Пуанты прызнання

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Беларускую балерыну Кацярыну АЛЕЙНІК ведаюць не толькі ў краіне, але і за мяжой. Ёй даводзілася выступаць на самых розных сцэнах свету. Кацярына прызнаецца, што для яе вельмі важны момант навізны, змены месца і акружэння. Кожны раз артыстка вяртаецца ў Мінск з новымі дасягненнямі і ўражаннямі. “К” папрасіла яе падзяліцца ўспамінамі пра запамінальныя замежныя выступы.

Масква. Вялікі тэатр Расіі (2009 год)

Я ўдзельнічала ў адным з самых значных конкурсаў у маёй кар’еры. Выступала разам з Ягорам Азаркевічам і выконвала тры па-дэ-дэ з балетаў “Эсмеральда”, “Лебядзінае возера” і “Шчаўкунок”, а таксама два нумары сучаснай харэаграфіі, якія ставіў Раду Паклітару.

Тады Гістарычная сцэна была на рамонце, і ўсё адбывалася на Новай. Але яна цалкам дублюе галоўную — і ўвогуле па параметрах блізкая да сцэны нашага Вялікага тэатра. Нават пакат такі ж (усміхаецца). Мне не давялося адаптавацца. Я казала сабе, што выступаю на роднай сцэне, і станавілася лягчэй. На конкурсе заняла трэцяе месца.

Імёны тых артыстаў, якія тады разам са мной прымалі ў ім удзел, цяпер гучаць у балетным свеце: Аксана Бондарава, Анжаліна Варанцова, Арцём Аўчарэнка, Марыя Мішына, Дар’я Бачкова. А ў журы знаходзіліся сапраўдныя легенды: Юрый Грыгаровіч, Валянцін Елізар’еў, Людміла Семяняка, Марына Лявонава, Мікалай Цыскарыдзэ.

Вашынгтон. Цэнтр выканаўчых мастацтваў Джона Ф. Кенэдзі (2013 — 2014 гады)

У трупе Вашынгтон-балета я прапрацавала сезон. У гэтым цэнтры праходзяць гастролі ўсіх вядомых і найбуйнейшых калектываў свету: Вялікага тэатра Расіі, Марыінскага тэатра, New York City Ballet і іншых. Тэатр у Вашынгтоне сучасны, там размешчаны адразу некалькі сцэн, на якіх адначасова могуць ісці розныя спектаклі.

Мне даводзілася прывыкаць да амерыканскага тэатра, бо ў ім усё не так, як у нас (усміхаецца). Было адчуванне, што мяне паставілі з ног на галаву і сказалі: “Цяпер танцуй вось так!” Але ўжо праз пару месяцаў стала больш камфортна.

Скажам, было нязвыкла, што на класічны ўрок трэба адразу прыходзіць у пуантах. І ўсе практыкаванні, уключаючы станок, выконваць у іх. Таксама, на ўроку ў вельмі хуткім тэмпе ідуць скачкі. Для амерыканцаў вельмі важная дакладнасць у дробных рухах.

У тэатры пастаяннага рэпертуару няма. Калі, напрыклад, у сезоне ішоў балет “Жызэль”, то ў наступным яго ўжо не будзе. Яны ўвесь час спрабуюць разнастаіць свой рэпертуар, каб ён не надакучваў гледачам. Асноўны акцэнт робяць на пастаноўкі кантэмпарары, якія балерыны выконваюць у пуантах. Гэта іншая харэаграфія, у нас такой няма.

У Амерыцы нікога не дзівіць, калі для балета выкарыстоўваюць музыку The Beatles або Rolling Stones. А з класічных спектакляў у сезоне былі толькі “Шчаўкунок” і тая ж “Жызэль”.

