“Берагіня”: гарачэй, чым у лазні, або Гісторыя пачалася не з мяне

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Нечакана, але прыемна: артыкул “Патанцуем?” Змітра Крымоўскага, надрукаваны ў “К” № 24, зачапіў чытача за жывое. Значыць, ёсць неабыякавыя людзі, якія могуць падзяліцца сваімі думкамі і вопытам у галіне практычнай фалькларыстыкі і фестывальнага руху ў пэўным рэгіёне.

Тэндэнцыі не толькі станоўчыя

З аўтарам артыкула “Патанцуем?” Так, у ахвоту!” (“К” № 27, 08.07.2017), вядучым метадыстам Віцебскага АМЦНТ Алай Лялькінай я пакуль не знаёмы, але адчуваю, што яна шчыра любіць сваю працу. Радуюся, што на Віцебшчыне рух рэспубліканскай фальклорнай фестывальнай “Берагіні” пакрысе набірае моц. І конкурс танцавальных пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў пра тое сведчыць. 77 пар з 20 раёнаў вобласці на заключным туры — гэта ўсё ж даволі прадстаўніча, асабліва калі ўлічыць, што яшчэ чатыры гады таму іх было ўсяго чатыры. Да таго ж, у спаборніцтве ўдзельнічаюць не толькі падлеткі, а і танцоры сталага ўзросту (нават 86 гадоў) — носьбіты мясцовых мастацкіх традыцый, жывыя крыніцы аўтэнтычнай харэаграфічнай спадчыны!

У рамках падрыхтоўкі да дзясятага нацыянальнага юбілейнага фестывалю фальклору “Берагіня” назіраецца станоўчая дынаміка і ў Гродзенскай вобласці. Напрыклад, сёлета на базе Лідскага раёна прайшоў Першы абласны конкурс “Танцуем па-даўнейшаму” з удзелам 29 пар, а лідчане правялі свой аднайменны трэці раённы конкурс.

/i/content/pi/cult/651/14455/13494-555555.jpg

Вылучыўся і Смаргонскі раён. Знакаміты культработнік Марына Клуйша правяла вялікую працу па аднаўленні мясцовых побытавых парных танцаў. І як вынік: усе ўстановы культуры раёна прадставілі на свяце з нагоды вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў свае разнастайныя варыянты. Ды не проста паказалі, а ладзілі майстар-класы з уключэннем прысутных — як прагных успомніць маладосць, так і тых, хто зацікавіўся ды імкнуўся навучыцца. А такіх было шмат. Амаль тры гадзіны жыхары і госці Смаргоні натхнёна віравалі ў карагодзе, папераменна вытанцоўваючы розныя “Лявоніхі” і “Полькі”, “Кракавякі” ды “Падэспані” — агулам больш за трынаццаць танцаў. Як адзначыла мясцовая жыхарка сталага веку, было гарачэй, чым у лазні!

Другі этап фестывальнага кола адметна завяршыла Мінская вобласць “Фальклорнай талакой” і конкурсам побытавага танца “Мінская кадрыля”, якія вось ужо другі раз прыняла Барысаўшчына. Буду спадзявацца, што самабытны Мінскі абласны фестываль у гэтым куточку Беларусі стане традыцыяй, падштурхне барысаўчан да больш актыўнага і выніковага ўключэння ў сістэму нацыянальнага фестывальнага фальклорнага руху “Берагіня”, а таксама і даследавання розных традыцыйных праяў найперш нематэрыяльнай (бо гэта больш складана) гісторыка-культурнай спадчыны краю.

На Гомельшчыне, пачынаючы з 1999 года, абласны цэнтр народнай творчасці перыядычна ладзіць конкурсы побытавага танца — як складнік фестывалю беларускай народнай харэаграфіі “Вытокі”. Увесну ў яго рамках конкурс прайшоў ужо ў восьмы раз. Але, на мой погляд, ён зрабіў крок назад. У папярэднім удзельнічалі 185 танцавальных пар (старэйшаму танцору было 83 гады), сёлета ж іх колькасць скарацілася амаль у тры разы.

Засмучае мяне і Брэсцкая вобласць. Калі ў 2012 годзе ў праведзеным упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама фестывалі “Радавод” (кіраўнікі праекта Вера Волкава і Людміла Бярней) удзельнічала больш за 17 тысяч школьнікаў (!), то апошнім часам і “адукацыя”, і “культура” асаблівай цікавасці да народнай харэаграфіі не праяўляюць.

Не забыць пра асобаў

Вяртаюся на Падзвінне, да артыкула Алы Лялькінай. Гонар віцяблянам і за тое, што на абласным узроўні яны захоўваюць памяць пра свайго славутага земляка, выбітнага беларускага харэографа Івана Арцёмавіча Серыкава, надаўшы абласному агляду-конкурсу аматарскіх харэаграфічных калектываў яго імя. Нельга не згадаць і творчасць фальклорных калектываў з Расонаў “Нежачкі” пад кіраўніцтвам светлай памяці Валянціны Літвінавай і “Сунічкі” Стайскай дзіцячай школы мастацтваў Лепельскага раёна пад кіраўніцтвам Веранікі Хомбак. Менавіта яны амаль дваццаць гадоў рабілі на Падзвінні значны ўнёсак у далучэнне дзяцей і моладзі да мясцовай традыцыйнай культуры ў розных яе праявах — народнай харэаграфіі, песеннай творчасці, інструментальнай музыкі, розных відаў народных рамёстваў.

