Няўжо за межамі рэальнага?

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Адзін са шматлікіх філіялаў Музея гісторыі Магілёва, а менавіта Выставачная зала на рагу вуліцы Болдзіна, і Магілёўскі абласны драматычны тэатр знаходзяцца побач — проста перайсці дарогу. У адзін і той жа дзень, з розніцай у паўтары гадзіны, у кожнай з устаноў былі важныя падзеі. У тэатры — прэм’ера. У Выставачнай зале — адкрыццё чарговай экспазіцыі. Але, што называецца, кожнаму — сваё. Ні публіка, ні супрацоўнікі двух “культурных цэнтраў” не былі ў курсе таго, што робіцца ў суседзяў.

А між тым, адметнымі былі і спектакль “Жанчына мора” (гл. “К” № 31), і выстава “Грані рэальнасці”, якая спалучала творчасць трох мастакоў. Двое з іх — магіляўчане, трэці — мінчанін. Прадстаўнікі віцебскай мастацкай школы, яны вучыліся на мастацка-графічным факультэце былога Віцебскага педінстытута (цяпер гэта ўніверсітэт імя Пятра Машэрава), разам жылі ў адным інтэрнацкім пакоі. А іх творчыя індывідуальнасці настолькі розныя, быццам мастакі прадстаўляюць розныя не толькі школы, але і эпохі.

У Дзмітрыя Пухоўскага — прафесійна выкананыя традыцыйныя пейзажы, што вабяць прыгажосцю і прыйдуцца даспадобы прыхільнікам рэалізму. Міхала Максімава можна лічыць аддаленым нашчадкам імпрэсіянізму, супрэматызму і… вясёлкі. Ад першага ў яго — імкненне намаляваць не столькі сам прадмет, колькі адчуванне, настрой. Ад другога — яркасць, чысціня, незамутнёнасць простых фарбаў. Усё астатняе — аўтарская інтэрпрэтацыя рознакаляровых ліній, “падгледзеных” у вясёлкі. Назву карціны “Палёт душы”, што адкрывала экспазіцыю, можна было б адрасаваць усёй творчасці майстра, галоўным у якой становіцца адчуванне святла, руху, радасці, шчасця, пошук адметных ракурсаў гарадскіх пейзажаў, што і складае ўласнае бачанне свету.

Унутраную прастору пакояў, дзе сцены аддадзены карцінам, запоўнілі працы Уладзіміра Макаркова, што звешваліся са столі. Убачыўшы аднойчы хаця б адну з іх, надалей заўсёды пазнаеш руку майстра. Бо рэчышча яго пошукаў пралягае праз саму форму падачы сваіх мастацкіх фантазій, блізкую інсталяцыям. Быццам разам з навукоўцамі, толькі на мове жывапісу, ён даследуе “паходжанне” папяровай кнігі, вынайдзеныя чалавецтвам варыянты яе існавання. Яго творы выклікаюць безліч асацыяцый. Найперш гэта разгорнутыя скруткі-сувоі, якія кожны з гледачоў вольны расшыфроўваць на свой лад, бо яны прынцыпова не маюць назвы. Замацаваныя разам “шыльдачкі”, падобныя да павялічаных у памерах старадаўніх караляў якога-небудзь племя мая. Разгорнутая партманетка з кішэнькай. Эфект “кніжкі ў кнізе”. А яшчэ аздабленне закладкамі, прашытымі ніткамі, стужкамі.

/i/content/pi/cult/651/14456/gr-111111111111.jpg

Фрагмент экспазіцыі "Грані рэальнасці".

Я наведала выставу на другі дзень пасля адкрыцця, увечары. Наведвальнікаў не было. Калі ўжо сыходзіла, забеглі трое выпадковых мінакоў — схавацца ад дажджу. Даведаўшыся пра смешны кошт у паўтары рублі, пайшлі глядзець экспазіцыю. Большасць публікі, як я даведалася, тут бывае на ўрачыстым адкрыцці, калі можна прайсці бясплатна. У тэатры, дарэчы, таксама здараюцца падобныя праблемы: пасля цалкам аншлагавай прэм’еры, на наступных паказах у зале сям-там назіраюцца вольныя месцы. Дык чаму б не з’яднаць намаганні тэатра і Выставачнай залы?

Апошнім часам культурныя ўстановы паспяхова супрацоўнічаюць нават з рэстаранамі ды кавярнямі. Шырокі разгорт атрымаў праект “Мовабокс”, калі ў апошніх змяшчаюць палічкі з кнігамі: пі каву ды чытай. Некаторыя тэатры і кіно практыкуюць сістэму зніжак: прад’явіўшы білеты на прагляд у пэўнай “ежавай” установе, можна каштаваць прысмакі з меншай стратай для кішэні. Чаму б не скарыстаць штосьці падобнае? Да прыкладу, наведвальнікі выставы атрымліваюць зніжку, купляючы білет у тэатр. Ці наадварот.

У замежжы я часта сустракала так званую “скрыжаваную” рэкламу. Установы дамаўляюцца між сабой — і кожная змяшчае ў сябе рэкламныя шчыты, афішы, флаеры суседзяў, часта нават патэнцыйных канкурэнтаў. Бо ў выйгрышы — усе. Сапраўды, чаму б не пасябраваць? Глядзіш, культурная аўра горада атрымае куды больш шырокія межы і “грані рэальнасці”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"