Прывітальнае слова

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова на прэзентацыі факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” ў Нацыянальнай бібліятэцы

Паважаныя прысутныя!

Прыміце мае віншаванні ў сувязі з вельмі значнай для айчыннай культуры падзеяй — завяршэннем грунтоўнай працы па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.

Асоба Скарыны мае выключнае значэнне для беларускай гісторыі і культуры. Імя Скарыны — своеасаблівы сімвал нацыянальнай ідэнтычнасці, імя, дзякуючы якому мы адчуваем гонар за сваю краіну, народ і яго славутую гісторыю.

У год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў нашай краіне і за яе межамі праходзіць мноства навуковых, мастацкіх, адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў. Найбольш маштабныя, кульмінацыйныя мерапрыемствы прыпадаюць менавіта на верасень. Таму сімвалічна, што ў першы дзень верасня падагульняюцца вынікі шматгадовага міжнароднага навуковага і выдавецкага праекта “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, адбываецца своеасаблівае вяртанне скарынаўскай спадчыны на Беларусь.

Зроблена вялікая справа. Таму хачу падзякаваць за значны ўклад у яе пачатак, рэалізацыю і завяршэнне ўсім удзельнікам рэдакцыйнай калегіі (тым, хто прысутнічае зараз і тым, каму справы не дазволілі быць разам з намі) і, у асаблівасці, Тозіку Анатолію Афанасьевічу, Качанавай Наталлі Іванаўне і Жарко Васілію Іванавічу, маім калегам-міністрам інфармацыі, адукацыі, замежных спраў, якія сваёй падтрымкай зрабілі магчымай рэалізацыю гэтага грунтоўнага праекта.

Сваю падзяку хачу выказаць таксама колу навукоўцаў, на чале з Гусаковым Уладзімірам Рыгоравічам; прадстаўнікам дыпламатычных місій замежных краін у Рэспубліцы Беларусь, якія ўдзельнічалі ў праекце; прадстаўнікам Банка БелВЭБ; дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Матульскаму Раману Сцяпанавічу, а таксама ўсім, хто браў удзел у выданні, пачынаючы ад ідэі і заканчваючы пытаннямі друку і распаўсюджвання дыямантаў нашай нацыянальнай спадчыны.

Асабліва каштоўным лічу тое, што факсімільнае выданне — гэты пласт культурнай спадчыны нашага народа — не толькі прэзентуецца, але і перадаецца ў дар культурным, адукацыйным і навуковым установам усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама буйнейшым бібліятэчна-інфармацыйным установам іншых краін.

Увядзенне адноўленай спадчыны Скарыны ў шырокі грамадскі абарот мае надзвычайнае значэнне для далейшага развіцця культуры Беларусі.

Упэўнены, што гэта падзея абудзіць цікавасць не толькі даследчыкаў і навукоўцаў, яна дасць багаты плён у выглядзе прыцягнення ўвагі да нацыянальнай гісторыі і культуры, развіцця асветы і адукацыі самага шырокага кола жыхароў Беларусі.

Мы трымаем у руках тое, чым па-сапраўднаму можа ганарыцца беларускі народ. Шчыра веру ў тое, што славутая будучыня наканавана народу, гісторыя якога мае такія культурныя дасягненні і здабыткі, як спадчына вялікага гуманіста і асветніка Францыска Скарыны.

Яшчэ раз вялікі дзякуй усім.