Чым больш знаходак, тым больш пытанняў

№ 32 (1315) 12.08.2017 - 18.08.2017 г

Артэфакты выходзяць на сенсацыю
Сёлетні археалагічны сезон для даследчыкаў Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку багаты на знаходкі XII стагоддзя. Спачатку ў археалагічных шурфах трапілася зашпілька для кніг. Старажытная драбяза стала важкім аргументам, які пацвердзіў: бібліятэка ў манастыры складалася пад асабістым наглядам Ефрасінні Полацкай. Пасля масмедыя застракацелі выявай жаночай — што само па сабе надзвычайная рэдкасць — пячаткі. Вучоныя высветлілі: манастырскі штамп непасрэдна належаў Прападобнай. Не паспела грамадскасць абмеркаваць гэтую навіну, як з Полацка прыляцела чарговая сенсацыя: сярод кавалкаў будаўнічага смецця ў выкапаным слоі зямлі знайшлі выяву плана старажытнага храма. Ён “маладзейшы” за вядомыя ў свеце раннія чарцяжы не менш, як на стагоддзе.

Дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Іна Калечыц распавяла, што першапачаткова архітэктурна-рэстаўрацыйныя работы ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры былі скіраваны на даследаванне фундамента, каб умацаваць сцены і абараніць іх ад вільгаці. “За стагоддзі слой зямлі вакол манастыра ўзняўся і справакаваў павышэнне вільгаці, з’яўленне соляў, што разбуральна ўздзейнічае і на само збудаванне, і на яго жывапіс”, — растлумачыла суразмоўца. Археалагічныя шурфы былі закладзены тут яшчэ ў 2015 годзе. Менавіта тады навукоўцаў чакала першая неспадзяванка: высветлілася, што да фасада храма прымыкаюць галерэі.

З таго часу спецыялісты раз за разам вяртаюцца на Полаччыну, каб знайсці ў зямлі адказы на шматгадовыя пытанні. “Мы заўсёды крыху ў чаканні. У нас падабраўся цудоўны калектыў: дасведчаныя археолагі, звышпрафесійныя рэстаўратары. Нават у звычайных размовах адкрываюцца новыя рэчы, якія могуць паўплываць на навуковы дыскурс. І вось што цікава: чым больш у нас знаходак, тым больш пытанняў перад намі паўстае”, — дзеліцца ўражаннямі спадарыня Іна.

Ды тыя цікавосткі не адразу ў рукі даюцца. Прыкладам, чарцёж ХІІ стагоддзя быў знойдзены ў тым месцы, дзе ў 1950 — 1960-я гады неаднаразова працавалі археалагічныя экспедыцыі. Па меркаванні вядучага навуковага супрацоўніка навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандра Салаўёва, на гэта шмат аб’ектыўных прычын. Па-першае, пераборка ў той час пакідала жадаць лепшага, бо і людзей не хапала, і не заўсёды даследчыкі ведалі, што канкрэтна ім патрэбна шукаць. Па-другое, сёлетняя група пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара, прарэктара па навуковай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніса Дука магла крыху ссунуць шурфы — і адкрыццё не прымусіла сябе чакаць.

Руплівае вывучэнне знаходкі яшчэ наперадзе, а пакуль можна толькі дапусціць, што чарцёж, па якім можна зразумець маштаб забудовы, яе прапорцыі, таўшчыню сцен, прадрапалі па сырой гліне спецыяльнай прыладай — пісалам. Для доўгага захоўвання плінфу абпалілі. Хутчэй за ўсё, план ствараў архітэктар, які і займаўся будаўніцтвам храма-пахавальні.

— Тое, як ён складзены, дае падставу гаварыць пра паўнавартасны чарцёж! — узрушана апавядае спадар Аляксандр. — Сам факт яго наяўнасці — неацэнная каштоўнасць! Знаходка істотна змяняе наша ўяўленне пра будаўніцтва ў той час. Да сённяшняга дня самымі раннімі чарцяжамі на Беларусі лічылі ўзоры ХVI стагоддзя. Цяпер у нас ёсць пацверджанне, што ўжо на мяжы ХІ і ХІІ стагоддзяў узводзілі збудаванні паводле праекта.

Між іншым, на рахунку вядучага навуковага супрацоўніка ўласная знаходка: манастырская пячатка Прападобнай Ефрасінні. Звычайна спадар Салаўёў працуе з буйнымі формамі, то бок, цэглай і кафляй. Таму дробнае прывітанне з XII стагоддзя сталася для яго сапраўднай неспадзяванкай. Археолагі — а ля сцен Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра працуюць як беларускія вучоныя, так і іх калегі з Расіі — зрабілі першапачатковую невялікую расчыстку, каб разгледзець знаходку, прачытаць надпісы.

