“Свадьба пела”, а не спявала

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

На мінулых выхадных занесла мяне на вяселле: даўні прыяцель выдаваў замуж дачку, а паколькі я памятаю прыгажуню яшчэ з малых гадоў, то быў запрошаны. Аповед аб афіцыйнай частцы і фатаграфаванні ў знакавых месцах Мінска апушчу, а перайду адразу да рэстарана.

Так выйшла, што тамадой на свяце апынуўся мой добры знаёмы, ды і вам ён вядомы — папулярны шоумэн, які з нейкай прычыны папрасіў мяне не раскрываць яго імя. Перыядычна ў перапынках паміж тостамі мы выходзілі з памяшкання на свежае паветра. Балбаталі пра тое-сёе. І нешта я раптам спытаў: “Сябар мой, скажы-ка, як часта праграмы падобных мерапрыемстваў, якія ты праводзіш, нясуць у сабе хоць нейкія рысы беларускасці? Элементы адпаведных моманту нацыянальных абрадаў, выкананне прысутнымі аўтэнтычных песень ды iншае?”

Нячаста. Больш за тое: за тыя амаль пятнаццаць гадоў, якія ён вядзе ўсялякія забаўляльныя iмпрэзы для абмежаванага кола асоб, такое з ім адбылося... двойчы. (Напэўна, не пашчасціла яму з гэтымі коламі, не складаліся яны з тых, для каго беларускія традыцыі — рэч важная.) Больш дакладна, адзін раз з хвосцікам. Неяк замоўцы яго сапраўды папрасілі, каб сцэнарый у пэўнай ступені меў нацыянальны каларыт. А ў другім выпадку на шляху добрага парыву маладых усталі іх бабулі. Адна была родам з Гродзеншчыны, другая з Гомельшчыны. Самі разумееце, пры абмеркаванні фабулы, што прадугледжвала этна-матывы, паўсталі невырашальныя рознагалоссі.

Шоумэн калісьці скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — то бок, базавымі і не толькі ведамі ў галіне народных традыцый валодае. Адзін час ён наогул шчыльна ўнікаў у гэтую тэму. “Але калі я прапаноўваў жаніху з нявестай яе ў якім-небудзь выглядзе абыграць, то практычна заўсёды атрымліваў ідэнтычны адказ: “Каб мы ў вёсцы гулялі вяселле, то тады можа быць...”

Некалькі гадоў нічога падобнага ён ужо і не прапануе: “Я, напэўна, пакрыўджу беларускіх абывацеляў, але ў мяне ўжо даўно склалася ўстойлівае перакананне, што на вяселле госці прыходзяць з адзінай мэтай — “наесціся”, ва ўсіх сэнсах гэтага дзеяслова. І да антуражу ім справа самая малая. Можа, таму і “вінаватыя” ўрачыстасцяў не тлумяць сабе галаву? Хаця таму ж тамаду было б цікава прыдумаць нешта арыгінальнае, звязанае з беларускімі каранямі. І яно засталося б у памяці і на плёнцы для маладых на доўгія гады! Бо так што застаецца? Як дзядзька Вася з’ездзіў дзядзьку Пецю па... фізіяноміі?”

Дзіўна, уздыхнулі мы з ім, што мода на беларускасць не закранула гэтую сферу. Уздыхнулі і вярнуліся назад — хто банальна весці стандартны вясельны вечар, а хто — банальна да стала.

На наступны дзень я чамусьці набраў тэлефонны нумар іншага вядомага сталічнага вядучага прыватных і публічных мерапрыемстваў і распавёў яму сумную гісторыю яго калегі, не называючы таго па імені. Усё так яно і ёсць, уздыхнулі на тым канцы “дроту”. Праўда, гэтаму шоумэну пашанцавала больш: напружыўшыся, ён прыгадаў, што за пятнаццаць гадоў “службы” на той жа ніве “беларускае вяселле” яму заказвалі разоў пяць-шэсць. Але прыгадаў пры тым, з якой выдумкай і з якім арганічным выкарыстаннем характэрных для гэтай нацыі культурных асаблівасцяў праходзяць яўрэйскія вяселлі.

Эсэ маё зусім не прэтэндуе на нейкае сацыялагічнае даследаванне. Шчыра хочацца верыць, што толькі два гэтыя чалавекі сутыкнуліся з дадзенай “праблемай”, а ў астатніх прафесіяналаў з беларускімі нацыянальнымі традыцыямі, абрадамі і звычаямі пры правядзенні вяселляў усё ідзе інакш. Хаця верыцца, прызнаюся, з цяжкасцю.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"