Урачыстасці і будні Полацка

№ 35 (1318) 02.09.2017 - 08.09.2017 г

Перадсвяточная прагулка з рок-музыкантам па горадзе яго дзяцінства і юнацтва
Сёння ў Полацку пачаліся мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства і Дню горада. Калысцы нашай дзяржаўнасці сёлета споўнілася 1155 гадоў. Таму цалкам натуральным быў яе выбар у якасці сталіцы свята пісьменства ў 2017 годзе, калі краіна адзначае 500-годдзе свайго кнігадрукавання, а таксама юбілеі вялікіх сыноў Беларусі — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Алеся Адамовіча... Па нашай традыцыі, у адзін з “крайніх” дзён падрыхтоўкі Полацка да падзей карэспандэнт “К” прайшоўся яго вуліцамі. Кампанію яму склаў вядомы айчынны рок-музыкант Аляксей СМАЛЯКОЎ — чарговы герой цыкла матэрыялаў “Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком”. Зрэшты, лідар гурта The Stokes не зусім стопрацэнтны зямляк Полацка, але… аб усім па парадку.

/i/content/pi/cult/652/14467/Polock.jpg

Каля Сафійскага сабора ўсталявалі памятны знак "Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці" вышынёй 5,5 метраў (скульптар — Уладзімір Піпін) / Фота Аляксандра ХІТРОВА, БелТА.

Урачыстасці

У Полацку ў 1994 годзе прайшоў першы Дзень беларускага пісьменства. Пралогам цяперашняга (трэцяга ў гісторыі горада) свята стала 1 верасня, калі на плошчы Свабоды распачаўся III Нацыянальны дзіцяча-маладзёжны форум “Скарынаўскiя дні ў Полацку”, які ўключае Скарынаўскую алімпіяду і масу іншых праектаў.

Сёння ж у горадзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы, у тым ліку прымеркаваныя да юбілею Полацка. У 11.00 пачнецца маштабнае шэсце прадстаўнікоў працоўных калектываў, у той самы час на плошчы Францыска Скарыны разгорнецца фестываль кнігі і прэсы, у скверы на праспекце Скарыны ля памятнага знака “Полацк — геаграфічны цэнтр Еўропы” запрацуе пляцоўка “Літаратурны Полацк”.

У 12.00 на плошчы Свабоды стартуюць урачыстае адкрыццё Дня горада, узнагароджанне лепшых яго працаўнікоў і канцэрт мясцовых артыстаў. У 18.00 недалёка ад Сафійскага сабора будзе прэзентаваны памятны знак аўтарства скульптара Уладзіміра Піпіна “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці” — са шчытамі, на якіх адлюстраваны сімптаматычныя для Полацка сімвалы і памятныя мясціны, а таксама гістарычныя асобы, дзеямі якіх фармавалася наша краіна. Следам у Сафійскім саборы адкрыецца выстава “Тры Сафіі”. У 20.00 на плошчы Свабоды распачнецца ўжо Дзень беларускага пісьменства. І яшчэ шмат чаго чакае гаспадароў і гасцей горада, а фінальным акордам стане лазернае шоу.

Усе тры першыя дні восені на тэрыторыі свята будуць выступаць вулічныя музыканты і працаваць майстры-рамеснікі, у парку ля Кургана Бессмяротнасці пройдзе фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”. 3 верасня на плошчы Свабоды ў 13.00 пачнецца цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі, у 14.00 — перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці, а вянчае ўік-энд “жывы” канцэрт з удзелам “зорак” айчыннай папулярнай музыкі: тэлеканал “СТБ” тут жа ў 20.00 прадставіць праект “Залатая калекцыя беларускай песні”.

Як распавяла начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Алена Астапава, у гэтыя дні ў горад высадзіцца вялікі дэсант з дзяржаўных службоўцаў рознага ўзроўню, адказных работнікаў ведамстваў і ўстаноў, кіраўнікоў дыпламатычных карпусоў, замежных гасцей (толькі ганаровых чакаецца больш за пяцьсот чалавек). На свяце акрэдытавана і звыш ста пяцідзесяці журналістаў — беларускіх і замежных.

