Меркаю Караткевіча і фаербола

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

З лепшым маладым пісьменнікам-фантастам Еўропы гамяльчанкай Нікай РАКІЦІНАЙ мы сустрэліся ў Мінску праездам, амаль што ўначы. Ніка была падобна да зморанага воіна, якога прымусілі доўгі час вышываць крыжыкам. “Я разумею, што піар — гэта вельмі добра, але, па праўдзе, даволі цяжка”, — кажа яна і здымае свой меч з пояса. Пісаць пра пісьменніцу-фэнтэзійшчыцу хочацца прыкладна так: “Павеяла холадам, і напрыканцы гутаркі яна пасадзіла мяне на свайго каня, сказаўшы, што ён ведае дарогу”. Ды і сама Ніка прызнаецца: “Ёсць два жыцці: першае — гэта мая рэальнасць у Гомелі, дзе я маю зусім іншае імя, але поруч — Ніка Ракіціна, якая жыве ў выдуманых вымярэннях і бачыць зусім іншае “. Карэспандэнту “К” удалося перахапіць Ніку Ракіціну на шляху да новага віртуальнага свету і распытаць пра тое, як жывецца фантастам у рэальнасці.

Наўі, дзікае паляванне і Вужыны Кароль…

— Ніка, калі мы сустракаліся першы раз, ці магла ты ўявіць, што раман “Ганітва” будзе выдадзены і ты будзеш прызнана лепшым маладым пісьменнікам-фантастам у Еўропе?

— Не. Я пісала гэты раман у першую чаргу для сябе. Змясціла яго ў Інтэрнеце, там ён карыстаўся пэўнай папулярнасцю, аднак яго публікацыя падавалася мне нездзяйсняльнай марай. Аднак дзякуючы ўвазе Эрыка Брэгіса, галоўнага рэдактара рыжскага выдавецтва “Снежны ком”, “Ганітва” ўбачыла свет. Мы звязаліся з ім, і праз тры месяцы я ўжо трымала кніжку ў руках. Цудоўнай якасці паліграфія, дзівосныя ілюстрацыі Алены Ермаковай… Мяркую, што не кожнаму пісьменніку-пачаткоўцу так шчасціць, як мне.

— Я чула, што “Снежны ком” лічыцца выдавецтвам, якое спецыялізуецца на літаратуры для “выбранага”, інтэлектуальнага чытача…

 /i/content/pi/cult/163/1444/Merkaju.jpg
— Сапраўды, і мне было вельмі прыемна супрацоўнічаць з ім. Тым больш, што варта адразу папярэдзіць будучых чытачоў, каб яны не рыхтаваліся да лёгкага чытва, бо “Ганітва” — твор няпросты. Яго будзе цяжка чытаць тым, хто дрэнна ведае беларускую мову і нашы культурныя традыцыі, бо я адразу акунаю чытача ў “беларускі менталітэт”, беларускую пабудову сказу, светаўспрыманне.

Кніга на рускай мове, але не спяшайцеся: яна стаіць на падмурку беларускай культуры, міфалогіі. Там будуць і бойкі, і дэтэктыўная лінія, і любоўны трохкутнік, але — аніякага лінейнага класічнага фэнтэзійнага сюжэта, кшталту: ідзе галоўны герой і рушыць сякерай сваіх ворагаў (а калі не сякерай, дык фаерболам), і ў выніку атрымае прынцэсу ў жонкі, каб надалей спачываць на лаўрах. Такога там не знойдзеце. Будзе зямля наша ва ўсёй паўнаце, наколькі мне гэта ўдалося. Многа містыкі, замкаў, таямнічых месцаў. Усё, што апісваецца ў рамане, усе старажытныя рэчы я бачыла на свае вочы, мацала рукамі, адсюль і атмасфера, дух кніжкі. Там будуць наўі ўставаць па поклічы Ганцоў, дзікае паляванне — знічтажаць тых, хто захапіў краіну Лейтаву, будзе там і Вужыны Кароль… Урэшце, фінал рамана акажацца зусім нечаканым...

— Ты гаворыш пра беларускі менталітэт. Цікава, як бы ты яго ахарактарызавала?

— Беларусы — вельмі добрыя, мяккія, адданыя сваёй зямлі людзі. Шчырыя. І калі прыходзіць хтосьці чужы, спрабуючы разбурыць іх свет, яны не застаюцца абыякавымі і мужна змагаюцца з ворагам. Па сутнасці, першым фэнтэзійшчыкам, на маю думку, быў Караткевіч. Я ўсяго толькі працягваю яго лінію, дамалёўваю па-свойму, па-фэнтэзійнаму, фантастычнаму, калі хочаце, нашу багатую гістарычную і культурную спадчыну.

 
Пахі, мелодыі, кампютэрныя гульні
Ніка, наколькі пісьменнікі-фантасты вольныя, адасобленыя ад рэальнасці?

— Нягледзячы на свае фантазіі, яны вымушаны жыць на гэтай зямлі, і па законах рыначнай экономікі. Фантастаў — многа, а выдаўцоў — мала.

Кожны з нас марыць пра тое, каб яго твор быў выдадзены, і прычым вялікім тыражом, а, між тым, нават кнігі сучасных фантастаў з імем часам маюць тыраж не такі ўжо і значны, скажам так, не стотысячны.