Талін. Нацыянальная опера “Эстонія” (2014 год)

Маё супрацоўніцтва пачалося дзякуючы нашаму тэатру оперы і балета. Гендырэктар Уладзімір Грыдзюшка выправіў мяне ў Эстонію прыняць удзел у гала-канцэрце, дзе я выконвала па-дэ-дэ з “Дон Кіхота” Мінкуса. Пасля канцэрта кіраўніцтва тэатра персанальна са мной звязалася, каб запрасіць станцаваць у балеце “Лебядзінае возера” ў Таліне. Крыху пазней гэта перарасло ў пастаяннае супрацоўніцтва.

У Эстоніі вельмі кампактны тэатр, куды меншы за наш. Гасцініца знаходзіцца непасрэдна ў ім. У іх гэта называецца guesthouse. Каб дайсці да балетнай залы, мне трэба было проста прайсці калідор. Што ні кажы, вельмі зручна!

Інтэрнацыянальны калектыў тэатра вельмі добразычлівы. Ён як адна сям’я, дзе ўсе падтрымліваюць і дапамагаюць адзін аднаму. Рэпетыцыі і ўрокі вядуцца на трох мовах: эстонскай, рускай і англійскай. З-за таго, што ў трупе шмат запрошаных артыстаў з іншых краін, ты не адчуваеш сябе чужым.

На сцэне Нацыянальнай оперы “Эстонія” як запрошаная салістка я станцавала партыі Нікіі ў “Баядэрцы”, Машы ў “Шчаўкунку”, Адэты-Адыліі ў “Лебядзіным возеры” і Аўроры ў “Спячай прыгажуні”. Магчыма, у новым сезоне паспрабую ўвесціся ў “Жызэль”.

У апошні час я стала заўважаць, што ў Эстоніі гледачы мяне прымаюць цяплей, чым у Мінску. Аднойчы пасля адажыа людзі так гучна і доўга пляскалі, што я са сваім партнёрам двойчы выходзіла на паклон. Наша публіка на працягу спектакля даволі спакойная на эмоцыі, затое ў канцы не скупіцца на гучныя авацыі. Я б яе параўнала з японскай (усміхаецца).

У рэпертуары эстонскага тэатра можна ўбачыць і класічныя пастаноўкі, і сучасныя. Усе яны аўтарскія і маштабныя, хаця ідуць толькі некалькі сезонаў. Тэатр Эстоніі пастаянна супрацоўнічае з харэографамі з розных краін. Напрыклад, у новым сезоне Анабэль Лопез Ачоа з Галандыі паставіць балет “Трамвай жадання”.

Мяне вельмі здзівіў падыход эстонцаў да здароўя артыстаў. Кожны дзень у тэатры прысутнічае фізіятэрапеўт, да якога ты можаш падысці і пракансультавацца па любых пытаннях. Таксама — масаж. Раз на тыдзень праводзяць групавы занятак па пілатэсе. Калі ў цябе ёсць нейкія індывідуальныя пажаданні, то можна нават скласці для сябе комплекс неабходных трэніровак. Калі раптам здараюцца траўмы падчас спектакля, то ў тэатра ёсць дамоўленасць з клінікай, дзе артыстаў абслугоўваюць па-за чаргой.

Неапаль. Тэатр Сан-Карла (2016 год)

Для мяне гэта велізарная падзея ў маёй кар’еры! У свой час менавіта Сан-Карла ў Неапалі быў цэнтрам высокага мастацтва — балетнага і опернага. Што ўжо казаць, калі гэты тэатр пабудаваны за 40 гадоў да міланскага “Ла Скала”! На яго сцэне выступалі Пласіда Дамінга, Мансэрат Кабалье, Лучана Павароці, Карла Фрачы, Сільві Гіле, Лючыя Лакара, Алясандра Фэры, Кацярына Максімава і Уладзімір Васільеў, Святлана Захарава, Яна Саленка, Раберта Бале…

