Чарговыя сюрпрызы Нясвіжа

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Патрабуюцца антраполаг са стаматолагам ды...
У мінулай частцы артыкула мы паведамілі пра адшуканне ля муроў нясвіжскага касцёла Божага Цела ўнікальнага артэфакту: надмагілля наваградскага падваяводы Казіміра Маляўскага, памерлага тры стагоддзі таму. Асаблівую значнасць знаходцы надаў той факт, што Маляўскі быў трэцім мужам бабулі Тадэвуша Рэйтана (а яе першым мужам — прапрапрадзед Эдварда Вайніловіча!). Каб даведацца больш падрабязна пра вынікі тых раскопак, я скіраваўся да археолагаў і антраполагаў, якія непасрэдна бралі ў іх удзел.

/i/content/pi/cult/651/14465/11.jpgЗагадка пліты

З загадчыкам аддзела захавання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэем Вайцяховічам мы сустрэліся на яго працоўным месцы. Патлумачыўшы сваю жывую цікавасць да каштоўнай знаходкі, я перш за ўсё ўдакладніў, ці планаваліся гэтыя раскопкі археолагамі — або да іх спрычыніўся шчаслівы выпадак.

Як распавёў спадар Вайцяховіч, раскопкі былі не планавымі, але ратавальнымі: калі археолагаў выклікаюць пры выпадковых знаходках падчас правядзення, скажам, якіх-небудзь земляных прац. Хаця тут пра выпадковасць казаць дзіўна: складана знайсці храм, вакол якога няма старых пахаванняў. Тым больш, магілы на прыкасцёльнай тэрыторыі ў Нясвіжы ўжо былі знойдзены ў 2000 годзе, калі рабілася шурфоўка пры пошуку падмуркаў агароджы.

Тым не менш, як мы ўжо пісалі, пліта Казіміра Маляўскага была адшуканая менавіта выпадкова. Археолагаў выклікалі яе даследаваць. Як ім удалося вызначыць, надмагілле знаходзілася пад слоем земляной падсыпкі 1930-х гадоў і будаўнічага смецця. Зрабіўшы пад ёй шурф, археолагі выявілі пяць пахаванняў, размешчаных, як звычайна на могілках, радамі. Яны выходзілі за межы пліты, і, да таго ж, былі двухслойнымі. Магчыма, яны належалі нават да розных стагоддзяў — XVII і XVIII.

Пра тое, што пліта, хутчэй за ўсё, першапачаткова была ў касцёле, сведчыць нетрывалы матэрыял, з якога яна зроблена. Праведзеная геолагамі з Акадэміі навук экспертыза паказала, што гэта можа быць вапняк. Якім жа чынам надмагілле апынулася на сваім цяперашнім месцы? Тут пакуль можна высоўваць толькі гіпотэзы.

Падвеска з Рыма

Гісторыкам вядома, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя Папа Рымскі Бенедыкт XIV даў Радзівілам дазвол пераўтварыць крыпту касцёла ў сваё родавае пахаванне. Мяркуючы па ўсім, тых, хто спачываў там дасюль — а сярод іх былі зусім не апошнія людзі Наваградскага ваяводства — акуратна, можа нават і ў прысутнасці сваякоў, перапахавалі ўздоўж касцёльнага мура. А магілу Маляўскіх, напэўна, яшчэ і накрылі зверху вынесенай з крыпты плітой. Дарэчы, апрача Казіміра, там маглі быць і яго бацькі ды іншыя сваякі — у тым ліку, і бабуля Тадэвуша Рэйтана.

Як вызначылі археолагі, нябожчыкі былі пахаваны ў драўляных трунах: зразумела, ад іх засталіся толькі цвікі і металёвая акоўка. Пахавальны інвентар, як і належыць для таго часу, вельмі скупы. У асноўным крыжыкі, але ў адной з магіл была знойдзена падвеска. Дзякуючы ёй спецыялісты даведаліся пра важны эпізод біяграфіі невядомай пакуль асобы: недзе ў XVII стагоддзі яна здзейсніла пілігрымку ў Рым — да пасаду Святога Пятра.

Вялікім здзіўленнем для археолагаў стала выснова, што рост нябожчыкаў у 90 % выпадкаў быў блізу 160 см. Пагадзіцеся, продкі ўяўляліся нам куды больш мажнымі паводле сваёй камплекцыі! Зрэшты, як нядаўна вызначылі навукоўцы, нават Караль Радзівіл — Пане Каханку — меў рост усяго 163 сантыметры (хаця нам-та ён заўсёды здаваўся здаровым бамбізам)! Зрэшты, і ў тыя часы трапляліся выключэнні. З другога боку касцёла былі знойдзены парэшткі сапраўднага волата, рост якога перавышаў 190 сантыметраў.

Мяркуючы па ўсім, прыкасцёльны пляц можа стаць для археолагаў невычэрпным “полем цудаў”. Балазе, і гэтым разам апрача парэшткаў былі знойдзеныя і іншыя цікавыя артэфакты: напрыклад, падмуркі нейкіх невядомых раней пабудоў. Але на пытанне, ці плануюцца ў такім знакавым месцы сапраўдныя, паўнавартасныя раскопкі, спадар Вайцяховіч адказаў няпэўна. Маўляў, для гэтага патрэбны археолаг, які б трывала абраў дадзеную тэму. Пакуль такога чалавека, на жаль, няма, і самае галоўнае, што няма і цікавасці! Адной з прычынаў, відаць, з’яўляецца фінансавы складнік: няшмат знаходзіцца маладых навукоўцаў-аспірантаў, згодных працаваць за больш чым сціплы заробак. Таму ў бліжэйшай перспектыве Нясвіж, падобна, чакаюць хіба кропкавыя або спарадычныя раскопкі пры правядзенні чарговых земляных прац.

/i/content/pi/cult/651/14465/13.jpgПра што гавораць зубы

Развітаўшыся са спадаром Вайцяховічам, спусціўся на два паверхі ніжэй — у аддзел антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН. Менавіта тут можна было атрымаць больш дакладныя звесткі пра знойдзеныя парэшткі.

Размова з антраполагам Мікалаем Памазанавым пачалася з даволі цікавай лекцыі аб асновах гэтай навукі. У прыватнасці, я даведаўся, што дзякуючы чэрапу спецыяліст можа вызначыць не толькі ўзрост і пол чалавека, але таксама і этнічныя асаблівасці — нават з якога рэгіёна Беларусі ён верагодна паходзіць. Дарэчы, тыя антрапалагічныя рэканструкцыі аблічча нашых продкаў, якія даволі часта можна сустрэць у беларускіх музеях, выкананы скульптарам Леанідам Яшэнкам на сур’ёзнай навуковай аснове — на падставе сабраных падчас археалагічных раскопак матэрыялаў.

Па словах спадара Памазанава, выпадковыя раскопкі ля касцёла Божага Цела далі беларускім навукоўцам унікальную магчымасць папрацаваць адразу з вялікай колькасцю (каля сарака) добра захаваных парэшткаў нашых продкаў з XVII — XVIII стагоддзяў. Больш за тое — паколькі, па ўсёй верагоднасці, гэтая группа парэшткаў належала пэўнаму сацыяльнаму стану (у дадзеным выпадку, зразумела, шляхецкаму), то іх даследаванне можа даць вельмі цікавыя вынікі, адказаўшы на многія пытанні адносна прадстаўнікоў таго саслоўя: як яны выглядалі, які мелі лад жыцця і нават што елі.

За тры з паловай дні работы ў Нясвіжы даследчыкі пры дапамозе адмысловага антрапалагічнага рыштунку змаглі апрацаваць толькі каля паловы знаходак: праца гэтая вельмі марудная, неабходна зрабіць безліч прамераў і занесці вынікі ў адмысловыя карткі-фармуляры на кожную асобу. Для завяршэння гэтага этапу працаў антраполагі плануюць сёлета вярнуцца ў Нясвіж.