Урачыстасці і будні

Дык вось, нарадзіўся гурт The Stokes, як і яго франтмэн, у Наваполацку. На стыку стагоддзяў каманда, што летась перасягнула дваццацігадовы рубеж, цалкам магла нарабіць шоргату ў Еўропе — балазе, англамоўны альбом No Escape даваў ёй для гэтага ўсе шансы. Аднак з розных прычын прарыву на Захад не здарылася. Калектыў, паступова перайшоўшы ў асноўным на рускамоўны рэпертуар, нейкі час жыў паміж... не, не Мінскам і Рымам, як спяваецца ў адным з яго хітоў, а паміж Наваполацкам і Мiнскам, пакуль у сярэдзіне 2000-х не перабраўся ў Маскву. З тых часоў ён там і асеў, спрабуючы палюбіцца сваёй творчасцю шырокім расійскім масам. А ідэолаг яго перыядычна наведвае радзіму і Полацк, горад, да якога рукой падаць з Наваполацка, і ва ўстановах культуры якога музыкант таксама бываў у пару сваіх дзяцінства і юнацтва. У некаторыя з іх мы і завіталі.

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 10 copy.jpg

І яны, і тыя “культурныя” і не толькі ўстановы, міма якіх мы проста праходзілі, на ўсю моц рыхтаваліся да свята — і вонкава, і ўнутрана. Што тут казаць — увесь горад рыхтаваўся! На плошчы Свабоды ішла рэпетыцыя канцэрта, пасля заканчэння якой мы пазнаёміліся з яго ўдзельніцамі — юнымі прыгажунямі з узорнай студыі эстэтычнага выхавання “Калібры”, і пажадалі ім удалага выступу. Стрэлы пад’ёмных кранаў навісалі над Сафійскім саборам і Мастацкай галерэяй, у рыштаваннях былі фасады Музея беларускага кнігадрукавання і Дзіцячага музея, зелянеў свежай фарбай Гарадскі палац культуры, рабочыя варажылі над пастаментам будучага памятнага знака.

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 11 copy 5.jpg

— Бачу, што яшчэ і лесвіцы, якія вядуць да вашай установы, рамантуюць, ля будынка кладуць новую плітку, — заўважаю я ў размове з загадчыцай філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Музей беларускага кнігадрукавання” Славінай Гаўрылавай. — А чым пацешыце сваіх наведвальнікаў у святочныя дні?

— Часткова мяняюцца экспазіцыі — сёе-тое з ранейшых прадметаў зменяць матэрыялы з нашых запаснікаў, новыя набыткі. Напрыклад, выстаўлены для агляду кнігі, вырабленыя з паперы ручнога адліву. Змяніліся вітрыны ў зале, якая распавядае пра выданні-лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Абнавілася “скарынаўская” зала — змянілася яе афармленне, дадалося больш чырвонага колеру.

3D-акуляры дазволяць наведвальнікам прагуляцца па рэканструяванай друкарні Францыска Скарыны. А з 1-га па 10-е верасня ў музеі іх чакае сустрэча з арыгіналам “Малой падарожнай кніжкі” першадрукара і пісьменніка, яе можна будзе пагартаць з дапамогай інфакіёска. Сёння адкрываецца выстава псалтыроў з музейных і кніжных збораў Беларусі, а ва ўнутраным дворыку плануецца правядзенне канцэрта камернага аркестра “Еўропа-Цэнтр”.

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 10.jpg

Я пацікавіўся ў Славіны Вячаславаўны, ці атрымалася адвадзіць непажаданую публіку ад гэтага дворыка, дзе яна любіла “весела” і з рознымі напоямі бавіць час? Як выявілася, удалося. Дворык абнеслі жалезным плотам, за ім вядзецца кругласутачнае відэаназіранне. Нагадаў я загадчыцы і пра старыя планы. Калісьці вяліся размовы пра тое, каб падоўжыць тэрыторыю музея ўчасткам хаця б часткова, толькі ў гэтым месцы, абсталяванай набярэжнай Заходняй Дзвіны. Наколькі ведае спадарыня Гаўрылава, быццам бы, такі спуск да ракі ў будучыні прадугледжаны. Але на ўсё воля фінансаў.

Славіна Вячаславаўна памчалася працягваць падрыхтоўку да Дзён, а мы са спадаром Смаляковым, пакінутыя на апеку старэйшага навуковага супрацоўніка Вольгі Філімонавай, прайшліся па будынку і хвалях памяці рокера. Высветлілася, што ў музеі Аляксей не бываў са школы (тады экспазіцыя на яго ўражанне зрабіла). Але з гадамі ў камандзіры The Stokes пачуцці да роднай гісторыі зноў сталі абуджацца — магчыма, у хуткім часе і кнігадрукаванне яго зацікавіць.

