Ля вытокаў дзвюх рэк, на водападзеле двух мораў

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Сёння, 12 жніўня, распачынаецца II Рэспубліканскі “Фестываль дзвюх рэк” у Докшыцах. Арыгінальная назва патрабуе пэўнага тлумачэння. Докшыцкі раён знаходзіцца на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. У горадзе бярэ пачатак рэчка Бярэзіна, за райцэнтрам знаходзіцца выток ракі Віліі. Мясцовыя ўлады вырашылі, што такая водная “дзяржава” павінна мець адпаведны брэндавы фэст, які б творча ўплываў на іншыя беларускія рэгіёны. Як-ніяк, а згаданыя рэкі працякаюць шмат па якіх абласцях нашай краіны. А калі згадаць, што кожная рэчка мае працяг у марах і акіянах, дык і міжнародны статус для такога мерапрыемства — цалкам рэальны. Прынамсі, менавіта так думаюць у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Докшыцкага райвыканкама. І не проста думаюць, але і справу робяць.

На лагатыпе фэсту — лебедзь. Ён — сімвал сяброўства, сямейнай еднасці і творчасці. Гэтыя птушкі пастаянна прылятаюць сюды, дзе за мастком Бярэзіна з ручаіны пераўтвараецца ў невялікі вадаём, а потым вучыцца быць ракой. На беразе — амфітэатр, галоўная сцэна фэсту. Да святочнай мітусні лебедзі пакуль не прызвычаіліся. Але на ўсё выдае, што неўзабаве стануць яго “хэдлайнерамі”.

/i/content/pi/cult/651/14452/IMG_1123-222222222.jpg

Падчас леташняга “Фестывалю дзвюх рэк” у Докшыцах.

Сёння фестываль вельмі арганічна спалучыўся з Днём горада. Докшыцам — 610 гадоў. Яны памятаюць ваяводу Войцеха Манівіду, удзельніка Грунвальдскай бітвы, які тут уладарыў. Пасля афіцыйных урачыстасцяў падчас конкурсу прыгажосці і грацыі будзе абрана лэдзі фестывалю.

Асноўныя фэставыя дзеі — агляд-конкурс сямейнай творчасці “Кірмаш талентаў” ды конкурс вакалістаў “Бярэзінскія напевы”. І слоган мерапрыемства — адпаведны: “Тут чысцейшыя крыніцы, дзе звонкіх песень льюцца галасы”. У госці прыедуць спевакі, што жывуць па берагах Бярэзіны ды Віліі. Будзе яшчэ пленэр юных мастакоў “Я малюю фестываль”. Адкрыецца “Салодкі фальварак” з нацыянальнай кухняй.

Пакрысе мерапрыемства становіцца самадастатковым. На арганізацыю і правядзенне сёлетняга “Фестывалю дзвюх рэк” мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі атрымаў грант ПРААН. Так, глядзіш, фэст і зробіцца міжнародным.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"