Выдаўцам сёння патрэбны раманы-серыялы. Раней ты мог апублікаваць апавяданні, і на іх быў попыт. Зараз выдаўцы маюць патрэбу ў серыі раманаў. Паспрабуйце штомесяц пісаць па рамане. Я лічу, што добры твор, прачулы, прадуманы, за гэты тэрмін напісаць нельга. Але калі вы здольны “пячы” раманы, як блінцы, вас выдаўцы забяруць з рукамі і нагамі.

Многія фантасты працуюць на асноўнай працы, а ўвечары, у якасці хобі, пішуць свае творы. У мяне ёсць знаёмы фантаст на Украіне, які зараз стаў актыўна друкавацца. Я ў яго пытаюся: “Ну, як ты жывеш?”. Ён кажа: “Ніяк, няма часу ні на што, ні выхадных, ні святаў, ні адпачынку”. Такі тэмп, канешне, не кожны вытрымае.

Сёння ў мяне штосьці падобнае адбываецца. Пасля перамогі на “Еўракане” — увага з усіх бакоў. Я да такога не прывыкла, таму ніяк не магу ачомацца, каб нарэшце ўзяцца зноў за справу.

— Дарэчы, над чым ты зараз працуеш?

— Да перамогі на літаратурным конкурсе я працавала над навелізацыяй дзвюх камп’ютэрных гульняў з серыі “Старадаўнія скруткі” (TES): “Morrowind” і “Oblivion”.

— Ты гуляеш у камп’ютэрныя гульні?

— Для фантаста — гэта абсалютна нармальная з’ява (смяецца). Мае ўлюбёныя — ролевыя персанальныя гульні, так званы клас RPG. З гэтай серыі падабаюцца “Нефрытавая імперыя”, “Невервінтары”, “Morrowind” і “Oblivion”. Апошнія настолькі ўразілі, што па іх матывах я вырашыла напісаць раман. Першыя свае спробы на гэтым матэрыяле — твор пад назвай “Заўтрашні вецер” — я бясплатна размясціла ў Інтэрнеце, каб паглядзець на рэакцыю. Здаецца, чытаюць.

— А як жа аўтарскія правы?

— Пакуль мой твор знаходзіцца ў электронным выглядзе і распаўсюджваецца бясплатна, аніякіх парушэнняў аўтарскіх правоў няма. Але для таго, каб выдаць раман па-сапраўднаму, мне, канешне, трэба будзе звязацца з лакалізатарамі гульні. Паспрабую зрабіць гэта ў найбліжэйшы час.

— Наколькі распаўсюджана падобная практыка напісання літаратурных твораў паводле камп’ютэрных гульняў?

— Колькі заўгодна! Калі я ўзялася за “Morrowind” і “Oblivion”, я нават не ведала, што гэта настолькі распаўсюджана. Нават вынайдзены такі жанр — навелізацыя: перадача гульні сродкамі літаратуры. Магу прывесці такі прыклад. На Украіне была зроблена гульня па матывах апавядання братоў Стругацкіх “Сталкер”. Яе ўсе так доўга чакалі, што ў народзе нават сталі называць “Ждалкер”. І вось яна выйшла.

Поспех быў неверагодны. А для яго замацавання стваральнікі гульні нанялі пісьменнікаў, каб яны напісалі, ужо па матывах гульні, новыя творы. Цяпер ужо выдадзена дзевяць раманаў па гэтай гульні. Вось такая фантазія, што карыстаецца немалым попытам.

— Уражвае!
— Мой досвед у параўнанні з гэтым вельмі сціплы. Урэшце, заўжды невядома, што стане крыніцай твайго натхнення: пэўны пах, дотык, новы фільм, мелодыя ці камп’ютэрная гульня. Вось у мяне так здарылася, што апошнім разам стала гульня.  


Паветра, воля, конь…

— Ніка, як ты лічыш, чаму людзі маюць патрэбу ў творах жанру “фэнтэзі”? У мяне ёсць сваё тлумачэнне: жыццё часам надта падобна на гэткі раман. Узяць тыя ж вынікі прагрэсу: колькі гадоў таму я нават і не думала, што мабільныя тэлефоны стануць справай паўсядзённай, таксама як і Інтэрнет ці пэўныя аўтамабілі… Усё гэта вельмі нагадвае магію, і людзі хочуць яе бачыць у літаратурных, кінатворах…

— Ты, канешне, маеш рацыю. Сёння, калі я кажу свайму сыну, што ранней не было камп’ютэра, ён не верыць, як у тых казачных пачвар. Але мне здаецца, што творы фэнтэзі ўсё ж такі маюць і яшчэ адну прыцягальнасць для людзей—адваротную, пэўнае вяртанне да вытокаў, да тых стасункаў, калі бачная вось гэтая памежная рыса: тут— дрэнныя людзі, тут — добрыя, тут усёж такі дабро, а тут — зло. Сёння дзе тое разбярэш! І, па-другое, тэхніка нябачна, але змяняе людзей. І часам у нас узнікае нейкая настальгія па яе адсутнасці: па простых рэчах, прыгожых стасунках, высокіх учынках. Калі ёсць паветра, воля, дама сэрца, конь, меч. Няхай хтосьці і смяецца,— усе сучаснікі сумуюць па гэтым.

 Спрабавала ўвайсці ў абшары фэнтэзі Даря АМЯЛЬКОВІЧ