Дзе “золата будучых перамог”?

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Свет апанавала алімпійская ліхаманка. Гадзіннік, што адмярае “алімпійскі час” ля сталічнага Палаца спорту, сведчыць: да адкрыцця Гульняў у Пекіне засталося крыху больш за два месяцы. Таму жарсці вакол ліцэнзій, трэнераў, спартсменаў распаляюцца.

 /i/content/pi/cult/163/1447/Dze-zolata1.jpg

У.Новак. “Футбол”.

Сёлета на сусветных спаборніцтвах Беларусь будзе прадстаўлена згуртаванай камандай прафесіяналаў, якая, думаецца, папоўніць скарбонку краіны добрым ураджаем медалёў. Каб падтрымаць баявы дух удзельнікаў і балельшчыкаў, а таксама нагадаць ім пра яскравыя перамогі мінулага, у Палацы мастацтва адкрылася выстаўка “Спорт”. Футбол, хакей, тэніс, выездка, цяжкая атлетыка, барацьба — ніводзін з папулярных відаў спорту не застаўся без увагі нашых жывапісцаў, графікаў, скульптараў, керамістаў.

На палотнах знаходзяць адлюстраванне і відовішчныя знаходкі новага часу, як, напрыклад, “Водная феерыя. Дайвінг” Анатоля Бяляўскага.

Наведвальнікі змаглі ўзгадаць старонкі славы нашай краіны, узіраючыся ў партрэты славутых спартсменаў: першага беларускага алімпійскага чэмпіёна Сяргея Макаранкі (Георгій Паплаўскі), шматразовых алімпійскіх чэмпіёнаў фехтавальшчыцы Алены Бяловай і гімнасткі Вольгі Корбут (абедзве работы — Уладзіміра Новака), барца Аляксандра Мядзведзя (Мікалай Апіёк), выдатнага футбольнага трэнера, сённяшняга кіраўніка аддзела дзіцяча-юнацкага футбола Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Эдуарда
 /i/content/pi/cult/163/1447/Dze-zolata2.jpg

С.Гумілеўскі. “Танец”.

Малафеева (Уладзімір Масленікаў).

Не забыліся мастакі і на шыкоўныя спартыўныя комплексы, некаторыя з якіх з’явіліся не так даўно, але ўжо заваявалі любоў прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Уладзімір Новак адлюстраваў “Свята ў Ратамцы”, Эдуард Астаф’еў паказаў лыжнікаў і сноўбардыстаў, якія апрабоўваюць вясенні снег у “Сілічах”, а Аляксей Панцюк-Жукоўскі пераканана заявіў, што “Золата будучых перамог у Раўбічах”.

Выстаўка яшчэ раз пацвердзіла: спорт — неад’емная рыса нашага часу. Асабліва радуе, што майстэрства культуры фізічнай неад’емна ідзе поруч з узбагачэннем культурай духоўнай. Галоўныя памкненні прадстаўнікоў шматлікіх дзяржаў быць хутчэй, вышэй і дужэй астатніх усё ж не адцерлі памкненне да выдатнага на другім плане: у Пекіне ў межах XXIX Алімпійскіх гульняў пройдзе міжнародная біенале сучаснага мастацтва. Адзначым, што прадстаўляць на ім Рэспубліку Беларусь будзе плакат з выявай скульптуры Максіма Петруля “Паміж”.

Людміла МАКОЎСКАЯ