Ракіроўка па-смалявіцку

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Як не супрацьпаставіць службовыя абавязкі творчаму імпэту
Хто такі дырэктар дома культуры? У першую чаргу — чалавек, які займаецца адміністрацыйна-гаспадарчай і эканамічнай дзейнасцю сваёй установы. Калі ж выязджаеш у невялікія мястэчкі, напрыклад, у пасёлак Зялёны Бор Смалявіцкага раёна, адразу бачыш, што значэнне пасады куды шырэйшае за службовую інструкцыю: тут дырэктар СДК з’яўляецца тым самым чалавекам, да меркавання якога прыслухоўваюцца і ідуць па параду не толькі непасрэдна ў творчым дачыненні. Таму змена такога сапраўды народнага дырэктара ўспрымаецца тамтэйшымі жыхарамі вельмі востра.

285 за аднаго

На адрас рэдакцыі “К” прыйшоў ліст ад усхваляваных зеленаборцаў. Пад зваротам — 285 подпісаў (да канца жніўня тая лічба дарасла амаль да 400), а ў тэксце — россып пахвал у адрас дырэктара Зеленаборскага сельскага Дома культуры Валерыя Гусева, доўгі пералік яго заслуг, творчых перамог, здзіўленне двума дысцыплінарнымі спагнаннямі на яго імя і пытанне да ўсіх датычных да сітуацыі: чаму з прызнаным прафесіяналам упраўленне ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Смалявіцкага райвыканкама не працягвае кантракт? З прадстаўленых нам папер вынікала, што Валерый Віктаравіч плённа працаваў на сваёй пасадзе 28 гадоў, за гэты час калектывы СДК і асабіста спадар Валерый атрымалі дзясяткі ганаровых грамат і дыпломаў. Загучала яго імя і на ніве міжнародных зносін: за наладжванне культурных сувязей паміж Беларуссю і Францыяй Гусеву быў уручаны медаль і прысуджана званне Ганаровага грамадзяніна горада Кулонь. Вяскоўцы пералічваюць безліч мерапрыемстваў, што зладзіў дырэктар іх СДК, і, зразумела, хвалююцца за яго ўласны лёс і будучыню іх, як яны самі пішуць, пасялковага агменя культуры.

Прачакаўшы некалькі тыдняў абяцанага галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама транспарту, аглядальнік “К” выправілася сваіх ходам у дарогу, каб пачуць меркаванні усіх бакоў і даведацца пра далейшы лёс галоўнага героя таго ліста. Як высветлілася, за гэты час са спадаром Гусевым быў заключаны новы кантракт: на пасаду мастацкага кіраўніка Зеленаборскага СДК.

Правілы дыктуюць

Зеленаборскі дом культуры працуе больш за шэсць дзясяткаў гадоў. Па словах кіраўніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смалявіцкага райвыканкама Веранікі Няхайчык, сёння гэтая ўстанова культуры ахоплівае канцэртамі ды творчымі гурткамі не толькі больш за 1200 жыхароў сваёго пасёлка, але яшчэ і 17 чалавек з вёскі Астравы. Пры ўстанове працуе 8 клубных фарміраванняў, куды запісана 80 дарослых, і 4 гурткі для дзяцей і падлеткаў, якія наведваюць з паўсотні школьнікаў. Вераніка Ігараўна прыводзіць статыстыку: за паўгода ў СДК прайшло 140 канцэртных і конкурсных праграм, выстаў, акцый, тэатралізаваных прадстаўленняў, вечароў адпачынку, літаратурна-музычных кампазіцый, Дзён адчыненых дзвярэй, дыскатэк і гэтак далей.

“СДК, як гаворыцца, упакаваны добра. У 2012 годзе правялі капітальны рамонт будынка і памяшканняў, у 2014-м набылі сцэнічныя касцюмы і камп’ютарную тэхніку, на наступны год — фотаапарат. Умовы створаны,
надышоў час пашырыць зону дзеяння ўстановы культуры. Вельмі хочацца бурлення сучасных кірункаў, каб тут з’явілася новае пакаленне наведвальнікаў, каб моладзь адклала ўбок планшэты і смартфоны ды прыйшла на мерапрыемствы ў гэтыя сцены”, — упэўнена суразмоўца.