Ва ўсякім выпадку, пра тое казала гарачая дыскусія, якая ўзнікла паміж Смаляковым і нашым экскурсаводам з нагоды літары “i” ды беларускай мовы наогул. Шчыра скажу, сэнс іх “баталіі” я ўлавіў цьмяна, але назіраць за імі было цікава. Спадарыня Філімонава, адпрацаваўшы размеркаванне ў музей, яшчэ на пяць гадоў падоўжыла сваю службу ў ім. “Яшчэ” — таму, што маладыя спецыялісты не занадта гараць жаданнем тут замацоўвацца — з-за зарплаты. Як складуцца адносіны гэтай чароўнай паненкі з установай далей, не будзем прарочыць. “Але пакуль — гэта маё, мой выбар”, — кажа яна.

— Нешта мне тут не вельмі камфортна, — сказаў у канцы “забегу” музыкант. — З аднаго боку, уся гэтая атмасфера старажытнасці схіляе да нейкага філасофствавання, а з другога — чамусьці “прыдушвае”...

Недалёка ад музея знаходзіцца Гарадскі парк культуры і адпачынку, які справіў вясной 50-гадовы юбілей. З надыходам святаў ГПКiА пачаў радаваць тых, хто прыйшоў сюды, чэшскім атракцыёнам “Луна-парк”, які ў Полацк даставілі адмыслова пад святы (але супрацоўніцтву з гэтымі замежнымі калегамі ўжо дванаццаць гадоў). Мастацкі кіраўнік парку Інга Крывіцкая паведаміла пра тое, што яшчэ чакае наведвальнікаў у гэтыя дні: караоке-клуб, конкурс дзіцячага малюнка па матывах беларускіх народных казак, майстар-клас па вырабе паштовак, забаўляльныя, гульнявыя і тэатральныя праграмы.

Гутарка ж з выконваючым абавязкі дырэктара ўстановы Аляксандрам Будо выдалася не такая вясёлкавая. Глядзеў я на ўсе гэтыя каруселі і іншае часоў позняга сацыялізму і ўслых думаў: напэўна, як бы “не камільфо” маці гарадоў беларускіх не мець адпаведнай пляцоўкі належнага класа. Аляксандр Аляксандравіч са мной згадзіўся: “Штогадовыя тэхагляды праходзім, але, па розуме, знесці ўсю гэтую даўніну варта. З новымі атракцыёнамі дапамагаюць іх уладальнікі, прыватнікі-“пракатчыкі”, але ж нам патрэбныя свае. Трэба сям-там памяняць асфальтавае пакрыццё і цалкам плітку, агароджу, дарамантаваць будынак адміністрацыі”.

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 10 copy 2.jpg

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 11.jpg

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 11 copy 2.jpg

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 11 copy 4.jpgАднак выявілася, што былы галоўны інжынер парку — аптыміст: спадар Будо мае намер у бліжэйшыя два гады змяніць лёс ГПКiА да лепшага: у 2018-м яму павінны быць вылучаныя грошы на куплю атракцыёна “Каліпса”, бензiнавая каса і электрапіла ўжо набыты. “Гэтая праца прыносіць мне задавальненне, я хацеў бы звязаць з ёй доўгія-доўгія гады свайго жыцця”, — прызнаўся Аляксандр Аляксандравіч.

/i/content/pi/cult/652/14467/35 kultura 11 copy 3.jpgЛюбімымі атракцыёнамі Смалякова ў парку былі арэлі “Лодачкі” і “Юнга” (“караблік”, які круціцца па коле). Першы і сыграў з ім аднойчы злы жарт, ад якога многія пакутавалі: уволю накатаўшыся, дрэнна яму стала...

— Я неяк прывёў сюды дачку Алісу, — падзяліўся Аляксей, развітваючыся з паркам. — Яна вельмі доўга ўсё аглядала, а потым спытала: “Тата, і ГЭТА каруселі?..” На што тата адрэагаваў так: “Ты нічога не разумееш, на іх яшчэ я дзіцём катаўся!”

