Кірмаш як цэнтр мастацтваў

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

У эпоху вялізных шопінг-молаў рынкі пад адкрытым небам падаюцца атавізмам, які цудам застаўся ад былых часоў. Іх адсоўваюць кудысьці “на выселкі” або наогул зачыняюць. Разам з імі незваротна знікае і надзея на адраджэнне шматвяковых кірмашовых традыцый, якія сталі неад’емнай часткай нашай нематэрыяльнай культуры. У стэрыльна чыстых скрынях гіпермаркетаў ім месца наўрад ці знойдзецца. Кіраўніцтва мінскага Чэрвенскага рынку бачыць выйсце з сітуацыі найперш у вяртанні да той досыць даўняй пары, калі кірмаш быў не толькі гандлёвым (як цяпер), але і сацыякультурным цэнтрам. Па ініцыятыве Беларускага саюза прадпрымальнікаў непасрэдна сярод ралетаў гандляроў рэгулярна ладзяцца святы. Апошняе з іх — на мінулых выхадных — прысвячалася дню нараджэння рынка. А ён, як выявілася, з’явіўся на свет ажно 126 гадоў таму!

/i/content/pi/cult/650/14447/25.jpgВыявілася невыпадкова і не само сабою: да нядаўняга часу тая дата нідзе асабліва не фігуравала. Занурыўшыся ў даўніну, кіраўніцтва рынка выцягнула на дзённае святло прызабыты, але важны факт: у 1891 годзе мінскі мэр Караль Чапскі дазволіў сялянам са сваіх маёнткаў гандляваць мёдам пры Ігуменскім тракце. З гэтага, уласна, усё і пачалося.

— Мы вывучылі гісторыю рынку, а цяпер наша задача — адрадзіць традыцыі кірмашовай культуры, — апавядае старшыня Саюза беларускіх прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін. — Каб выправа на закупы станавілася для людзей сапраўдным святам, прычым святам — нацыянальным.

Складнікі таго свята — амаль такія, як і ў былыя часы, хіба ў новай “аблямоўцы”. Былі і блазны, і музыкі, і асілкі, у ролі якіх выступілі спартсмены-гіравікі. Не зважаючы на дождж, людзі самага рознага веку — прыкладна ад 7 і да 70 — ахвотна развучвалі народны танец маразуля, прызначаны акурат для таго, каб саграваць у непагадзь.

Яшчэ адным пунктам святочнай праграмы стала закладка непасрэдна на рынкавай тэрыторыі ўласнай алеі зорак. Першая “заззяла” ў гонар таго самага Чапскага. Як можна меркаваць, для айчынных прадпрымальнікаў ён пакрысе становіцца папраўдзе культавай постаццю.

Зрэшты, і сам асартымент таго, што прадавалі на рынку, гэтымі днямі істотна папоўніўся. Некалькі гандлёвых шэрагаў занялі рамеснікі са сваім рознай якасці хэнд-мэйдам.

/i/content/pi/cult/650/14447/26.jpg— Тыя ж самыя Казюкі ў Вільнюсе прыцягваюць процьму турыстаў, — прыводзіць аналогіі Аляксандр Калінін. — Мы таксама туды ахвотна ездзім, забываючы, што гэта і нашы традыцыі, якія нам належыць адрадзіць. Таму Саюз прадпрымальнікаў прываблівае сюды рамеснікаў — спадзеючыся, што ўслед за імі пойдуць і турысты.

Стэрэатып адносна таго, што на рынку можна знайсці хіба тандэтныя і няякасныя тавары з азіяцкіх краін, тут актыўна спрабуюць парушыць. Пачэснае месца сярод прывазнога шырспажыву займаюць вышыванкі — на розны ўзрост, пол і габарыты цела.

— Дарэчы, яны ў нас на рынку — ледзь не самыя танныя! — хваліцца Аляксандр Калінін. — А ўсё таму, што мы спецыяльна замовілі вялікую партыю на маладзечанскай фабрыцы.

У вышыванкі апранутыя і многія супрацоўнікі рынку — нават дзяўчаты, якія прадаюць квас. І гэта — свядомая палітыка і своеасаблівы стыль Чэрвенскага.

А цэлы шэраг ралетаў на рынку займаюць не тавары, а дзіцячыя малюнкі. Саюз прадпрымальнікаў не так даўно выступіў ініцыятарам правядзення конкурсу маладых мастакоў, і дасланыя на яго творы экспануюцца ў галерэі пад адкрытым небам.

— На Беларусі неверагодна таленавітыя дзеці, і шкада, што мы замала надаем увагі іх творчасці, — кажа Аляксандр Калінін. — Часам у нашай галерэі сустракаюцца сапраўдныя шэдэўры!

На рынку цяпер ёсць не толькі ўласная галерэя, але і бібліятэка. Тамтэйшая кавярня адрозніваецца ад “субратоў” не толькі сваёй чысцінёй, а яшчэ і паліцай (а дакладней, цэлым стэлажом!) для буккросінгу. Ва ўстановах культуры імі ўжо даўно не здзівіць, але далёка не ўсе да тых установаў даходзяць — у адрозненне ад таго ж рынка. І менавіта таму падобныя спосабы папулярызацыі “разумнага і добрага” падаюцца асабліва эфектыўнымі. Ды і сам рынак з дапамогай іх як быццам набывае ўласнае аблічча, свой самавіты імідж.

Васіль ЗБОРАЎ