Хелена — самая!

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

На сёлетнім дзіцячым “Еўрабачанні” Беларусь запомняць па песні Рыты Дакоты “Я самая”. Тэкст дапамагала пісаць юная выканаўца Хелена Мерааі. З гэтай песняй 14-гадовая дзяўчынка стала пераможцай нацыянальнага адбору і паедзе ў лістападзе ў Тбілісі, дзе і будзе праходзіць конкурс.

Хелена спявае з маленства, вучыцца не толькі ў сталічнай гімназіі, а яшчэ і ў дзіцячай музычнай школе — восьмай, той, што носіць імя нашага знакамітага хормайстра, фалькларыста, заснавальніка Дзяржаўнай харавой капэлы Беларусі Рыгора Шырмы. Да “Еўрабачання” Хелену рыхтавала Вольга Драздова, за плячыма якой і багатая ўласная выканальніцкая кар’ера, і аўтарства многіх песенных кампазіцый, і педагагічная дзейнасць, прычым “з прыцэлам” на буйныя міжнародныя конкурсы. Хочаш на “Еўрабачанне”? Менавіта так яна запытала дзяўчынку, калі тая прыйшла да яе ў клас.

Раней Хелена Мерааі гэтак жа хацела патрапіць на іншыя сур’ёзныя конкурсы. І перамагала! Не толькі сольна, як, да прыкладу, у тэлепраекце “Голас”, але і ў складзе вакальнага ансамбля на той жа “Новай хвалі”. Выступала як “ад Беларусі”, так і “ад Расіі” (у складзе спеўнага трыа).

Яна карэнная мінчанка. Прозвішча — ад бацькі, ураджэнца Сірыі, які ўжо больш за трыццаць гадоў жыве ў Беларусі: у свой час скончыў наш БДУ, стаў кандыдатам навук, ажаніўся. Імя — у гонар бабулі, бацькавай маці. Голас — ад матухны-прыроды. Упартасць, працаздольнасць, мэтанакіраванасць — ад характару.

Песню ўжо ўсе паспелі назваць “надта дарослай”. Магчыма, так яно і ёсць. Ды ўсё ж такое “сталенне” рэпертуару (не адно з пункту гледжання літаратурных тэкстаў, але і ў музычна-стылёвых адносінах) — прыкмета часу. Куды больш важна, пэўна, тое, што і песня, і выкананне — папраўдзе стыльныя. Што дзяўчынка добра валодае джазавай манерай. Што спявае нязмушана і артыстычна. Ну, а як складзецца далейшы “еўрабачанны” лёс Хелены — пагадзіцеся, усё ж менш важна за яе лёс спеўны і жыццёвы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"