Статут “нацыі кніг”

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Акурат у Дзень ведаў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася ўнікальная экспазіцыя “Нацыя кніг”. У яе цэнтры — арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 года, які стала захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва.Яго набыццё з рук прыватнага калекцыянера стала магчымым дзякуючы грамадскай кампаніі па зборы сродкаў. Цяперашні дырэктар літаратурнага музея Зміцер ЯЦКЕВІЧ быў адным з ініцыятараў вяртання рарытэта ў грамадскі ўжытак. Таму і нядзіўна, што менавіта яго ўстанова дае мінчукам магчымасць убачыць на ўласныя вочы выкшталцоны помнік юрыдычнай думкі, які многія лічаць першай еўрапейскай канстытуцыяй.

Пра гэты асобнік Статута беларускія навукоўцы дазналіся ў 2012 годзе падчас выкупу “Часоўніка” Магілёўскай брацкай друкарні, які, дарэчы, таксама экспануецца на выставе “Нацыя кніг”. Каб набыць кнігу, трэба было 52 тысячы долараў. Падчас доўгіх перамоў з уладальнікам Статута кошт удалося знізіць да 45 тысяч. Дзякуючы ініцыятыве дырэктара музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, быў аб’яўлены збор сродкаў. Патрэбная сума знайшлася ўсяго за тры тыдні.

— Лічу, такім чынам нашы людзі яшчэ раз даказалі, што яны — адзіная нацыя, — кажа Зміцер Яцкевіч. — Дабрачыннасць у нас існавала спрадвеку. Ніводнае выданне кнігі не адбылося б без дапамогі нейкага мецэната.

Дарэчы, як Статут патрапіў у рукі калекцыянера — дакладна невядома. Спадар Зміцер толькі дазнаўся, што да рэвалюцыі кніга знаходзілася ў Разанскай духоўнай семінарыі. Далейшыя этапы яе лёсу пакрытыя змрокам гісторыі.

Набыццё рарытэтаў з прыватных рук — справа рызыкоўная, бо заўсёды ёсць небяспека натрапіць на падробку. Па словах дырэктара музея, маючы належныя здольнасці і выдаткаваўшы пару тысяч долараў, можна зрабіць вельмі якасную фальшыўку.

Экспертызу тады праводзіў сам Зміцер Яцкевіч. Для яго гэта цэлая навука. Па словах спецыяліста, для вызначэння сапраўднасці найперш трэба звяртаць увагу на тры важныя рэчы: папера, шрыфт і маргіналіі, дзякуючы якім можна прасачыць гісторыю выдання.

— Папера ў той час рабілася ўручную, яна больш трывалая за цяперашнюю, таму і трымаецца ўжо больш за 400 гадоў, — дадае спадар Зміцер. — І столькі яшчэ праіснуе — тым больш, пры належных умовах захоўвання.

У дадзенага выдання ёсць цікавая асаблівасць — гэта слова “беларускі”, напісанае на адной са старонак. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яго пакінуў на пачатку ХІХ стагоддзя вядомы расійскі навуковец Васіль Сопікаў, некаторыя настойваюць, што слова з’явілася яшчэ ў XVII стагоддзі. Дырэктар музея прытрымліваецца першай версіі, падмацоўваючы яе сваімі даследаваннямі напісання літар і атраманту:

— Да таго ж, тэрмін “беларускі” быў уведзены ў Расійскай імперыі толькі з прыходам Кацярыны ІІ, — дае ён яшчэ адзін аргумент. — Пакуль я не магу даказаць сваю версію на 100% — для гэтага трэба мець узор почырку Сопікава. Але спадзяюся ў хуткім часе расставіць усе кропкі.

Акрамя Статута 1588 года на выставе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры можна пабачыць рэдкія выданні Магілёўскай кансісторскай друкарні XVIII стагоддзя з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каштоўныя кнігі з фондаў самога літаратурнага музея, а таксама паменшаную копію друкарскага станка, зробленую вучнем мінскай гімназіі Маркам Кодзенявым.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"