часопісы — не панацэя для таго, хто хоча быць модным.

— А якой, на тваю думку, мода будзе праз дваццаць гадоў?

— Праз дваццаць гадоў будзе нешта даволі дзіўнае, тое, што мы зараз не можам і ўявіць.


Кілты, нэп і...

Праекты Славы можна пабачыць не толькі на подыуме. Я думаю, што яны знаёмы аматарам музыкі: канцэртныя касцюмы ад Славы Казлова носяць бард Вольга Залеская (зроблены ў сааўтарстве з Аленай Сакальвяк), гурт “Гурзуф”. Кілты ад Славы вы маглі бачыць на ўдзельніках гурта сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”.

А ў хуткім часе апрануць сукенку ці касцюм, дызайн якіх прыдумаў Слава, зможа кожны з нас. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў дызайнер-паэт плануе працаваць на швейнай фабрыцы “Калінка” і ствараць цікавае адзенне на кожны дзень.

— Мне хочацца ўнесці больш пачуццёвасці, эмацыйнасці ў прамысловыя калекцыі. Але я спадзяюся, што ў мяне будзе магчымасць рабіць і аўтарскія рэчы. У іх я буду працягваць паэтычную тэму і, напэўна, папрацую ў папулярным сёння накірунку моды 1920-х гадоў — часоў нэпа. І яшчэ планую заняцца стварэннем абутку, сумак, капелюшоў, аксесуараў.

Ну, а нам з вамі застаецца толькі чакаць таго моманту, калі свой любімы верш можна будзе не толькі прачытаць, але і апрануць. Дый не толькі верш.


Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ
На здымках: (уверсе) Слава Казлоў;
мадэль з калекцыі “Колер Марыны”.
Фота Славы РУТКОЎСКАГА

Анкета “К”
1. Колеры, якія натхняюць.
Чырвоны.
2. У якую паругода падабаецца працаваць?
Восенню. Ну, і вясной таксама добра.
3. Любімы мастак.
М.В. Дабужынскі.
4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.
Чулпан Хаматава. Асабліва ў “Гарпастуме”.
5. Любімы літаратурны твор.
Барыс Пастэрнак “Доктар Жывага”.
6. Што слухаеш?
Шум горада.
7. Радзіма — гэта што?
Дом, у які хочацца вяртацца.
8. Любімая кветка.
Пралеска.