Тэатралы едуць у Бабруйск

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Да ўдзелу ў Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча адабрана 12 спектакляў.

Форум адбудзецца з 17 па 22 лістапада ў Бабруйску. Афіша фарміруецца з лепшых спектакляў апошняга тэатральнага сезону па творах беларускіх драматургаў.

27 ліпеня 2017 года на пасяджэнні экспертнай адборачнай камісіі па выніках таемнага галасавання для конкурснай праграмы “Спектакль тэатра драмы” абраныя спектаклі: “Пясняр” (аўтар Васіль Дранько-Майсюк) Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, “Карона з кахання” (Анатоль Дзялендзік) Мінскага абласнога драматычнага тэатра, “Кропкі на часовай восі” (Дзмітрый Багаслаўскі) Магілёўскага абласнога тэатра імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, “Тарас на Парнасе” (Сяргей Кавалёў) Слонімскага драматычнага тэатра, “Сіндром Медэі” (Юлія Чарняўская) і “Кар’ера доктара Рауса” (Віктар Марціновіч) Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

У конкурснай праграме “Эксперымент” будуць прадстаўленыя пастаноўкі: “Опіум” (Віталь Каралёў) Цэнтра візуальных і выканаўчых мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, “Ладдзя Роспачы” (Уладзімір Караткевіч) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, “Камедыя Юдзіфі” (Сяргей Кавалёў) Гродзенскага абласнога тэатра лялек, “Скарына” (Мікола Рудкоўскі) Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, “Сіняя-сіняя” (Уладзімір Караткевіч) Магілёўскага абласнога тэатра лялек, “Поле” (Павел Пражко) групы “тэатр post” з Санкт-Пецярбурга.