Усё зробленае імі мае права на тое, каб яго аналізавалі, даследавалі — і пераймалі ды развівалі. Каб гісторыка-культурны досвед папярэднікаў (сямейны, родавы, вясковай супольнасці) не згубіўся. Каб у сённяшнім часе ён быў запатрабаваны і дапамог ва ўмовах наступстваў імклівай глабалізацыі захаваць этнічную культуру сваёй Бацькаўшчыны. Таму хацеў бы звярнуцца тут да спецыялістаў метадычных цэнтраў, асабліва маладых, пажадаўшы ім сканцэнтраваць увагу на гістарычны аспект, цікавіцца, што было зроблена да іх, ды не лічыць, нібы “гісторыя пачалася з мяне”. Бо часам ніякавата становіцца ад таго, што работнікі культуры (пераважна маладзейшага пакалення) не ведаюць знакамітасцяў свайго краю з ліку папярэднікаў. А ў гісторыі культуры і мастацтва той жа Віцебшчыны іх багата: Іван Серыкаў, Леанід Барадулька, Оскар Партны, Чэслаў Клячко, Галіна Клёсава, Галіна Сакалова, Іван Лабацкі, Людміла Венгер… Менавіта іх намаганнямі зберагалася духоўная памяць пакаленняў.

/i/content/pi/cult/651/14455/13559-4444444444.jpg

Выступы ў пасёлку Акцябрскі падчас леташняга фестывалю.


“Аднадзёнкі” хутка забываюцца

Балазе, зроблена папярэднікамі сапраўды нямала! Напрыклад, у рамках рэспубліканскага праекта “Танцавальны фальклор і дзеці” ў двух раёнах Віцебскай вобласці — Вушацкім і Гарадоцкім — даследавалася народная спадчына, у тым ліку і харэаграфічная. У Вушацкім раёне запісана шэраг гульняў, мноства прыпевак да танцаў, 75 харэаграфічных узораў, сярод іх — ажно 15 полек (“Тармасуха”, “Скакуха”, “Таптуха”, “Вінтом”, “Герц” і іншыя). Несумненную каштоўнасць уяўляюць кадрылі на пяць, шэсць і дванаццаць кален, а таксама “Лявоніха” з каляднага народнага тэатралізаванага прадстаўлення ”Жаніцьба Цярэшкі”.

У Гарадоцкім раёне таксама запісана шмат узораў розных харэаграфічных жанраў, у тым ліку кадрылі на дзве, чатыры і шэсць пар. Цяпер ім навучаюцца студэнты кафедраў этналогіі і фальклору і народна-песеннай творчасці БДУКіМ.

Для работнікаў культуры і адукацыі ды ўвогуле зацікаўленых мае быць каштоўным зборнік, прысвечаны Падзвінню з серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” (у шасці тамах), створаны пад кіраўніцтвам Тамары Варфаламеевай. Гэта не толькі багатая інфармацыйная крыніца, а найперш — дапаможнік, які змяшчае бясцэнныя ўзоры традыцыйных відаў і жанраў народнага мастацтва Віцебшчыны.

Я гэта да таго, каб схіліць чытачоў, а найбольш — супрацоўнікаў метадычных службаў, бібліятэкараў, настаўнікаў, выкладчыкаў, кіраўнікоў мастацкіх калектываў, да даследавання гісторыі культуры свайго краю, вывучэння творчасці носьбітаў і стваральнікаў мастацкіх каштоўнасцяў, а таксама арганізатараў культурнай дзейнасці ў рэгіёне. Славіць трэба тых, хто і сёння шчыруе на ніве мастацкай культуры Бацькаўшчыны, сваёй плённай працай робіць значны ўнёсак у яе захаванне і развіццё.

Мерапрыемствы-“аднадзёнкі” хутка забываюцца. А зафіксаваны гістарычны вопыт сям’і, роду, этнасу, духоўная памяць пакаленняў — на ўсе часы! І на сёння, мне падаецца, сістэмнае, паглыбленае, усебаковае вывучэнне народнай спадчыны беларусаў і яе ўзнаўленне дзецьмі ды моладдзю — як ніколі актуальныя! Прычым духоўных здабыткаў не “ўвогуле”, а менавіта канкрэтнай вёскі, мястэчка або сацыяльнай групы.

Мяркую, наспеў час адказным асобам кіруючых органаў адпаведных абласных, раённых, гарадскіх структур Віцебскай ды і іншых абласцей, навуковым супольнасцям, навучальным установам распачаць працу над падрыхтоўкай агульнанацыянальнага выдання “Гісторыя народнай спадчыны беларусаў” і працягнуць выпуск рэгіянальнай серыі “Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць”. Першы том такога кшталту выйшаў некалькі гадоў таму па Магілёўшчыне, але мізэрным тыражом. Кнігу не маюць большасць устаноў культуры нават той самай вобласці! А ёсць жа і ўстановы адукацыі, кіраўнікі фальклорных і народна-сцэнічных мастацкіх калектываў ды выкладчыкі з розных рэгіёнаў краіны.

Спадзяюся, што выказаныя мной думкі не пакінуць абыякавымі чытачоў — у першую чаргу тых, каму па роду сваёй дзейнасці наканавана падтрымліваць беларускую нацыянальную культуру, асабліва народную традыцыйную.

Мікола КОЗЕНКА, аўтар і кіраўнік праекта “Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, лаўрэат cпецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва