У пошуках падтрымкі

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Наталля ЛЕВАНАВА, рэжысёр, кіраўнік праектаў “Казачкі бай!” і “Дыяфільм live”, арганізатар фестывалю “Казачны джэм”:
Чаму творчасць немагчымая без фінансавай асновы і што трэба моладзі для прафесійнага старту? Адказы на гэтыя пытанні атрымліваеш ужо тады, калі ствараеш праект самастойна, па-за нейкімі структурамі.

Мне пашанцавала, і мой дыпломны спектакль “Па імені Гаспадар” у 2014 годзе стаўся для мяне не толькі творчым вопытам — на яго прыкладзе я змагла самастойна прасачыць за ўсімі арганізацыйнымі стадыямі праекта. Спектакль выйшаў падчас рамонту ў Акадэміі мастацтваў, таму сцэна была зачыненая, і першыя паказы праводзіліся ў аўдыторыі. Потым мы гралі яго на Малой сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, пасля чаго з’явілася прапанова перайсці на Вялікую сцэну, хаця і па-за рэпертуарам. Гэта было хвалююча і цікава, але тады я яшчэ не ўсведамляла, што пагаджаюся не толькі на пэўнае месца, але і на камерцыйныя рызыкі — рэкламу, продаж білетаў і гэтак далей. А ў гэтых справах таксама трэба штосьці разумець, для чаго і існуе асобная спецыяльнасць “Менеджмент сацыяльна-культурнай сферы”. Праблема ў тым, што людзі, якія яе атрымалі, не могуць зарабляць сабе на жыццё ва ўласнай прафесіі, і выбіраюць іншыя фінансава выгадныя варыянты. Выключэнняў мала. Таму ты сам шукаеш на свой праект грошы, думаеш пра яго імідж, прасоўванне і гэтак далей. Такіх ведаў не хапала адразу пасля заканчэння акадэміі.

Важна, каб маладыя рэжысёры мелі магчымасць арыентавацца ў той прасторы, дзе яны будуць жыць і працаваць, разумелі, якія ў іх ёсць магчымасці, складанасці. І рабілі свядомы выбар. Цяпер, калі я спрабую ставіць спектаклі, праводзіць паказы дыяфільмаў, востра адчуваю, што ў нас не хапае структуры, якая б аб’ядноўвала і скіроўвала творчыя сілы, дапамагала даваць нейкі старт у прафесіі. Хаця б мінімальныя гранты на арганізацыю фестываляў, пастаноўку спектакляў, правядзенне майстар-класаў маглі б моцна падтрымаць шмат якія праекты.

Тут ужо мне ёсць пра што гаварыць як арганізатару фестывалю “Казачны джэм”. Мы збіраем камерныя тэатральныя і музычныя калектывы, якія працуюць з рознымі формамі казкі і будуюць свае выступленні на іх аснове. Сёлета праводзім фестываль ужо ў трэці раз, але штогод сутыкаемся з праблемай фінансавання. Усе кажуць, што ідэя выдатная, праходзіць усё здорава, удзельнікаў з іншых краін становіцца ўсё больш, але па-ранейшаму ў нас няма ніякай базы і стабільнай асновы. На гэты раз мы адважыліся звярнуцца за падтрымкай да нашых гледачоў і ўсіх зацікаўленых і запусцілі збор сродкаў на краўдфандынгавай пляцоўцы — “у народзе” цяпер шукаюць сродкі арганізатары шмат якіх культурных праектаў. Паглядзім, што атрымаецца, але гэта дакладна не шлях вырашэння праблемы. У нашых сілах змяняць штосьці побач з сабой, дапамагаць здзяйсняцца таму, што нам цікава і залежыць ад нас, але доўга на энтузіязме творчай моладзі нічога адбывацца не можа.