І, агледзеўшыся, Аляксей сумна дадаў:

 — Спісаў бы я гэта ўсё...

А Гарадскому палацу культуры цяпер добра: пасля рамонту пачынае працаваць яго глядзельная зала. Да падзеі гэтай прымеркавана прэм’ера — 3 верасня тут мяркуюць паказаць спектакль “Легенда пра Усяслава” тэатра “Пілігрым”.

У зале ўсталёўвалі новыя крэслы, мантавалі апаратуру. На жаль, мы не змаглі сустрэцца з дырэктарам палаца. Затое пазнаёміліся з цудоўным народным клубам “Грай, гармонік улюбёны — Палачаначка” (яму ў наступным годзе “стукне” пятнаццаць гадоў), перапыніўшы хвілін на пяць яго рэпетыцыю. Удзельнікам калектыву я задаў усё тое ж пытанне, якое ў кантэксце традыцыйнай народнай песні турбуе не толькі мяне: “Ці расце вам змена?” Адказ быў гэтак жа традыцыйны: “Не. Моладзі гэта мастацтва нецікава, да гармоніка яна абыякавая...”

 

— У ГПК The Stokes прыходзілі рэпеціраваць на “кропку” гурта “Мясцовы час”, — успамінае Аляксей. — Мы глядзелі на сваіх старэйшых таварышаў і марылі, што будзем калі-небудзь такімі ж крутымі. А выступалі тут некалькі разоў — скажам, на фестывалі “Рок-кола”.

(Заўважу, што падарожнічаў з намі па перадсвяточным Полацку яшчэ і Сяргей Анішчанка — фігура легендарная ў сучаснай беларускай культуры, ідэолаг таго ж легендарнага форуму, з цалкам невытлумачальных для мяне і, натуральна, для самога “Анісы” прычын некалі раптам сканалага.)

“Гурткоўцам” жа спадар Смалякоў ніколі не быў. Ён займаўся спартыўнай гімнастыкай і вучыўся ў музычнай школе Наваполацка на аддзяленні фартэпіяна (праўда, не скончыў яго). А зноў палюбіў музыку наш герой, будучы ўжо падлеткам і пачуўшы iгру на гітары прыяцеля. На спрэчку Аляксей падахвоціўся асвоіць пару песень на ёй тыдні за тры, што і зрабіў. З таго часу ў яго жыццё і ўвайшоў рок-н-рол.

— А Аліса твая наведвае нейкія гурткі ў якім-небудзь доме культуры? — спытаў я музыканта.

— Яна ходзіць у мастацкую школу, задаткі ў яе ёсць. А мяне ў юнацкім узросце “забіраў” толькі рок. Каб у ГПК быў гурток вакальна-інструментальнага ансамбля, я б у яго запісаўся, астатняе ж — хоры, харэаграфія, выпальванне і гэтак далей — мне было абсалютна не цікавым. Хоць аўтэнтычнай музыкай я з гадамі прасякнуўся.

The Stokes шмат дзе выступалі — само сабой, у дамах і палацах культуры. Параўноўваючы стан, напрыклад, расійскіх і беларускіх, перавагу франтмэн гурта аддае нашым: у суседзяў яму траплялася значна больш “забітых” устаноў такога профілю. І там вялікая іх колькасць, наколькі разумее Смалякоў, належаць прыватным асобам.

Будні

— І як вам наш блін? — звярнуўся да мяне афіцыянт кафэ, у якім я перакусваў перад ад’ездам з Полацка. Я на імгненне задумаўся над, як здалося мне, двухсэнсоўнасцю пытання. Ці то малады чалавек перажываў за якасць прадукту, ці то, адгадаўшы ўва мне прыезджага, хлопца цікавіла маё меркаванне аб яго радзіме, і ў гэтым выпадку служачы грамадскага харчавання адначасова інтанацыйна выказаў уласную думку пра горад, аддзяліўшы апошняе слова ў пытанні коскай.

— Усё добра, дзякуй, — адказаў я, тым самым супакоіўшы візаві. Маўляў, страва вышэй усялякай хвальбы, і як бы не падзяліўшы з ім верагодную крытыку на адрас жывога шматвяковага помніка. Такога загадкавага. Такога адкрытага для ўсіх, як у гэтыя тры восеньскія дні, калі ён адзначае Дзень беларускага пісьменства і Дзень горада.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"