Улетку мінулага года я танцавала Кітры ў спектаклі “Дон Кіхот” Мінкуса ў Рыме і Пестуме. І так сталася, што якраз там мяне і пабачыла кіраўніцтва тэатра Сан-Карла. Я атрымала прапанову, ад якой проста не магла адмовіцца. Першая рэпетыцыя адбылася 5 снежня, а ўжо 29-га прэм’ера! У мяне былі проста цудоўныя партнёры! У першых спектаклях 29 і 30 снежня я танцавала з Алясандра Макарыё, а 4 студзеня — з Алясандра Стаяна. Але, безумоўна, проста шквал эмоцый выклікала праца з легендарным харэографам! Я шчаслівая, што ў мяне была магчымасць дакрануцца да творчасці геніяльнага Шарля Жуда! Як ён тлумачыць, як падае, як прадумвае рухі, як дапамагае, як смела раскрывае сакрэты танца — гэта нешта неверагоднае! Яго харэаграфія вельмі тонкая і насычаная, напоўненая мноствам дробных рухаў, з-за чаго складваецца ўражанне, што ты танцуеш нібы па нотах. Даволі незвычайна, але зачароўвае — як артыста, так і гледачоў.

/i/content/pi/cult/651/14459/32 kultura 7.jpg

Сама пастаноўка вельмі прыгожая — настолькі чароўная, наколькі і павінна быць казка. Партыя Машы мне падабаецца, таму што ёсць магчымасць раскрыцца не толькі як балерыне, але і як актрысе. На працягу спектакля я расту — ад дзяўчынкі Машы да Машы-прынцэсы, ад дзіцячай непасрэднасці і наіўнасці да ўнутранага сталення — дзякуючы новаму для сябе пачуццю кахання.

У трупе мне было вельмі камфортна. У нейкі момант нават здалося, што гэта мая родная трупа. Калегі заўсёды вельмі ўважлівыя і прыязныя.

Мне вельмі лёгка знаходзіць агульную мову з італьянцамі, ды я і сама пачала трохі вывучаць іх мову. Справа ў тым, што на поўдні мала хто гаворыць на англійскай. Для іх было прыемным сюрпрызам, што я некалькі слоў магу сказаць на італьянскай. Яны адразу закідалі мяне пытаннямі. Хаця першапачаткова іх вельмі турбаваў моўны бар’ер.

Тэатры Італіі ўсе падобныя паміж сабой. Здаецца, быццам яны будаваліся па адным праекце. У Сан-Карла вялікая і камфортная сцэна. Адчуваецца, што ён увесь прасякнуты гісторыяй. Яе адлюстроўвае і архітэктура, да якой італьянцы ставяцца вельмі беражліва.

За паўтары гадзіны да спектакля публіка ў вячэрніх сукенках ужо збіралася каля ўваходу ў тэатр. У Італіі вельмі важны дрэс-код. Убранне людзей, якія ідуць на балет, проста дзівіць. Усе апранаюць свае лепшыя сукенкі і нават дыяменты. Гэта частка іх культуры! Здаецца, што ты глядзіш асобны спектакль, які ідзе не на сцэне, а ў глядзельнай зале.

Безумоўна, праца на легендарнай сцэне пакінула ў мяне шмат эмоцый і ўспамінаў. А які цёплы і сардэчны прыём зладзілі гледачы! Мора кветак, якімі мяне проста закідвалі на сцэне, апладысменты, крыкі “Брава!” — здавалася б, пра што яшчэ марыць? Але мяне чакаў сюрпрыз. Нягледзячы на тое, што спектаклі пачыналіся а восьмай альбо а дзявятай вечара, а пасля прадстаўлення мне неабходна было пераапрануцца, гледачы — вялікія і маленькія — не раз чакалі мяне побач са службовым уваходам! І толькі для таго, каб паглядзець на мяне, патрымаць за руку, сказаць “Дзякуй!” Як гэта ўсё ж такі прыемна! І важна!

Такое стаўленне рухае цябе наперад, прымушае працаваць далей і не спыняцца. А прытармазіць у нашым свеце — у прафесіі артыста балета — ніяк нельга! Напэўна, менавіта таму, як мне казалі мае сябры, у кожным з трох прэм’ерных паказаў мая Маша была іншая. Бо кожны раз мне здаецца, што можна было б станцаваць яшчэ лепш.

Гутарыла Іна КОРСАК