Ёсць намер прадставіць вынікі даследаванняў пахавання ў выглядзе навукова-папулярнага выдання, над якім, як лічыць спадар Мікалай, павінен папрацаваць калектыў аўтараў-адмыслоўцаў — археолаг, антраполаг, гісторык, судмедэксперт, а таксама… лекар-стаматолаг! Бо па зубах чалавека можна даведацца нават яго сацыяльны статус! Дарэчы, часам узрост, які быў устаноўлены на падставе вывучэння самога чэрапа, абвяргаецца даследаваннем зубоў. Напрыклад, адно з пахаванняў ля касцёла, мяркуючы па ступені зрастання костак чэрапа, належала жанчыне сталага ўзросту, але з зубамі падлетка ад 13 да 18 гадоў! Як распавёў спадар Мікалай, падобныя выпадкі сустракаюцца вельмі рэдка.

Што з’яўляецца прычынай такой анамаліі? Адказ на гэтае ды іншыя пытанні можа даць хіба генетычны аналіз, але яго правядзенне ў нашай краіне для навукоўцаў фактычна недасяжна — з-за высокай цаны. Зразумела ж, гэта вялікая праблема.

Таксама ёсць ідэя на падставе знаходак стварыць галерэю бюстаў у выкананні таго ж Леаніда Яшэнкі — не толькі аднавіўшы, але і выразна візуалізаваўшы абліччы нашых продкаў. Мы тады атрымалі б магчымасць літаральна зірнуць ім у твар — і можа, праз гэта лепей зразумець іх час? Але, як і ў выпадку з аналізам ДНК, для рэалізацыі гэтай задумы таксама бракуе фінансаў.

Слухаючы спадара Мікалая, я падумаў: улічваючы ўнікальнасць выпадку і яго значнасць для навукі, чаму б дзяржаве не зрабіць крок насустрач навукоўцам? Чаму б адпаведным структурам, якія маюць магчымасць правесці генетычныя даследаванні, не працягнуць руку дапамогі тым, хто ў дадзены момант насамоце стаіць перад мурам невырашальнага пытання? Ды і набыццё скульптурнага сілікону таксама не можа быць занадта складанай праблемай.

Урэшце, магу патлумачыць і свой асаблівы інтарэс да гэтай тэмы: яна наўпрост датычыць асобы Тадэвуша Рэйтана, якая ў эпіцэнтры маёй даследчыцкай цікавасці. Як вядома, магіла вялікага сына беларускай зямлі так і не была знойдзена — хаця спробы цягам апошняй сотні гадоў рабіліся неаднаразова, прычым з удзелам не толькі энтузіястаў, але і лепшых антраполагаў і гісторыкаў свайго часу.

Вядома, што Рэйтан быў пахаваны ў ляхавіцкім касцёле. У 1867 годзе яго закрылі і перасвяцілі на царкву. Згодна з “нормамі і дырэктывамі” таго часу, усё, што сведчыла пра ранейшую канфесійную прыналежнасць, з храмаў выдалялася. Напрыклад, так абышліся з магілай продка Тадэвуша, пахаванага ў 1639 годзе ў капліцы Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах. Але ў даследчыкаў ёсць падставы меркаваць, што нашчадкі Тадэвуша Рэйтана паспелі перапахаваць яго парэшткі ў іншым месцы, якім можа быць і родавае пахаванне ў Ляхавічах — там спачылі малодшыя браты героя. Аднак для таго, каб спраўдзіць гэтую гіпотэзу, патрэбна адмысловая экспертыза, а для яе, у сваю чаргу, — назапашаны антрапалагічны матэрыял.

Менавіта таму вельмі важна ўстанавіць, ці знаходзіліся пахаваныя пад плітой у Нясвіжы асобы ў сваяцкіх адносінах, і ці можа там быць пахаваная бабуля Тадэвуша Рэйтана (і, дарэчы, прапрапрабабуля знакамітага Эдварда Вайніловіча). Тым больш, захаваліся магілы і некаторых іншых прадстаўнікоў роду Рэйтанаў, што таксама можа дапамагчы справе. Без сумневу, ідэнтыфікацыя парэшткаў нашага нацыянальнага героя стане сапраўды знакавай падзеяй грамадскага жыцця.

Ужо дзякуючы спадару Мікалаю за цікавую і натхняльную размову, заўважыў на адной з шафаў аддзела антрапалогіі наш каляндар-плакат, прысвечаны Тадэвушу Рэйтану. І вельмі ўзрадаваўся, зразумеўшы, што мы рушым адным шляхам.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар