Небяспека “адкладзенага” прызнання

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Калекцыянер як культуртрэгер, які стварае феномены
Выставы легенды “неафіцыйнага мастацтва” Уладзіміра Акулава цягам апошніх двух гадоў несупынным маршам крочаць па краіне. У сукупнасці іх адбылося ўжо з тузін, ахоплена большасць прэстыжных пляцовак сталіцы ды рэгіёнаў. Неверагодная для Беларусі з’ява: усё гэта адбываецца без удзелу самога аўтара — ён нават не з’яўляецца на ўласныя вернісажы. Хаця зазвычай у справе папулярызацыі арт-прадукту ў нас дзейнічае простая формула: калі не сам, дык ніхто. Не будзем выказваць гіпотэз, з чым звязанае “анахарэцтва” мастака — балазе, і ў “публічны” свой перыяд ён умеў здзіўляць нестандартнымі словамі і ўчынкамі. Згадаем лепей пра рухавік гэтага ўнікальнага турнэ — калекцыянера, і, як выявілася, паспяховага арт-менеджара Яўгена КСЯНЕВІЧА. Носьбіты такіх рэдкіх у нашых шыротах амплуа ўяўляюцца многімі як прагматычныя дзялкі. Насамрэч жа, як сведчыць сусветная практыка, у большасці выпадкаў гэта ўтрапёныя культуртрэгеры, якія імкнуцца не набіць кішэні, але ўнесці сваю лепту ў арт-працэс. Ксяневіч — акурат з іх кагорты.

/i/content/pi/cult/652/14476/19477682_325543747876482_65.jpg

Яўген Ксяневіч.

— Цікава, як людзі наогул становяцца арт-калекцыянерамі?

— Што на мяне паўплывала? Найперш, сям’я. У нас заўсёды было шмат кніг — таму і нядзіўна, што цяпер маю багатую бібліятэку, у тым ліку ўнікальны збор мінікніг. Яшчэ хлапчуком я ўпершыню патрапіў у Траццякоўку, а потым і ў Эрмітаж. Ды і школа пасёлка Зялёны Бор, дзе я вучыўся, мела добрага дырэктара і настаўнікаў — што адбілася і на лёсе вучняў. А ў студэнцкія часы пазнаёміўся з цікавымі людзьмі — мастакамі і пісьменнікамі. Асабіста стасаваўся нават з такімі мэтрамі, як Вазнясенскі і Гамзатаў!

— Дарэчы, а хто вы па адукацыі?

— Фізік. Але займацца ў жыцці даводзілася самымі рознымі рэчамі — прыкладам, працуючы ў савецкія часы выкладчыкам, ладзіў паўафіцыйныя канцэрты акцёраў Таганкі. І гэта быў толькі пачатак маёй арт-дзейнасці.

— А чаму вы засяродзілі ўвагу менавіта на тым неафіцыйным мастацтве, што раскашавала ў нас у 1980-ыя?

— Мне пашчасціла ведаць многіх класікаў беларускага акадэмічнага жывапісу, у маёй калекцыі прадстаўлены ці не кожны з іх — прычым не абы-якімі паводле сваёй значнасці работамі. Але ўрэшце я абраў тое, што тады здавалася самым важкім — беларускі авангард. Ні каліва не сумняюся: гэта сур’ёзная з’ява еўрапейскага ўзроўню і адна з самых яркіх старонак нашай культуры. У 1980-я ў выяўленчым мастацтве адбыўся папраўдзе ядзерны выбух, які спарадзіў магутную хвалю — агулам, болей за 30 постацяў.

— Шчыра кажучы, наўрад ці я змагу пералічыць іх па памяці.

— Многіх мастакоў не ведаюць толькі з адной прычыны: іх папросту пакуль як след не паказвалі. Ні Віталя Чарнабрысава, ні Аляксея Жданава, ні Анатоля Ржавуцкага, ні Генадзя Хацкевіча, ні Алеся Родзіна, ні шэраг таленавітых авангардыстаў Віцебска. І паверце майму слову: некалі яны яшчэ выбухнуць!

— Чаму ж тады вы канцэнтруеце ўвагу толькі на Акулаве?

