Апладысменты — беларускаму шклу

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

З 27 ліпеня па 2 жніўня ў Кыргызскай Рэспубліцы прайшла міжнародная канферэнцыя “Асноўныя тэндэнцыі развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў 1960 — 2010 гадах”, ініцыяваная Усерасійскім музеем дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва ў рамках комплекснай Праграмы “Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні”. Удзел у ёй узялі і арт-спецыялісты з Беларусі, чые выступленні выклікалі шчырую цікавасць аўтарытэтных калег з усяго СНД.

Да ўдзелу ў канферэнцыі Беларускі камітэт ICOM рэкамендаваў трох экспертаў. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Вольга Лабачэўская прачытала даклад на тэму “Беларускае саломапляценне — феномен сучаснага развіцця народнага мастацтва”, закрануўшы вострую тэму захавання народнага мастацтва ва ўмовах урбаністычнага асяроддзя і глабалізаванай цывілізацыі.

Асабліва гарачы водгук праз актуальнасць праблематыкі, каштоўнасць дакументальнага матэрыялу і якасць аналітыкі атрымаў даклад Вольгі Сазыкінай. Вядомая мастачка і выкладчыца зрабіла экскурс у гісторыю айчыннага мастацкага шкла на прыкладзе творчых лёсаў першых выпускнікоў аддзялення “Мастацкае шкло” кафедры ДПМ Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1972 — 1977) — “Ад шклозавода “Нёман” да свабодных куратарскіх практык”. Агульная для ўсіх глабальная гісторыя ў перыяд ад 1960-х гадоў да нашых дзён была пададзеная праз асабістыя прафесійныя біяграфіі.

Для большасці ўдзельнікаў канферэнцыі ўпершыню разгарнулася цэласная панарама менавіта беларускай часткі гэтай агульнай гісторыі — праз аповед аб стварэнні аддзялення “Мастацкае шкло” — у першую чаргу ў якасці базы падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для вытворчых прадпрыемстваў і мастацкіх камбінатаў, аб сістэме навучання і першых выкладчыках (так званы “львоўскі дэсант”), пра шклозавод “Нёман” як пра вядучае прадпрыемства саюзнага значэння, пра магчымасці эксперыменту на беларускіх заводах у эпоху росквіту мастацтва шкла 1960 — 1970-х, пра шматлікія тэхналагічныя патэнты і ўзнагароды ВДНГ, атрыманыя айчыннымі мастакамі, пра годную іх рэпрэзентацыю ў музейных фондах былога СССР.

Гэтая ўражвальная панарама праз драматычны расповед пра крызіс створаных у савецкі час вытворчасцяў мастацкага шкла і пошук спосабаў выжывання ды пераходзе часткі мастакоў ДПМ у сферу канцэптуальных практык (1987 — 2000), перайшла ў выніку да апісання сучаснай сістэмы падрыхтоўкі на аддзяленні мастацкага шкла і керамікі Беларускай акадэміі мастацтваў. Мяркуючы па апладысментах, замежныя спецыялісты ацанілі яе станоўча.

Скульптар, мастацтвазнаўца, куратар Павел Вайніцкі нібы працягнуў тэму, распавёўшы пра сучасны стан мастацкага шкла Беларусі на прыкладзе выставачных праектаў апошніх гадоў, дзе ДПМ нярэдка зрастаецца з канцэптуальнымі практыкамі.

Нацыянальныя камітэты Міжнароднага Савета Музеяў ICOM закліканыя садзейнічаць інтэграцыі музейнай супольнасці сваіх краін у агульнасусветную прафесійную прастору. Без сумневу, уключэнне Беларусі ў Праграму “Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні” — адзін з крокаў да аднаўлення шчыльных адносін з даўнімі калегамі і партнёрамі. Праграма будзе працаваць яшчэ 2 гады.

Таццяна БЕМБЕЛЬ,
мастацтвазнаўца,
старшыня ГА “Беларускі камітэт Міжнароднага
Савета Музеяў ICOM”