Фармат “базарных” пазлаў

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Выстава-музей-калекцыя: сабраць лепшае
Багатая выставачная праграма “Славянскага базару ў Віцебску” заўжды мела менавіта мастацкі ўхіл і тым самым хаця б крыху ўраўнаважвала забаўляльны аспект фестывалю. Сёлета гэта стала яшчэ больш відавочным. Склаўшы разам выставачныя праекты, можна з упэўненасцю канстатаваць: яны былі папраўдзе скіраваны на лепшыя нацыянальныя скарбы — у атачэнні замежнага мастацтва, у той ці іншай меры звязанага з нашым фестывалем.

У цэнтры Еўропы

Найперш вылучым выставы, праз якія госці і ўдзельнікі фестывалю маглі далучыцца да багатых фальклорных і прафесійных традыцый Віцебшчыны.

Праект “Фармат” Беларускага саюза мастакоў у фае канцэртнай залы “Віцебск” стаўся спробай асэнсаваць стогадовы адрэзак развіцця Віцебскай мастацкай школы, звязанай з імёнамі Юдаля Пэна, Казіміра Малевіча, Марка Шагала ды іншых знаных творцаў. Арганізатары, сабраўшы разам 51 працу 28 сучасных аўтараў (некаторыя адмыслова стваралі штосьці акурат да гэтай прэзентацыі), параўналі выставу з пазлам. Тым больш, што адной з умоў удзелу быў праславуты фармат метр на метр ці 50х50.

Атрымаліся далёка не толькі варыяцыі на тэму квадрата. Збор аказаўся надзвычай размаітым: працы былі рознымі па стылях, жанрах, тэхніках пісьма, па ўзроўні. Дзіўна, але некаторыя работы лепей выглядалі на рэпрадукцыях — і паводле колеравай гамы, і, у значна паменшаным выглядзе, паводле кампазіцыйнага рашэння. Сярод цікавых рашэнняў — “Крыж” Васіля Касцючэнкі, што спалучае духоўную тэму з сямейна-побытавай і замешвае ўсё на фарбах і “геаметрыі” супрэматызму. “Камсамольская” Наталлі Дзямшовай, дзе ўзнік даволі нечаканы вобраз вуліцы, пададзены праз абрысы дома ў каларыстыцы, блізкай сучаснаму ткацтву. Кампазіцыі Аляксея Краўчанкі, што яднаюць беларускія “-ізмы” пачатку ХХ стагоддзя з іспанскімі архітэктурнымі фантазіямі Антоніа Гаўдзі. “Стоды. Стод” Віктара Шымко, дзе зразумела нябачная сувязь глыбіннай сімволікі з космасам. Важна, што выстава будзе папаўняцца і паедзе па розных гарадах Беларусі і замежжа.

Як заўжды, вельмі багатая выставачная праграма была ў мастацкім музеі — філіяле Віцебскага абласнога краязнаўчага. Праект “Спадчына Ефрасінні Полацкай. Сценапіс ХІІ — ХІХ стагоддзяў Спаса-Прэабражэнскага храма” мог бы стаць лепшым прыкладам беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Расійскія навукоўцы распрацавалі ўнікальныя метады расслаення алейнай фарбы, якія і прымяняліся нашымі рэстаўратарамі. На выставе, створанай дзякуючы гранту Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, можна было ўбачыць не толькі фрагменты сценавага роспісу розных стагоддзяў, што адлюстроўвалі тры эпохі з адпаведнай ім стылістыкай. Наглядчык Маргарыта Елісеева мякка, але настойліва ўгаворвала наведвальнікаў паглядзець дакументальныя стужкі — пра храм і непасрэдна пра сам працаёмкі працэс рэстаўрацыі. А яе каментары былі настолькі прафесійнымі, быццам сыходзілі ад экскурсавода ці навукоўца.

Тую ж шчырую зацікаўленасць, дасведчанасць супрацоўнікаў я сустракала ў іншых залах. Праект “Вялікі Рэмбрант. Сапраўдныя шэдэўры генія” перамясціўся ў Віцебск з Мінска. 69 афортаў, змешчаных не проста ў музейнай прасторы, а ў атачэнні фестывалю, што аб’ядноўвае розныя віды мастацтва, зайгралі новымі дэталямі. І сталі неблагой праверкай культурнага падмурка наведвальнікаў. “Ды што там глядзець? Падумаеш, нейкія накіды алоўкам!” — прабурчэла адна расійская журналістка, акрэдытаваная ад аддзела культуры (!) “тоўстага” часопіса. І няўцям ёй, што гэта гравюры па метале. Што па іх можна прасачыць вельмі “аўтарскую” трактоўку многіх біблейскіх ды міфалагічных сюжэтаў, майстэрства святлаценю ў партрэтах, жанравых замалёўках, відарысах, вырашанае тут іначай, чым у алеевым жывапісе мастака. Параўнаць афорты, блізкія тэматычна і кампазіцыйна, але адрозныя часам сутак: адзін — начная сцэна, другі — прыблізна тое ж, але пры святле лямпы ці ўдзень, на сонцы. Ацаніць багацце штрыхавой тэхнікі майстра, знайшоўшы паралелі з музычнымі штрыхамі. Заўважыць у “Вандроўных музыках” (1635) абрысы нот, “зашыфраваныя” ў адзенні, падлозе, фоне. Убачыць тую ж музычнасць у “Стрэчанні Гасподнім” (1640), дзе “схаваны” нават выявы нотных ключоў. Адзначыць пераемнасць сучаснай графічнай тэхнікі музычнага авангарду (калі нотны запіс музычнага твора адначасова дэманструецца як “малюнак”, выкананы па законах візуальнай кампазіцыі) з “нотнай графікай” афорта “Школьны настаўнік” (1641). Такая вось нечаканая лінія — ад Рэмбранта да беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова.

/i/content/pi/cult/651/14461/32 kultura 8-9 copy 3.jpg

Выстава “Кунтушовыя паясы” звязала вытворчасць знакамітых слуцкіх вырабаў, апетых у вершы Максіма Багдановіча, з падобнымі прадпрыемствамі ў Гродне, Польшчы, Расіі (Купавінская фабрыка князя Юсупава), Францыі (Ліёнская мануфактура). Усе яны — нашчадкі Слуцка: “Майстэрства слуцкіх ткачоў дало імпульс да ўзнікнення аналагічнай вытворчасці ва Украіне, Польшчы, Францыі, Аўстрыі”. Але ж як адрозніваюцца тыя паясы! Тэкстурай тканіны, фарбамі, малюнкам, наяўнасцю ці адсутнасцю аблямоўкі. Чым не майстар-клас па нацыянальных асаблівасцях і пошуку індывідуальнасці? Прыдатны, у тым ліку, і для тых жа эстрадных спевакоў.

Адметнай падалася экспазіцыя “Як святкуюць беларусы”. Змешчаная ў фае другога паверха таго ж мастацкага музея і не ўключаная ў афіцыйную праграму фестывалю, яна магла быць асабліва карыснай для гасцей, знаёмячы іх з нашымі нацыянальнымі традыцыямі. Дый самі беларусы пабачылі тут шмат цікавага. Абмінуць выставу было немагчыма: прыцягвалі спечаныя бульбіны, што высыпаліся з гаршэчка на ручнік. Можа, яшчэ і частуюць? Аказалася, гэта выкананая ў тэхніцы разьбы па дрэве “Вячэра” Аляксея Яўсеева. У працах розных гадоў былі закрануты ледзь не ўсе магчымыя жанры і тэхнікі, уключаючы аўтарскія. Дый шырока распрацаваныя тэмы часам былі пададзены з нечаканага боку. Тое ж Купалле магло паўстаць і адкрыта эратычным, і цнатліва загадкавым. Таямнічая папараць-кветка — скласціся з крыльцаў-пялёсткаў матылькоў. Масленіца — аказацца не пярэстай, а сцішана светлай, з ясным прадчуваннем вясны: у белых зімовых фарбах “хаваліся” абрысы квітнеючых дрэў, усе лініі — скіраваны да сонца.

Экспазіцыю “Вяселле Заходняга Палесся” ў абласным краязнаўчым музеі падрыхтаваў сталічны музей народнай архітэктуры і побыту, да Віцебска яна паказвалася і ў Раўбічах, і ў Літве. Але ў фестывальным атачэнні зайграла дадатковымі фарбамі, як нельга лепей дэманструючы непарыўную повязь і адначасова асаблівасці жыццёвага ўкладу палешукоў на адпаведных частках тэрыторый Беларусі, Польшчы, Украіны. Праз святочныя строі, элементы абрадавай дзеі можна без цяжкасці прасачыць тое “сяброўства народаў”, якое і з’яўляецца асноўнай мэтай “Славянскага базару…”

Пераклад музыкі ў жывапіс

Праект “Міжнародная лабараторыя мастакоў” з Эстоніі, што дэманстраваўся ў краязнаўчым музеі, вымусіў пераасэнсаваць некаторыя аксіёмы, пачынаючы з казак Шарля Перо. Скрозь камяністыя відарысы праступалі чалавечыя твары (Анатоль Страхаў), людзі і жывёлы набывалі падабенства да троляў (Юрый Мільдберг), праз гульні са словам і шрыфтам як знакамі-сімваламі падавалася духоўная тэма (Уладзімір Аншон). А серыя Аляксея Карнілава “М.П. Мусаргскі. Карцінкі з выстаўкі” сталася спробай не “зваротнага перакладу” музыкі ў жывапіс, а філасофскага асэнсавання супярэчлівай асобы рускага класіка, які прадбачыў многія далейшыя знаходкі. У той жа “Прагулцы”, якая ў фартэпіянным цыкле становіцца лейтматывам, прысутнічаў відавочны намёк на партрэт кампазітара, дадзены ў лабірынце як выхадзе ў розныя вымярэнні.

Музейны інтэрактыў і новае выданне

Многія спадзевы былі звязаны з інтэрактыўнай выставай “Пахі жыцця. Цуды парфумы”, што афіцыйна прэзентавалася на фестывалі. Аказалася — завуаляваная піяр-акцыя духмяных кампанентаў для далейшых імправізацый па іх спалучэнні. Але ідэя заслугоўвае самай пільнай увагі. Хаця б у сэнсе сінтэзу мастацтваў і сродкаў эстэтычнага ўспрыняцця, сярод якіх аказаліся не толькі зрок ды слых, але і нюх. Самымі цікавымі ў мастацкім сэнсе сталіся некаторыя фотавобразы: кавалкі бекона ў выглядзе вусоў Сальвадора Далі, лустачкі кавуна як таямнічай жаночай усмешкі, гронкі вінаграда як мудрагелістай прычоскі прыгажуні, вялізнай трускаўкі як крывавага цяжару нявесты ў загадкавым белым лесе з якога-небудзь фэнтазі. Пад кожным фота — скрыначка з пахам выявы і перавернутая шыльдачка з “расшыфроўкай”, каб ведаць “правільны адказ” (апошні часам не зусім адпавядаў “паказанням” гогалеўскага Носа, у якасці якога можна было сябе адчуць). А да ўсяго — водары прадстаўнікоў царскай сям’і і сучасных зорак эстрады, флаконы ды іншыя прадметы ўжытку ХІХ стагоддзя…

Выставачнай зале “Духаўскі круглік” сёлета споўнілася 10 гадоў. Цэнтр культуры “Віцебск” і дырэкцыя фестывалю выпусцілі да юбілею каталог “Духаўскі круглік”: Ад князя Альгерда да “Славянскага базару ў Віцебску”. Па прэзентацыі журналісты змаглі ацаніць як імклівае развіццё самога “…Кругліка” — па сутнасці, музея, які штогод папаўняецца новымі экспанатамі, так і афармленне новай кніжкі. Яркая, з мноствам фотаілюстрацый, на дзвюх мовах — рускай і англійскай, яна ўтрымлівае “сакрэтныя” старонкі. Знешне падобныя да астатніх, яны згорнуты ўнутр. Калі ж разгортваюцца, дык павялічваюць друкаваную плошчу ўдвая. А галоўнае — даюць магчымасць без аніякіх перашкод і памяншэння памераў размясціць вялікія гарызантальныя фота. Аўтарам праекта выступіў Аркадзь Шульман, які пасля заўчаснай смерці брата працягнуў яго справу і апошнія 13 гадоў узначальвае фестывальны прэс-цэнтр.

Падводзячы вынікі, канстатуем, што выставачныя праекты фестывалю апраўдваюць сябе “на ўсе сто!” І папраўдзе становяцца квінтэсэнцыяй усяго найлепшага ў гэтай сферы, назбіранага за год. Вось каб так рабіла і наша эстрада!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"