— Метал, з якога зроблены артэфакт, вельмі мяккі, у ім было шмат украпванняў пяску, — распавядае Іна Калечыц. — Мы перадалі пячатку спецыялістам Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Там з ёй папрацуюць спецыялісты, пачысцяць, замацуюць. Пасля, верагодна, будуць яе дэманстраваць наведвальнікам.

Нагадаем, у 2015 годзе была знойдзена актавая пячатка Ефрасінні, якой, верагодна, Прападобная карысталася для замацавання дакументаў. Новая знаходка адрозніваецца па тэхніцы, якасці выканання і спосабе выкарыстання. Аляксандр Салаўёў мяркуе, што такі свінцовы штамп прывешвалі да шпагату, якім падпярэзвалі світкі, засцерагаючыся ад чужога вока. Адсюль і назва прадмета: віслая пячатка.

Іна Калечыц растлумачыла, чаму знойдзены прадмет — двухбаковы: па тагачаснай тэхналогіі свінец пламбіраваўся спецыяльнымі абцугамі з адмысловымі адбіткамі. На знойдзеным артэфакце з аднаго боку бачны лік Ефрасінні Александрыйскай, якую наша святая называла сваёй апякункай. Вакол асобы ідзе надпіс, але ён пашкоджаны: па меркаванні Іны Калечыц, тое было зроблена наўмысна яшчэ ў ХІІ стагоддзі. Верагодна, атрымаўся не вельмі ўдалы адбітак, таму большую колькасць слоў счасалі, пакінуўшы толькі заканчэнне фразы: “на многая лета”.

На рэверсе змешчана выява “Збаўца Пантакратар”. У сувязі з тым, што яна амаль цалкам супадае з фрэскай, якая месціцца непасрэдна ў Спаса-Прэабражэнскім храме, навукоўцы зрабілі выснову: верагодна, пячатка Ефрасінні несла функцыю і манастырскай.

Сам факт таго, што ігумення валодала асабістымі пячаткамі, падкрэслівае значэнне Полацкага манастыра. На той час замацоўваць дакументы імянным штампам маглі толькі першыя людзі ў дзяржаве, у асноўным — мужчыны. Тут жа мы бачым, як жанчына змагла ператварыць сваё духоўнае дзецішча ў буйны грамадска-палітычны цэнтр. Даследчыкам жа трэба будзе высветліць, чаму пячаткі непадобныя адна на адну: магчыма, яны мелі розныя прызначэнні (напрыклад, падзяляліся на парадныя і працоўныя).

/i/content/pi/cult/651/14450/32 kultura 3.jpg

Зашпілька і пячатка прыводзяць да высновы, што ў паўднёвай галерэі калісьці знаходзіўся нейкі архіў. Галоўным кірункам даследаванняў Іны Калечыц з’яўляюцца графіці Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. У асноўным яна працуе ў келлі Прападобнай, дзе даследуе шматлікія насценныя надпісы з часоў Сярэднявечча. Гэтыя тэксты, краты, што перакрываюць уваход у келлю, знойдзеныя днямі артэфакты-сенсацыі наводзяць на думку, што, магчыма, першапачаткова стосы дакументаў захоўваліся ў дадзеным памяшканні. Але гэтае меркаванне яшчэ чакае свайго даследчыка. Пакуль жа ў зоне інтарэсаў дацэнта тыя самыя тысячы надпісаў.

— Тут знаходзяцца графіці з сярэдзіны ХІІ стагоддзя і да 1832 года, — распавядае яна. — Гэтая келля — унікальны помнік Сярэднявечча, бо летапісаў з тых часоў захавалася вельмі мала, мы ж маем у адной царкве 4 тысячы гістарычных крыніц! Названая тэма ў Беларусі на дадзены момант вывучана слаба, таму я актыўна рыхтую матэрыялы, выкладваю ў шырокі доступ па меры магчымасці, спадзяюся выпусціць манаграфію. Здаецца, для навуковага асяроддзя гэта павінна мець эфект выбуху.

Навукоўцы вельмі радыя, што сёлета Дзень пісьменства ладзіцца ў Полацку: разам з сенсацыйнымі знаходкамі адкрываюцца новыя тэмы для абмеркавання падчас мерапрыемстваў фэсту. Справаздачы па рарытэтах і пераасэнсаванні некаторых краевугольных поглядаў на гісторыю ўжо чакаюць даследчыкі, што збяруцца ў лістападзе на VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі”. Якраз да восені спецыялісты павінны паспець правесці дэтальны аналіз артэфактаў, якія далі сапраўдны штуршок навуцы. Аднак Аляксандр Салаўёў прапануе не супакойвацца на дасягнутым: “Полацкая зямля хавае шмат скарбаў. Нас чакае яшчэ безліч адкрыццяў!”

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"