У прыклад яна прыводзіць яшчэ адзін рабочы пасёлак Смалявіччыны — Усяж. Там такі ж па памерах СДК, але ў ім віруе жыццё нават у выхадныя. Па меркаванні візаві, прычына такога творчага ўздыму ў імпэце маладога спецыяліста, якая не так даўно прыехала ва Усяж: “Яна загарэлася новымі магчымасцямі, назбірала ахвотных у бясплатныя гурткі, для тых, каму не хапіла там месца, адчыніла як індывідуальны прадпрымальнік платную студыю”.

У нашай размове кіраўнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі неаднаразова падкрэслівала, што яна цэніць Валерыя Гусева як высакакласнага спецыяліста. Разам з тым, СДК неаднаразова прапаноўвалі наладзіць шчыльнае супрацоўніцтва з сельвыканкамам, стварыць новыя гурткі і аматарскія аб’яднанні, павялічыць колькасць наведвальнікаў, але мала што змянялася. “У выніку мы знайшлі рашэнне, якое задаволіла ўсіх: спадар Гусеў цяпер лічыцца не толькі мастацкім кіраўніком СДК, але ён афіцыйна прызначаны і кіраўніком народнага ансамбля песні “Пасаг”. Такім чынам, мы не развітваемся са спецыялістам. У коле яго абавязкаў застанецца арганізацыя культурных мерапрыемстваў, канцэртных праграм, ён працягне распрацоўваць і складаць сцэнарыі, тэматычныя акцыі, займацца музычным суправаджэннем і тэхнічным абсталяваннем — усім тым, у чым ён сапраўдны ас. А арганізацыйныя пытанні наш аддзел даверыць маладому спецыялісту, які, спадзяемся, прынясе свежыя ідэі”, — падсумавала Вераніка Ігараўна.

У галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама прынялі рашэнне мясцовых уладаў. Выконваючая абавязкі кіраўніка (па пытаннях культуры) Святлана Баранок распавяла, што асабіста ведае спадара Гусева: прысутнічала на адкрыцці СДК пасля капрамонту, віншавала яго са званнем лаўрэата рэспубліканскага конкурсу бардаўскай песні. “Мы даведаліся пра сітуацыю са звароту грамадзян, накіраваліся да ўпраўлення культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Смалявіцкага райвыканкама, выслухалі ўсіх. Рашэнне мясцовых уладаў падалося нам разумным: творчага чалавека не пакінулі на вуліцы, працаўладкавалі. Практычна тыя ж задачы, амаль той жа заробак. Разумею, што статус крыху іншы, але ў дырэктара сапраўды былі пытанні па выкананні службовых абавязкаў”, — тлумачыць афіцыйную пазіцыю спадарыня Баранок.

Свой сярод сваіх

Зялёны Бор знаходзіцца быццам у кішэні Барысаўшчыны: аточаны з трох бакоў тэрыторыяй суседзяў, ён прытаіўся ў глыбіні лясоў, дзе некалі хавалася тутэйшае насельніцтва ад арміі Напалеона. Сёння ж пасёлак уражвае самавітасцю, заможнасцю і архітэктурным размахам: на невялікай тэрыторыі два прадпрыемствы дзейнічаюць так эфектыўна, што ў цяжкадаступны Зялёны Бор штотыднёва едуць на змену жыхары не толькі райцэнтра, але Жодзіна і Барысава (да якіх тут куды бліжэй, чым да саміх Смалявічаў).

На парозе СДК мяне сустрэлі сам Валерый Віктаравіч і часова выконваючая абавязкі дырэктара Аксана Паўлавец. Пачалі з экскурсіі: фае з абсталяваннем для дыскатэк, вялікая глядзельная зала, якая, па запэўніванні маіх суправаджальнікаў, на ўсіх мерапрыемствах амаль цалкам запоўнена людзьмі, більярдная, пакой для гуртковых заняткаў, бібліятэка. Па словах яе “гаспадыні” Таццяны Гусевай, такое суседства дапамагае працы абедзвюх устаноў: гурткоўцы стала забягаюць да яе за новым чытвом (дарэчы, спадарыня Таццяна заверыла, што “Культура” тут не пыліцца на паліцы, а актыўна чытаецца мясцовымі), бібліятэкар дапамагае праводзіць экскурсіі на тутэйшых выставах выяўленчага мастацтва, актыўна ўдзельнічае ў акцыях і мерапрыемствах СДК. Што тычыцца більярднай, дык яна дапамагае забяспечваць план платных паслуг. У гэтым годзе СДК неабходна зарабіць 58 тысяч рублёў. “Мы ладзім платныя выязныя канцэрты, запрашаем да нас на выступленні прафесійных артыстаў. Я дамовіўся з прафсаюзам зеленаборскага прадпрыемства: яны выкупаюць для сваіх супрацоўнікаў па безнаяўным плацяжы абанементы на гульню ў більярд. Да плана крыху не дацягваем, але імкнёмся дасягнуць максімальных лічбаў”, — тлумачыць спадар Валерый.

