Шляхтай звацца з “Чумадрыхай” на харугве?

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Як цудоўна — умець чытаць! З кожным радком цябе ахоплівае адчуванне, што літаральна ў гэты момант аднаму табе адкрываюцца сакрэты Сусвету... Амаль з гэткім захапленнем першакласніцы выходзіла я з прэм’еры “Пінскай шляхты” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

 /i/content/pi/cult/163/1445/Shlayhta1.jpg
Мяркую, большасць з тых, каму даводзілася праходзіць у рамках школьнай праграмы “Пінскую шляхту” Дуніна-Марцінкевіча, думаў сам сабе: навошта мне, чалавеку сённяшняму, гэты “антыкварыят”? Акурат так гаварыла ў свой час і я, незадаволеная неабходнасцю “забіваць галаву” класавымі пытаннямі і перажываннямі бедных закаханых, якім “прыгнятальнік” Куторга не дае злучыць свае лёсы, а злодзей Кручкоў абірае бедны беларускі люд...

Ды нечаканая свежасць і абсалютная “незаімшэласць” тэксту п’есы Дуніна-Марцінкевіча ў пінігінскай пастаноўцы проста скарылі. Аказваецца, гэта цудоўнае, ні з чым не параўнальнае адчуванне, калі рэжысёр бярэ класічны твор, кшталту “Пінскай шляхты”, перанасычаны ўсялякага роду “традыцыямі” і трактоўкамі, і не імкнецца пераасэнсаваць яго, перакруціць, каб прадэманстраваць уласную віртуознасць “прыдумшчыка” сцэнічнай дзеі, а— удумліва чытае п’есу з пазіцый сучасніка аўтара, які размаўляе з ім на адной мове. Як рэжысёр Пінігін не “падмінае” пад сябе аўтара, наадварот — ён уважліва ўчытваецца ў амаль двухсотгадовыя радкі ды жыва і таленавіта бачыць у іх тое, што, на шчасце ці на жаль, не страціла актуальнасці і цяпер. Як, напрыклад, амаль маніякальнае імкненне Марысі выйсці замуж, каб ніхто навокал не змог папікнуць яе тым, што яна заседзелася ў дзеўках.

Яшчэ адзін талент Пінігіна, заўважаны і ў іншых яго пастаноўках, у “Пінскай шляхце” таксама выявіўся на поўную моц: як віртуозны кулінар гатуе свае стравы так, каб кожны інгрэдыент, складнік гарманічнага ансамблю, быў відочны і адчувальны, так і рэжысёр у сваім спектаклі падае купалаўскіх акцёраў, бы каштоўныя камяні ў зіхоткай дыядэме.

Пара закаханых — Марыся (Ганна Хітрык) і Грышка (Міхаіл Зуй) — вырашана ў спектаклі ў рамантычна-ідэалізаванай манеры пастаральнай гіпербалізацыі. Своеасаблівыя “нашчадкі” галоўных герояў “Ідыліі”, яны, аднак, ужо не ідэалізуюць родную зямельку, а наадварот, напрыканцы спектакля рашуча з’язджаюць з гэтага шляхецкага “раю”. І, пры ўсёй іранічнасці акцёрскага існавання, яны надзвычай празрыста ўвасабляюць у сабе стыль мыслення пэўнай часткі нашай моладзі.
 /i/content/pi/cult/163/1445/Shlyahta2.jpg

А вось персанажаў “сярэдняга пакалення”— бацькоў — Пратасавіцкі (Ігар Дзянісаў), яго жонка Куліна (Вольга Няфёдава), Цюхай-Ліпскі (Аляксандр Падабед) і Куторга (Мікалай Кучыц) — з поўным правам можна было б назваць “продкамі” герояў легендарнай купалаўскай “Паўлінкі”. Яркія, сакавітыя “прадстаўнікі народу”, кожны з іх — цэлы свет нашых сённяшніх уяўленняў аб тым, якімі ж выглядалі некалі нашы папярэднікі.

І, гледзячы на бліскучыя акцёрскія работы, у чарговы раз пераконваешся: прырода беларускага тэатра крыецца менавіта ў камедыйным жанры. Насуперак “філасафічнасці”, якую даследчыкі айчыннага тэатра імкнуцца адшукаць у беларускай драматургіі, яна спрэс прасякнута глыбіннай народнай мудрасцю.

Ну і, канешне ж, “увесь вечар на арэне” — прыстаў Кручкоў у выкананні Віктара Манаева. Яго бліскучая акцёрская ігра — прадмет бурных глядацкіх захапленняў — і ў “Пінскай шляхце” выявілася на ўсю моц. Здаецца, дастаткова яму толькі выйсці на сцэну— і гледачы, бы зачараваныя “трусяняты”, з прагнасцю ловяць кожнае яго слова, кожны рух, погляд. Нават эпізадычнае з’яўленне Манаева ў любым спектаклі робіць яго выхад асобным нумарам, здольным вырасці ў паўнавартасную пастаноўку, як гэта, дарэчы, было з яго Жабраком у “Сымоне-музыку”. Але ж у “Пінскай шляхце” акцёр значна ўскладняе “задачу” для гледачоў: здаецца, гэтым разам ён зусім не збіраецца нас “заваёўваць”, — яго Кручкоў абыходзіцца паўрухамі, паўпозіркамі, быццам усё загадзя прадвызначана і няма прычын для таго, каб уключацца ў дадзеныя справы сур’ёзна. Ён выклікае нават расчараванне ад таго, што суд над Цюхай-Ліпскім (Аляксандр Падабед) і Пратасавіцкім (Ігар Дзянісаў) завяршаецца надзвычай хутка. Глядач панік... І вось тут Манаеў “адпускае” тэмперамент, і яго Кручкоў, адчуўшы, што хітрыкі ўдаліся, “зрываецца з ланцуга”, віртуозна закручваючы і сваіх сцэнічных “ахвяр”, і нас,гледачоў, у віхуры ўласнага акцёрскага таленту. І не праходзіць некалькіх хвілін, як шчаслівыя шляхцюкі, гледзячы яму ў рот, гатовы аддаць усё, нават ролю свата ўласных дзяцей.

Асобна хацелася б адзначыць бліскучую работу мастака-пастаноўшчыка спектакля Вольгі Мацкевіч, і ў прыватнасці — касцюмы, створаныя ёй для персанажаў Дуніна-Марцінкевіча. Дасціпна, з гумарам яна нагадала нам пра тое, што тэатральны касцюм можа быць не толькі вопраткай герояў, якая “дайграе” за выканаўцаў, а— самастойным, дзейсным складнікам сцэнічнага аповеду. “Другую свежасць” усёй надзьмутай шляхетнай прэтэнзіі яна выяўляе праз дробныя, але трапныя дэталі касцюмаў персанажаў, такія, як рэшткі рыцарскіх лат, некалі “багаты”, а сёння — проста аблезлы, тыгровы шалік (ці каціны?), падперазаныя на манер лапцей серабрыстыя боты “з рыпеннем” і г. д. Пры гэтым касцюмы персанажаў нагадваюць своеасаблівы канструктар, які паступова, на працягу спектакля, “рассыпаецца”, агаляючы гледачам тых людзей, што пад ім схаваны: звычайных, падобных на нас з вамі, — з дзвюма рукамі і нагамі. І яны, “абадраныя, як ліпка”, ужо не падаюцца такімі смешнымі і гратэскавымі, а— вартымі жалю істотамі, якім шляхецтва патрэбна адно для таго, каб схавацца ў яго, бы слімаку ў свой домік.

Зрэшты, тэма шляхецтва і свярблівай неабходнасці яго пацвярджэння ў спектаклі раскрываецца Мікалаем Пінігіным з даволі нечаканага ракурсу: раптам па ходзе спектакля прыходзіць дзіўнае “адкрыццё” таго, што, аказваецца, на працягу ўсёй сцэнічнай дзеі на сцэне так і не з’яўляецца ніводнага прадстаўніка “нешляхетнай” крыві. Асабліва калі Кручкоў прызнаецца, што і сам ён гэтага ж роду. Дык каму ж і для чаго патрэбна гэтая шляхетнасць, у якой з медытатыўнай настойлівасцю героі спектакля намагаюцца пераканаць найперш саміх сябе? Навошта з такой прагнасцю шукаць пацвярджэнняў таму, што ніхто “звонку” і не збіраецца абвяргаць?

Думаецца, для самога Мікалая Пінігіна пастаноўка на Купалаўскай сцэне “Пінскай шляхты” якраз і сталася тым самым адмаўленнем ад пошукаў уласнай прафесійнай “шляхетнасці”. Нягледзячы нават на тое, што многія шкадавалі і ўпотай (а часам і голасна) дакаралі, што рэжысёр пакінуў Беларусь і з’ехаў працаваць у Санкт-Пецярбург, а “вяртальны” “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа па сваіх мастацкіх вартасцях не пераўзыйшоў такія яго папярэднія сцэнічныя шэдэўры, як “Тутэйшыя” і “Ідылія”. Даказаўшы самому сабе ўласную здольнасць працаваць у іншым тэатры, горадзе і ў іншай культурнай прасторы, ён без гучных дэклараванняў вярнуўся на родную Купалаўскую сцэну.

І я ў свой час пасля прэм’еры “Сымона-музыкі” амаль з’едліва дапытвалася ў рэжысёра: чаму ж, раз беларуская класіка, па яго словах, такая адметная і глыбокая, ён увасабляе яе выключна на беларускай сцэне, а не ў піцерскім БДТ, дзе лічыцца ў штаце тэатра? Сваёй “Пінскай шляхтай” ён даў на гэтае пытанне мне і падобным “праўдашукальнікам” адназначны адказ: найвышэйшая місія творцы — працаваць для свайго народа і аддаваць не “сталічнаму пану”, а— народу свае творчыя сілы, сэрца і боль. І акурат гэта ў спектаклях Мікалая Пінігіна скарае нават яго зацятых апанентаў: пры ўсёй іранічнасці і дзёрзкасці паказу сваіх “супляменнікаў”-беларусаў, ён ні ў адну хвіліну сцэнічнага часу не здзекуецца з іх, не прыніжае. Прымаючы такімі, якія яны ёсць, ён не “дае ацэнак”, а заклікае падумаць, чаму ж мы гэткія, што не дае спакою нам у нас саміх? І колькі агульнага ў тых сцэнічных “галаштаннікаў”, якімі паўстаюць героі ў апошнія хвіліны спектакля, з родавымі гербамі, узнятымі на ўласных харугвах, калі яны, стоячы спіна да спіны, намагаюцца абараніць адзінае, што ў іх засталося: той маленькі лапік зямлі пад назвай “Беларусь”.

Таццяна КОМАНАВА
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА