Рука лёсу Аляксандра Елісеева, або Ці трэба станкам быць прыгожымі?

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Здавалася б, станок — гэта рэч выключна ўтылітарная, і няма ніякай розніцы, як ён выглядае. Але карыфей айчыннага прамысловага дызайну Аляксандр ЕЛІСЕЕЎ, які сёлета адсвяткаваў 85-годдзе, наўрад ці пагодзіцца з такім пастулатам. А ў якасці доказу ён зможа прапанаваць свае ўласныя творы. Зразумела, гэта зусім не фармалістычныя экзерсісы: раней лічылася, што эстэтычная арганізацыя вытворчай прасторы спрыяе павышэнню прадуктыўнасці. Прычым у свой час такі падыход у СССР быў узведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Пра гэтыя падзабытыя старонкі гісторыі дызайну, а таксама і пра пачатак належнага вывучэння дадзенай дысцыпліны ў беларускіх ВНУ майстар распавядае на правах непасрэднага ўдзельніка падзей.

/i/content/pi/cult/651/14466/14.jpgАрхітэктар пайшоў на завод

Заснавальнік формаўтварэння ў айчынным станкабудаванні разам з супругай ветліва сустракаюць нас у дзвярах сваёй кватэры. І ўжо ля парога мы акунаемся ва ўтульную атмасферу прыгажосці, дзе ўсё літаральна дыхае мастацтвам. Аляксандр робіць для нас сапраўдную экскурсію па невялікай “хрушчоўцы”, якую і кватэрай не ўспрымаеш. Гэта хутчэй сапраўдная студыя выяўленчага мастацтва. Позірк плыве па сценах, па столі — паўсюль роспісы і карціны. Заўважыўшы нашу цікавасць, гаспадар папярэджвае магчымыя пытанні:

— Гэта мая маладосць, мая прафесія, якую я атрымаў у Свярдлоўскай прафесійнай вучэльні. Я рыхтаваўся там засвоіць рамяство каменярэза, але адбылася рэарганізацыя, і я стаў жывапісцам-альфрэйшчыкам — спецыялістам па дэкаратыўнай аздобе інтэр’ера. Як бачыце, потым усё спатрэбілася!

Пытаемся, як Аляксандр апынуўся ў Мінску. Аказваецца, воляй лёсу: ён тры гады адслужыў у Беларусі ў Савецкай Арміі, затым з чырвоным дыпломам скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Тэмай дыпломнага праекта абраў ландшафтна-архітэктурную распрацоўку парка імя Максіма Горкага. Потым — праца ў Мінскпраекце і супрацоўніцтва са станкабудаўнічым заводам імя Кастрычніцкай рэвалюцыі па дызайнерскім праектаванні новых станкоў. Здавалася б, дзіўнае для архітэктара месца працы, але, як выявілася, яно цалкам адпавядала духу эпохі.

— Неяк мой сакурснік па тэхнікуме расказаў, што яго брат займаецца канструяваннем станкоў і шукае спецыяліста, які мог бы зрабіць прапановы па арганізацыі і эстэтызацыі іх аблічча, — апавядае спадар Аляксандр. — І, як я потым зразумеў, гэта было невыпадкова. У пачатку 1960-х кіраўніцтва Савецкага Саюза занепакоіў стан якасці айчыннай прамысловай прадукцыі, яе нізкая канкурэнтаздольнасць, што абмяжоўвала экспарт. Тады ж з’явілася вядомая пастанова “Аб паляпшэнні якасці прадукцыі машынабудавання і тавараў культурна-бытавога прызначэння шляхам укаранення метадаў мастацкага канструявання”.

/i/content/pi/cult/651/14466/15.jpgМенавіта яна стала штуршком для разгортвання дзяржаўнай сістэмы дызайну (тады яго называлі мастацкім канструяваннем) у прамысловасці. У 1962 годзе ў Маскве быў створаны УНДІТЭ (Усесаюзны навукова-даследчы інстытут тэхнічнай эстэтыкі), а на прадпрыемствах з’явіліся службы мастацкага канструявання.

— І вось лёс у гэты вір мяне зацягнуў, — працягвае свой аповед ветэран дызайну. — Я наведаў Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Станкі-гіганты па 20 метраў у даўжыню і па 5 метраў у вышыню мяне вельмі ўразілі. Пагатоў, у іх формаўтварэнні праглядаліся знаёмыя для мяне як архітэктара элементы: парталы, калоны, стойкі. Гэта мяне кранула — захацелася паспрабаваць пераўтварыць убачаныя мною аморфныя, непрыгожыя формы, якія мелі прыгнятальна змрочную афарбоўку. Я прыняў прапанову заводскага канструктара аб супрацоўніцтве. Хутка мае эскізы па формаўтварэнні станкоў былі ўхвалены канструктарамі, але давялося пераадолець супраціўленне металургаў і тэхнолагаў, якія маглі фармаваць толькі дэталі з закругленымі вугламі. Так я апынуўся ў канструктарскім аддзеле.

У новай іпастасі Аляксандр мусіў пашыраць свае прафесійныя веды — вывучаць тэхнічнае чарчэнне, заводскія тэхналогіі, азы электронікі. Гэта дапамагала на роўных адстойваць уласныя рашэнні перад работнікамі вытворчасці. Заўсёды нечаму вучыўся і ў саміх канструктараў. Справа, якой ён займаўся, была зусім новай, і патрэбныя методыкі толькі распрацоўваліся ва УНДІТЭ. Даводзілася ўсё спасцігаць самому.

Але паступова прыйшло разуменне, што патрэбна сістэмная адукацыя. І Аляксандр паступае ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут — спачатку на аддзяленне інтэр’ера і абсталявання.

— Вучоба давалася мне лёгка, — гаворыць суразмоўца. — Аднак адчуваў: нешта патрэбна іншае. Інтэр’ер — добра, але чаму нас не вучаць мастацтву дызайну? Вырашыў звярнуцца за парадай да сваіх сакурснікаў — Віктара Барысава, Вячаслава Ісакава, Раісы Камышавай, Юрыя Кухарава. І яны мяне падтрымалі — трэба адкрываць у інстытуце кафедру прамысловага мастацтва.

Універсальная “Мадэлетка”

Як выявілася, гэтая ініцыятыва стала гістарычнай: да ідэі студэнтаў прыслухаліся. Балазе, дызайн у тыя часы быў у фаворы: яго нават лічылі панацэяй ад усіх бед нашай прамысловасці.

— Рэктарат інстытута таксама быў поўны такіх пачуццяў, — працягвае аповед Аляксандр Елісееў. — І калі я туды звярнуўся з прапановай, яна была прынятая “на ўра”. Была створана спецыялізаваная кафедра прамысловага мастацтва, і з трэцяга курса я ўжо вывучаў дысцыпліны, неабходныя для фарміравання творчага мыслення дызайнера. Сярод настаўнікаў у нас былі Ігар Герасіменка ды Юрый Галкін (цяпер, на жаль, нябожчык). Скончыў я інстытут з адзнакай.

Тэма дыпломнай работы была рэальная, з заводскіх распрацовак — праект аднастоечнага падоўжана-апрацоўваючага станка з агрэгатных вузлоў. Тады Аляксандр ужо працаваў у Беларускім філіяле Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі.

— У той час наш філіял яшчэ меў цяжкасці з кадрамі,— кажа дызайнер. — Я ж прыйшоў не з пустымі рукамі: прынёс замовы на ўсе распрацоўкі, якія былі на заводзе, а таксама дамову з Барысава на распрацоўку дызайну швейных машын. Сам, у асноўным, займаўся праектаваннем станкоў. Тады я развіваў ідэю ўніфікацыі і агрэгаціравання ўсяго комплексу.

Сапраўдным аўтарскім вынаходніцтвам стала прапанаваная Елісеевым, як ён яе сам назваў, “Мадэлетка”. Яна ўяўляла з сябе вертыкальную панэль з гнёздамі, у якіх былі сабраны ўніфікаваныя агрэгатныя вузлы ў блочна-модульным выкананні. Прылада была электрыфікаваная такім чынам, што, знаходзячыся за пультам кіравання, замоўца мог сам сабраць з размешчаных у гнёздах вузлоў макет станка патрэбнай мадэлі.

— Па прапанове Галоўцяжстанкапрама пачалася работа ў маштабах Саюза па стварэнні ўніфікаваных станкоў, — распавядае Елісееў. — Зацверджаны былі тэхнічная і дызайнерская прапановы і вызначана наменклатура для кожнага завода. Мае працы атрымалі прызнанне ў Саюзе і за мяжою. У партфелі назбіралася больш за 50 аўтарскіх пасведчанняў на прамысловы ўзор. Апагеем жа была прыемная хвіліна славы. За стварэнне дызайнерскіх работ і ўкараненне іх у вытворчасць мяне ўзнагародзілі ордэнам “Знак пашаны”. Гэта было ўпершыню для ўсіх дызайнераў Беларусі.

Акрамя станкоў, Аляксандр Елісееў займаўся таксама праектаваннем іншых аб’ектаў — ад эмаліраванага посуду да складанага абсталявання для медыцыны. Ідэй яму ніколі не бракавала. Але эпоха няўхільна змянялася.

Пастэль як лекі

На мяжы 1980-х і 1990-х пачаўся развал УНДІТЭ і дзяржаўнай сістэмы дызайну. Заводы ў Беларусі ляжалі на баку, замовы на распрацоўкі скончыліся. Кваліфікаваныя спецыялісты апынуліся за бортам, і Аляксандр стаў працаваць майстрам вытворчага навучання ў класе мастацкага роспісу па дрэве ў прафесійнай мастацкай вучэльні. І што б вы думалі — ён дасягнуў значнага поспеху і на гэтай ніве: 80% яго вучняў паступілі ў мастацкія ВНУ!

Цяпер дызайнер, вядома, на заслужаным адпачынку. Праводзіць свой час пераважна з пэндзлем: піша пастэллю.

— Дэга — мой натхняльнік! — гаворыць Аляксандр. — Энергетыка яго пастэлі стала для мяне лёсавызначальнай. Я ўжо крочыў у дзявятае дзесяцігоддзе, калі захапіўся ім. Як толькі мяне падводзіць здароўе, я раскрываю скрынку з пастэллю, бяру кардон і пачынаю пісаць — дапамагае. Гэта мая сістэма барацьбы за выжыванне, якая дзейнічае безадмоўна.

Напрыканцы нашай размовы з Аляксандрам мы спыталі яго:

— Ваша яркае творчае жыццё пакінула заўважны адбітак у гісторыі айчыннага дызайну. Вы заўсёды знаходзілі выхад са, здавалася б, тупіковых сітуацый, аказваліся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Пра такіх звычайна гавораць: ды ў яго там свая “валасатая” рука…

— На гэта я адкажу так, — парыраваў Аляксандр. — На Бога спадзявайся, ды сам не рабі промаху! Так, сумленна прызнаюся: была, была такая рука — рука лёсу. Яна нябачна вяла мяне па жыцці, а я ўжо “не спаў у шапку”.

Якаў ЛЕНСУ,
Анатоль ЦЕХАНОВІЧ, члены Беларускага саюза дызайнераў