Духоўны суверэнітэт і дзяржаўная граніца

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Што агульнага ў тых, хто шчыруе на культурна-мастацкім полі з тымі, хто служыць у войску?

/i/content/pi/cult/652/14470/DSC07163.jpg

Міхась Пазнякоў і Сяргей Кравец з пагранічнікамі.

На першы погляд — нічога. Можна, праўда, згадаць радкі Маякоўскага: “Я хочу, чтоб к штыку приравняли перо…”, напісаныя ў час, калі само жыццё вымагала мілітарызацыі свядомасці грамады. Альбо творчы подзвіг артыстаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны падымалі настрой у байцоў на фронце; мастакоў і літаратараў, якія стваралі летапіс пакутніцтва і гераізму. Ці нават тое, што ў арміі і іншых сілавых структурах і сёння прадугледжаныя кадравыя адзінкі і падраздзяленні, якія дбаюць пра псіхалагічны камфорт і культурны ўзровень людзей у пагонах. І ўсё ж вельмі яны не падобныя — мастак / паэт / артыст, што ў значнай ступені сам сабе гаспадар, сам акрэслівае межы так званай творчай дысцыпліны, і салдат, усё жыццё якога рэгламентуецца статутнымі патрабаваннямі і загадамі начальніка.

Але падабенства ёсць. Людзі творчых прафесій дбаюць пра духоўны суверэнітэт краіны, людзі ў пагонах — пра непарушнасць граніц дзяржавы. І тое, і другое — справа патрыятычная.

У нашай краіне не страчана вядомая з савецкіх часоў традыцыя супрацоўніцтва творчых саюзаў і арміі. Даволі выразна яна праяўляецца ў дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі. Да прыкладу, старшыня яго Мінскай гарадской арганізацыі Міхась Пазнякоў разам са спеваком, артыстам і кампазітарам Сяргеем Краўцом, які піша песні на ягоныя вершы, аб’ехаў, бадай, усе пагранічныя заставы па перыметры межаў нашай краіны. У нядзелю гэты творчы тандэм гасцяваў у адной з пагранічных часцей, што знаходзяцца ў Мінску. Так, менавіта ў Мінску, хоць сталіца нашай дзяржавы знаходзіцца не на граніцы, а ў цэнтры краіны. Літаратар і артыст былі гасцямі групы сувязі і забеспячэння органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Месціцца падраздзяленне ў адным з мінскіх прыгарадаў. Міхась Пазнякоў вядомы як паэт, празаік, перакладчык. Ягоная творчасць скіраваная да чытачоў (а калі казаць пра песні, дык і слухачоў) розных узростаў — дзяцей і моладзі, тых, хто будуе планы на будучыню, і тых, хто ўжо жыве настальгічнымі ўспамінамі. Ён валодае талентам лірычным, але здольны і да паэзіі грамадзянскага гучання. Гэтыя акалічнасці дазваляюць спадару Міхасю ўпэўнена трымацца ў якой заўгодна аўдыторыі. Праграма выступлення была складзена такім чынам, каб кожны з прысутных мог адчуць праз асабістае — вобразы роднага дома, сваякоў і сяброў — далучанасць да лёсу краіны.

Прыязна прымала аўдыторыя і песні ў выкананні Сяргея Краўца. Цікавымі грамадзе былі таксама ягоныя згадкі пра ўдзел у здымках фільма “У жніўні 44-га”, дзе ён сыграў адну са стрыжнявых роляў. Артыст здолеў завесці публіку, так што напрыканцы імпрэзы зала яму ўжо падпявала.

Са сваёй гітарай прыйшоў на сустрэчу галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта палкоўнік запасу Аляксандр Сушыцкі. Пад уласны акампанемент ён спяваў песні свайго сачынення. На завяршэнні сустрэчы Міхась Пазнякоў параіў пагранічнікам, якія паводле службовага абавязку і паклікання душы з’яўляюцца абаронцамі дзяржаўных межаў, быць па жыцці абаронцамі і носьбітамі беларускай культуры і роднай мовы. Бо калі, не дай Божа, знікнуць знакі нацыянальнай тоеснасці, дык ці будзе дзяржава і межы яе…

Пасля выступлення госці мелі гутарку з намеснікам камандзіра часці па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнікам Віталем Лісавенкам. Афіцэр распавёў пра асаблівасці выхаваўча-культурнай работы з маладымі хлопцамі, чый прафесійны дэвіз “Мы — першыя, за намі — Радзіма”, згадаў гады ўласнай службы ў Брэсце на заставе імя Кіжаватава, паездкі на радзіму героя ў Цюмень у якасці прадстаўніка беларускіх пагранічнікаў. Віталь Лісавенка выказаў спадзяванне, што і надалей людзі культуры будуць гасцямі пагранічных застаў і іншых структур Дзяржпагранкамітэта. Бо, пры ўсёй уладкаванасці вайсковага побыту, пры наяўнасці бібліятэкі і клуба, байцам усё адно патрэбна і жывое слова прафесійнага літаратара, і песня ў выкананні прафесійнага артыста. Зрэшты, такія сустрэчы — знак павагі да абаронцаў межаў і іх нялёгкай службы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"