Помнік Кузьме Чорнаму? Чаму б і не!

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Насупраць Чырвонага касцёла робім замалёўкі. І я, і мае студэнты ўжо ведаем, што гэты куток Мінска будзе называцца ў гонар фундатара касцёла Святых Сымона і Алены Эдварда Вайніловіча. Усё правільна. Але мімаволі ўяўляю, што ў свой час прыблізна на гэтым месцы любіў сядзець на лаве, абапіраючыся на кіёк, Кузьма Чорны, змардаваны васьмю месяцамі турмы (яна таксама непадалёк). Пра што ён думаў, разглядаючы Чырвоны касцёл? Дарэчы, на той час тут працаваў ТЮГ, спектаклі якога любіла наведваць дачка бліскучага празаіка.

Так атрымалася, што, пачынаючы з 1934-га, Кузьма Чорны жыў метраў за дзвесце ад касцёла. І свайго пана — Эдварда Вайніловіча — павінен быў ведаць з маленства. На многія пытанні мог бы адказаць задуманы Чорным сацыяльны раман “Пра Рыгора Сухаменьчыка, аканома, праваслаўнага мужыка з Кузінавічаў, салдата”. Планавалася, што адным з герояў твора павінен стаць пан Залеўскі, зямельны магнат. Магчыма, правобраз Вайніловіча?

Як бы там ні было, але лавачка на рагу Савецкай і Берсана была ўпадабана яшчэ маладым, але вельмі хворым пісьменнікам. І мне вельмі хочацца прапанаваць гарадскім уладам абвясціць конкурс на праектаванне помніка Кузьме Чорнаму ў скверы Эдварда Вайніловіча. Лёс навечна злучыў землякоў. Тым больш, што абранае мною месца — знакавае для Мінска. На пачатку галоўнай сталічнай вуліцы шчыльна перапляліся жыццёвыя, культурныя, палітычныя варункі…

Улетку я шмат вандрую па Капыльшчыне (транспартам дапамагае пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, а дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч прапанаваў занатаваць мясціны, звязаныя з жыццём Кузьмы Чорнага) разам са студэнтамі архітэктурнага факультэта БНТУ. Там — выток маіх разваг пра класіка нашай літаратуры. Пабывалі мы і ў музеі вёскі Цімкавічы, дзе нарадзіўся Мікола Раманоўскі. Любаваліся краявідамі ля вёскі Савічы, дзе быў маёнтак Вайніловічаў і захаваўся курган з надпісам на крыжы “Курган памяці роду Слугі Божага Эдварда Вайніловіча…” Вынікам вандровак студэнтаў і іх настаўнікаў павінна стаць мастацкая выстава ў Мінску і Цімкавічах.

Чорны і Вайніловіч… Прагрэсіўны магнат-землеўладальнік і таленавіты сын патомнага парабка, будучы пісьменнік… Яго бацька служыў Вайніловічу ў фальварку Лапацічы, каля маёнтка Боркі, дзе Мікола Раманоўскі і нарадзіўся на мяжы стагоддзяў. А побач праходзіў “кацярынінскі шлях” ці “Варшаўка”. Будучы пісьменнік вучыўся ў Цімкавіцкім народным вучылішчы, у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, працаваў у валасным рэвалюцыйным камітэце. А ў Савічах напрыканцы лютага 1918-га рабаваўся маёнтак Вайніловіча. Тое гняздо раскідвалі да ліпеня 1920 года і немцы, і палякі…

Два трагічныя лёсы двух непадобных, але выбітных людзей, што сталі сімваламі супярэчлівай эпохі. Імя Эдварда Вайніловіча ўвекавечана пад засенню Чырвонага касцёла. Вельмі хацелася б, каб і асоба Кузьмы Чорнага паўстала тут бронзавай ці каменнай постаццю. Урэшце, у гарадской прасторы Беларусі ці шмат помнікаў нашым празаікам і паэтам, як і іхнім літаратурным героям?! Калі будзем выпраўляць гэты недахоп?

Алесь КВЯТКОЎСКІ,
мастак