Сімвал Асветы — і проста чалавек

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Рэжысёр Ігар Чышчэня пра сваё кіно, неcпасціжнасць Скарыны і сучаснасць
Дзень беларускага пісьменства ў Полацку ўпрыгожыць прэм’ера дакументальнай карціны “Першадрук” студыі “Летапіс”, якая адбудзецца 3 верасня ў кінатэатры “Радзіма”, апярэдзіўшы на адзін дзень сталічны паказ у Доме кіно. Фільм сцэнарыста Уладзіміра Мароза і рэжысёра Ігара Чышчэні прапануе сваю трактоўку постаці Францыска Скарыны і значэння справы беларускага Асветніка. “Мне хацелася асабліва падкрэсліць тую ролю, якую адыграла вынаходніцтва друку для чалавецтва”, — акрэсліў лейтматыў фільма Ігар ЧЫШЧЭНЯ. Выхад стужкі на вялікі экран стаў падставай для гутаркі з маладым кінематаграфістам.

/i/content/pi/cult/652/14478/35 kultura 8-9 copy 3.jpg

Пачынаецца самаідэнтыфікацыя нацыі

— Ігар, чым для цябе сталася праца над гэтым фільмам?

— Найперш — вялікай вандроўкай у гісторыю. Не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы. Давялося прачытаць шмат кніг. У адной з іх — “Галактыцы Гутэнберга” — мяне вельмі ўразіла думка аўтара Маршала Маклюэна, што з вынаходніцтвам друку і пачынаецца самаідэнтыфікацыя нацыі.

— А постаць Францыска Скарыны — як ты для сябе трактуеш фігуру Асветніка, які ў нашай свядомасці ўжо хутчэй міф, чым рэальная асоба?

— Тое, што сярод нас быў такі чалавек — гэта вялікі гонар для мяне як суайчынніка. Згодны, сёння да яго постаці прыкавана шмат увагі — Францыск Скарына з’яўляецца сімвалам Асветы, Слова, увогуле знакавай асобай для нашай культуры. Але, нягледзячы на рух часу і прагрэс, мы яшчэ толькі пачынаем набліжацца да асэнсавання яго дзейнасці. За вядомым абліччам хаваецца канкрэтны чалавек — ёсць біяграфічныя звесткі, факты пра яго, але ці ў стане мы сёння ўсвядоміць, зразумець яго светапогляд, учынкі, думкі, якія, урэшце, аказалі ўплыў і дасюль уплываюць на сучасную беларускую культуру?

— У апісанні стужкі “Першадрук” гаворыцца пра “кантэкст сучаснасці”, у якім падаецца асоба першадрукара. Чым для цябе асабіста вызначаецца гэтае паняцце? Што ёсць для цябе сучаснае кіно?

— Напэўна, паняцце сучаснасці ў кіно для сябе я вызначаю зваротам да той тэмы, якая хвалюе грамадства. Гэта значыць, сучаснае кіно мусіць быць не проста гісторыяй на пэўным фоне, але ўтрымліваць праблему, якая “баліць” людзям, іх турбуе. Схапіць, адчуць гэтую трывогу, страх, думку, актуальныя жаданні сучаснага чалавека, вызначыць іх — і ёсць для рэжысёра галоўнай задачай. Мне
падаецца, што менавіта праз цяперашнія страхі і жаданні грамадства распавядае пра сябе, паказвае сваё аблічча.

Да прыкладу, сёння для многіх беларусаў актуальныя пытанні “чужога” і “свайго”. Як, напэўна, і для людзей многіх краін, толькі ў нас ёсць свая спецыфіка гэтай праблемы. Хто і што з’яўляецца сваім або чужым? З’ехаць альбо застацца? І калі з’ехаць, то кім сябе лічыць у дачыненні да радзімы? Хто ты для яе і яна для цябе? Такіх дылем мноства. Аўтару ж важна схапіць і таленавіта адлюстраваць турботы часу.

— Калі казаць пра сучаснасць у дачыненні да “Першадрука”, то ў чым яна выяўляецца?

— У першую чаргу, мы хацелі зрабіць асветніцкую карціну, таму задачы пастаноўкі вострых пытанняў у “Першадруку” не стаяла. Аднак у фільме мы выходзім на постаць Францыска Скарыны, якая апынулася паміж каталіцкай культурай і праваслаўнай, паміж Захадам, яго тагачаснымі традыцыямі, і Усходам. Мне падаецца, што ў дачыненні да беларусаў гэты погляд актуальны і да гэтай пары. Нас увесь час імкнуцца далучыць да “свайго свету”, падзяліць, але нам важна захоўваць уласную ідэнтычнасць і адметнасць. Для мяне неістотна, хто Скарына па веравызнанні — гэта была выбітная асоба, якая зрабіла вялікі ўнёсак у станаўленне беларускай нацыі. Пашана і гонар — менавіта іх не хапае нашым выбітным дзеячам, культурным героям, якія замест гэтага трапляюць у “пракрустава ложа” вызначэнняў і маркіровак.