— Акулаў — гэта толькі першы этап вялікага праекта, які называецца “Беларускі авангард”. Спярша я збіраў усіх патроху, але потым зразумеў, што трэба найбольш поўна сабраць самых значных. У майстэрню да Акулава я ўпершыню патрапіў недзе ў канцы 1980-х — і адразу ўсвядоміў, што перада мною сур’ёзная фігура. Тут жа купіў пару яго твораў. І за прамінулыя гады толькі шторазу пераконваўся ў правільнасці свайго першага ўражання. Ці багата ў нас мастакоў, здатных паказаць так шмат разнапланавых моцных работ — бо тыя выставы, якія я цяпер раблю, не паўтараюцца. У той самы час, многія мастацтвазнаўцы яго і дасюль не заўважылі і не разгледзелі. Таму я паставіў перад сабой задачу паказаць маштаб творчасці Акулава ва ўсёй паўнаце. Перакананы, што з часам беларусы будуць ганарыцца ім так, як сёння ганарацца Суціным. Я смела стаўлю гэтыя дзве постаці ў адзін шэраг.

— Можа, лепей пачакаць, пакуль свае ацэнкі зробіць гісторыя?

— Не, нічога чакаць не трэба. Не хачу, каб беларускі авангард адкрывалі праз сто гадоў — як цяпер нашых прадстаўнікоў “парыжскай школы”. Не хачу, каб з авангардам паўтарылася сітуацыя, як з Яўсеем Маісеенкам, калі на ўсю краіну ёсць толькі некалькі яго работ, дый тое не самых значных. І ганаруся тым, што ў мяне маюцца творы Акулава нават з яго студэнцкіх часоў — не кажучы ўжо пра ўсе пазнейшыя перыяды.

— Якімі матывацыямі вы кіруецеся: прагматызмам альбо энтузіязмам?

— Я бачу ў гэтым сваю місію. Так атрымалася, што мне наканавана гэта зрабіць — таму і раблю. Калі ў жыцці мне пашчасціла сустрэць на сваім шляху геніяльных мастакоў, быць іх сучаснікам, я адчуваю, што маю адказнасць ім дапамагчы. Таксама як Леапольд Збароўскі быў сучаснікам Суціна і Мадыльяні — і з радасцю ўкладаў свае жыццёвыя сілы ў прапаганду іх творчасці. Я раней за іншых зразумеў, што беларускі авангард — гэта вялікая з’ява культуры, і цяпер хачу, каб максімальна шырокае грамадства ўсвядоміла яго значнасць. Тады і цэны на карціны нашых мастакоў стануць годнымі, бо сёння яны ў сотні разоў ніжэй, чым на творы такога ўзроўню нават у Расіі. Я ж стаўлю задачу, каб беларускія мастакі пастаянна прысутнічалі на “Сотбі” і “Крысці”, і за іх там яшчэ таргаваліся. Называйце мяне як заўгодна, але я бачу ў гэтым сваю місію!

— Не баіцеся яе маштабаў? Вы ў адзіночку імкнецеся раскруціць цэлы культурны феномен, які многім дасюль падаецца спрэчным.

— Я раблю ўсё крок за крокам, паступова, але сістэмна. Перш-наперш, сабраў корпус асноўных работ той плыні, цяпер ладжу выставы ў сваёй краіне. Затым будуць такія самыя выставы ў Расіі, потым — у Германіі, Францыі, Швейцарыі… Бо гэта глупства, калі кажуць, што ў сваёй айчыне не бывае прарокаў, а каб праславіцца тут, неабходна спярша прагрымець на Захадзе. Каб патлумачыць свету маштаб мастацкай з’явы, трэба, каб яна стала з’явай на радзіме. Таксама ў маіх планах — фільмы і, спадзяюся, добрыя мастацтвазнаўчыя даследаванні, з якімі пакуль у нас наогул вялікая праблема. І такая сістэмная работа з году ў год. Пакуль Бог будзе даваць сілы.

— Небяспека “адкладзенага” прызнання акурат і заключаецца ў тым, што пакуль мы спахопімся, творы паспяваюць некуды сплыць.

 — І прыклад нашых цудоўных прадстаўнікоў класічнай школы, многія знакавыя работы якіх трывала аселі за мяжой, павінен быць для нас павучальным. Як паказвае практыка, калі калекцыя таго ці іншага аўтара не была сабраная своечасова, яшчэ пры яго жыцці, потым зазвычай бывае ўжо позна. Вось і даводзіцца на юбілейнай выставе да стагоддзя знакавага мастака паказваць не этапныя яго творы, а нейкія эцюды — тую драбязу, якую сам аўтар, можа, нават саромеўся выстаўляць. Хаця гэта ў пэўнай меры нават дыскрэдытацыя імя — прыходзячы ў музей, моладзь дзівіцца, за што яго так шануюць.