Падчас экскурсіі становіцца зразумелым, што ў некаторых пакоях не хапае бягучага рамонту. Валерый Віктаравіч аб праблеме ведае: “Спадзяюся, новае кіраўніцтва зможа паскорыць вырашэнне гэтага пытання”. Умовы не замінаюць плённай працы калектываў. Тут рэпеціруе вакальна-інструментальны ансамбль “Настальгія” і народны ансамбль народнай песні “Пасаг”, узбагачаюць рэпертуар лялечны тэатр “Сумленны круцель”, дзеці займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Не буду пералічваць усе формы дзейнасці, якія прапануе зеленаборская ўстанова культуры. Відавочна, Валерый Гусеў за амаль тры дзясяткі гадоў зразумеў спецыфіку мясцовасці, добра адчувае патрэбы вяскоўцаў і займеў аўтарытэт — інакш проста не магчыма было б зладзіць шматлікія маштабныя акцыі, якімі стракаціць партфоліа СДК. Аксана Паўлавец пацвярджае мае думкі: “У Зялёным Бары склаўся пэўны соцыум, тут свае аўтарытэты і дырэктар дома культуры — адзін з першых людзей у пасёлку. Валерыя Віктаравіча мясцовыя чуюць, сапраўды прыслухоўваюцца да яго прапаноў. Куды не пойдзеш — жыхары спыняюць на вуліцы і запытваюць, якое мерапрыемства ў СДК на чарзе. Упэўнена, новаму дырэктару будзе цудоўна працаваць з мастацкім кіраўніком, у якога творчых планаў мільён і які гатовы падставіць новаму чалавеку плячо, бо добра ведае людзей, мясцовыя правілы і звычкі”.

Спадар Гусеў разумее, што ў кожнага спецыяліста ёсць свой канёк, новы дырэктар можа прапанаваць іншы погляд на гурткі, творчыя аб’яднанні, захоча ўкараніць нязвыклыя да гэтай пары кірункі. “Хацелася б, каб ён прытрымліваўся прыярытэтнай задачы клубных работнікаў — даць людзям магчымасць самарэалізавацца. Я гатовы дапамагчы маладому спецыялісту. І першае, што яму параю — уважліва пачытаць свае службовыя абавязкі, палажэнне аб працы Дома культуры, каб ён ведаў, якія ў яго ёсць правы: што можа рабіць, што павінен у дачыненні да падначаленых і сваіх кіраўнікоў. Гэтаму не вучаць ва ўніверсітэце культуры, моладзі часцяком не хапае юрыдычных ведаў”, — падсумоўвае візаві.

Вось толькі аддаленасць населенага пункта адпужвае маладых спецыялістаў. Вераніка Няхайчык пацвердзіла: сюды неаднойчы накіроўвалася моладзь, аднак не затрымліваліся, бо хоць Смалявіцкі раён і непадалёк ад Мінска, з Зялёнага Бору да сталіцы дабрацца надзвычай складана. У райцэнтр з мінулай восені сталі хадзіць маршруткі (праўда, праз Жодзіна). Вось толькі апошняя адпраўляецца з пасёлка а 18-й. “Гэта зусім не падыходзіць культработнікам, бо, як вядома, уся гуртковая праца ладзіцца па вечарах. Хтосьці ездзіць на сваіх машынах. Мне ж пасля правядзення дыскатэкі даводзілася нават начаваць у СДК”, — распавядае пра праблему Аксана Паўлавец. Таму каб спраўдзіліся надзеі на амаладжэнне кадраў, трэба ў першую чаргу прадставіць будучаму супрацоўніку жыллё. Кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі завярае: пытанне на кантролі і павінна вырашыцца, у крайнім выпадку ў Зялёны Бор перавядуць моцнага спецыяліста з іншай установы культуры раёна. У Смалявічах упэўнены, што пасада доўга пуставаць не будзе і да сярэдзіны кастрычніка ўсё стане на свае месцы. Час пакажа, чым завершыцца няпростая для Зеленаборскага СДК гісторыя. А “К” пра тое напіша.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"