Нетаропкія, медытатыўныя…

— Ігар, у тваім кіно адна з галоўных дзеючых асоб — гэта прастора еўрапейскіх гарадоў, звязаных з жыццём Скарыны: Полацк, Вільня, Прага, Кракаў. Паказваюцца яны па справе і, паміж тым, з любоўю і піетэтам. З аднаго боку, мы бачым месцы, у якіх жыў асветнік, з іншага — гэта прастора еўрапейскай цывілізацыі…

— Для нашай каманды было важна, каб гэта была “суб’ектыўная” камера. Каб узнікала адчуванне персанальнага падарожжа па гэтых мясцінах. У нас былі канкрэтныя “кропкі”, якія трэба было зняць, прычым даволі хутка, але сабраны матэрыял прыемна ўразіў. Удалося паказаць прыгажосць гарадоў, якія ў нашым выпадку з’яўляліся праваднікамі ў мінулае. З аднаго боку, не хацелася паказваць натоўп, які робіць гарады занадта мітуслівымі, з іншага — без людзей гарады не з’яўляюцца тым, чым яны ёсць. Таму мы спыніліся на інтымнай атмасферы, магчымай пры вячэрніх або начных здымках, якія даюць прастор для ўяўлення чалавека. Мне хацелася, каб глядач такім чынам здзейсніў сваё падарожжа ў гісторыю.

— Камера Аляксандра Акавіцкага рухаецца павольна: злева направа, наперад... Можна сказаць, што перад гледачом разварочваецца скрутак з выявай горада.

— Можна сказаць і так. Канешне, калі наш фільм дае магчымасць людзям запаволіцца і задумацца — мы, у пэўным сэнсе, дасягнулі сваёй мэты. Кажуць, што мае фільмы нетаропкія, медытатыўныя, няма адкрытага канфлікту. І мне сапраўды не падабаюцца стужкі з пасланнем “у лоб”, калі ўсё на паверхні. Такі ўжо я чалавек, відаць, сам — задуменны, неканфліктны.

Таксама не люблю, калі ў дакументальнай карціне даецца шмат інфармацыі — гэта, на маю думку, толькі заблытвае гледача. Важна вытрымліваць баланс паміж атмасферай і фактамі. Візуальны кантакт з аб’ектам, творам мастацтва, абліччам героя часам можа распавесці гледачу значна больш за сухія лічбы. А наконт пытання пра еўрапейскую цывілізацыю: безумоўна, Беларусь — частка гэтай прасторы.

/i/content/pi/cult/652/14478/35 kultura 8-9 copy 2.jpgТак, як задумаў

— Ігар, твой досвед гістарычнага дакументальнага кіно — гэта не толькі “Першадрук”, але і “Страчаная песня” — стужка пра беларускага паэта Віктара Казлоўскага, зламанага НКУС у 1930-я. Ці можна сказаць, што табе блізкая праца з беларускай гісторыяй, культурай?

— Я з задавальненнем працягнуў бы гэты напрамак. А зрабіць стужку пра Віктара Казлоўскага мне прапанавала ў свой час небезвядомы рэдактар студыі “Летапіс” і дырэктар дакументальнай праграмы кінафестывалю “Лістапад” Ірына Дзям’янава. Аўтар сцэнарыя — знаная журналістка Людміла Сяліцкая. Таксама неверагодна дапамог з архівамі вершаў Віктар Жыбуль. Гэта быў новы для мяне досвед: даследаванне амаль невядомай постаці беларускай літаратуры — паэта-самародка з беларускай вёскі Мрочкі, якому прарочылі славу Уладзіміра Маякоўскага. Лёс яго склаўся трагічна — Віктар Казлоўскі звар’яцеў пасля выклікаў у НКУС. Пошук звестак пра паэта быў пакутлівы, але захапляльны. Асабліва нашай групе пашчасціла, калі ўдалося знайсці аднавяскоўцаў літаратара. Яны памяталі Казлоўскага і распавялі пра яго апошнія гады. Віктар, дарэчы, правёў іх у роднай вёсцы, жывучы ў зямлянцы. Мы не чакалі, што нам удасца кагосьці адшукаць, але атрымалася. Дакументальнае кіно цікавае менавіта гэтай сустрэчай з жыццём, рэчаіснасцю, якая можа прымусіць цябе выйсці за межы запланаванага сцэнарыя і прапанаваць тое, чаго нават не мог уявіць.

— Але ж у цябе таксама ёсць і досвед здымак ігравога кіно — “Лічыльнік шчасця”. Гэта кароткі метр, які, тым не менш, звяртаецца да важнай праблемы — Чарнобыльскай катастрофы. Калі давядзецца выбіраць, ты аддасі перавагу дакументальнаму ці ігравому кінематографу?

— Скажу так: выдатна, калі атрымоўваецца тое, што ты задумаў — і ў ігравым кіно, і ў дакументальным. Але ў ігравым усё ж такі цягнуся да вялікага стылю. Кіно — гэта сінтэз мастацтваў, як сцвярджае вядомае выслоўе. І калі кожны з яго складнікаў выключны, то агульны вынік мусіць быць годны, мне падаецца. Калі ўжо здымаць ігравую карціну, хочацца, каб гэта была не проста добрая п’еса, разыграная акцёрамі на аматарскую камеру, а выдатная і сцэнарная, і аператарская, і мантажная, і мастакоўская праца. Разумею, што сёння тое для нас ідэал, і да гэтага ідэалу хочацца імкнуцца.

Але, безумоўна, марыш у першую чаргу рабіць менавіта сваё кіно. На гістарычную тэматыку, пра сучаснасць — не важна. Тое, якое робіш сам і за якое адказваць таксама будзеш сам. Як Францыск Скарына з яго “Бібліяй”.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