— Вы маеце стасункі з дзясяткамі дзяржаўных музеяў. Як сёння адбываецца іх супрацоўніцтва з прыватнымі калекцыянерамі? Ці ёсць зацікаўленасць з іх боку, ці адпрацаваны механізмы ўзаемадзеяння?

— Стасункі гэтыя надзвычай прыемныя, ніякіх непаразуменняў ніколі ў нас не ўзнікае. Заключаюцца дамовы, кожны бок бярэ на сябе пэўныя абавязкі, мы лёгка знаходзім агульную мову — і разам робім цікавы праект. Хаця гадоў дзесяць таму працаваць з музеямі было надзвычай складана. Відавочна, стаўленне музейнай супольнасці да беларускага авангарду змянілася, і замест насцярожанасці прыйшла зацікаўленасць. Прычым гэта тычыцца не толькі сталіцы, але і рэгіёнаў: я лічу няправільным канцэнтраваць сваю дзейнасць толькі ў Мінску. Балазе, і за яго межамі процьма добрых музеяў і галерэй з цудоўнымі экспазіцыйнымі магчымасцямі — напрыклад, у Буда-Кашалёве, Чырвоным Беразе, Гомеле, Віцебску, Полацку. Там ужо адбыліся выставы Акулава і будуць ладзіцца выставы іншых мастакоў-авангардыстаў.

/i/content/pi/cult/652/14476/maxresdefault.jpg

Уладзімір Акулаў.

— Першыя захады па асэнсаванні беларускага авангарда сур’ёзнымі музеямі ўжо зроблены…

— Але ўсё адно мы тут пакуль прыпазняемся. У Расіі ўжо ёсць асобныя музеі — і, між іншым, дзяржаўныя, — якія спецыялізуюцца выключна на авангардным і канцэптуальным мастацтве. Выдадзены дзясяткі альбомаў і даследчыцкіх манаграфій-“цаглінаў”. Таму ў нас усё яшчэ пакуль наперадзе. Прычым я кажу зусім не толькі пра цэнтральныя мінскія музеі. Чаму б сваё слова не сказаць тым маленькім гарадам, адкуль паходзяць канкрэтныя мастакі? Гэта ж такая падстава для гонару, для фарміравання іміджу рэгіёна і не залежнай ад пары года турыстычнай плыні! За мяжою створана вельмі шмат такіх невялікіх муніцыпальных музеяў, і было б выдатна, каб мясцовыя ўлады пераймалі гэтыя прыклады.

— А ці гатовыя вы прадастаўляць творы са сваёй калекцыі для музейных выстаў?

— Так, зразумела — і пастаянна гэта раблю! Прыкладам, я люблю Івана Дмухайлу, сябраваў з ім, і калі Нацыянальны мастацкі папрасіў даць работы на яго юбілейную выставу, у ахвоту пагадзіўся — а ў мяне, між іншым, ёсць праграмныя яго творы. Я збіраю калекцыю не для сябе — наадварот, хачу, каб яна дэманстравалася як мага шырэй.

 — Ці няма рэўнасці альбо канкурэнцыі ў калекцыянерскім асяродку?

— Для таго, каб яны ўзніклі, у нас проста бракуе спецыялізаваных на гэтай тэме калекцыянераў. Да ўсяго, мы разумеем, што папулярызацыя таго ці іншага пласта беларускай культуры, вывад яго на сусветныя пляцоўкі патрэбны нам усім. Па сутнасці, у нас гэткі невялічкі клуб аднадумцаў. І каб з’явілася такая магчымасць, мы маглі б аб’яднаць высілкі ды зрабіць грунтоўную выставу беларускага авангарда, заняўшы ёю, скажам, цэлы Палац мастацтва. Праўда, пакуль з гэтым праблема: як вы цудоўна ведаеце, згаданая ўстанова павінна сама на сябе зарабляць.

— А ці няма ў вас боязі калісьці надакучыць? Атрымаўшы запрашэнне на нейкую ўжо -наццатую за апошні год выставу Акулава, сёй-той, напэўна, палічыць, што гэта — зашмат.

— Зашмат стане, калі нашы мастакі пачнуць каштаваць столькі, колькі яны сапраўды вартыя. Калі ў Цэнтры Пампіду пройдзе вялікая рэтраспектыва беларускага авангарда ва ўсёй яго красе. Вось тады мне можна будзе трохі суцішыцца.

Гутарыў Ілья СВІРЫН