Не абы-які шпацыр па Краснапольскім Арбаце

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Навошта патрэбны рэспубліканскі семінар клубнікаў
Сапраўды, для чаго? Напэўна, не толькі для таго, каб ініцыяваць стварэнне прафесійнага свята, якога нашы клубнікі не маюць і па сёння? Ідэю наладжвання семінара на сваёй базе прапанаваў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. А ён, лепшы ў краіне, кепскага не прапануе. Прынамсі, дырэктар абласной метадычнай структуры і, адначасова, кіраўнік Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці Алег Хмялькоў так тлумачыць сваю ініцыятыву: “Той, хто шукае новае, заўжды яго знойдзе!” Выказванне — не толькі афарыстычнае, але і лёсавызначальнае для клубных устаноў, пэўным з якіх даўно прыспеў час мяняць формы працы.

Дык вось, у пошуках новага дзе толькі не пабывалі прадстаўнікі Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра. А напрыканцы ліпеня наведалі і Азербайджан. У Баку праходзіў Міжнародны навукова-практычны семінар дырэктараў і мастацкіх кіраўнікоў дамоў культуры. На мерапрыемства прыехалі прадстаўнікі 61 рэгіёна Азербайджанскай рэспублікі, а таксама вядучыя спецыялісты сацыяльна-культурнай дзейнасці Турцыі, Казахстана і Беларусі. Гаворка ішла пра захаванне культурнай самабытнасці нацыі, пра прыцягненне да гэтай справы самых розных сацыяльных партнёраў. Станоўчых дасягненняў (у тым ліку і ў наладжванні прыватна-дзяржаўнага партнёрства) тут назапашана нямала. У Азербайджане сваё традыцыйнае захоўваюць належным чынам, не цураюцца і праяў самабытнасці дыяспар. Да прыкладу, рабочая частка семінара прайшла ў сяле Іванаўка, дзе атабарыліся выхадцы з Расіі і развіваецца менавіта славянская фальклорная традыцыя…

Выступіў перад прысутнымі і Павел Шаўлякоў, які пэўны час быў мастацкім кіраўніком Краснапольскага цэнтра культуры, а на сёння з’яўляецца галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога метадцэнтра. Азербайджанцы вельмі здзівіліся, што аддалены Краснапольскі раён, ды яшчэ сур’ёзна пацярпелы ад чарнобыльскай бяды (практычна палова вёсак — адселеныя), працуе ў сферы культуры ініцыятыўна, ярка, вынікова. Насуперак усяму лакальныя праявы традыцыйнай культуры на Краснапольшчыне захаваны, актуалізаваны, пераведзены ў сучасныя, даступныя і зразумелыя формы існавання ў грамадстве. За аснову ў дадзенай дзейнасці ўзяты праектныя тэхналогіі. Чаму? Ды менавіта яны дазволілі найбольш эфектыўна аб’яднаць сацыяльныя інстытуцыі, грамадскія суполкі на аднаўленне і захаванне спрадвечнай нацыянальнай традыцыі.

Найбольш яскравы праект — “Краснапольскі Арбат”. Шматлюдная вуліца, што вядзе да гарадскога рынку, стала месцам творчай самарэалізацыі жыхароў і ўсеагульнага сацыяльна-культурнага партнёрства. За вельмі сціслы час было выяўлена і прапіярана каля двух дзясяткаў новых майстроў-рамеснікаў. Яны атрымалі нечаканую магчымасць прэзентаваць свае творы падчас мастацкіх выставак і сувенірных продажаў, наладзіць аўтарскія майстар-класы і рэкламу прадукцыі. Крылы выраслі і ў носьбітаў аўтэнтычнай песеннай ды танцавальнай традыцыі.

Чарговая ініцыятыва, што атрымала грант у рамках праекта ЕС — ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, звязана з адраджэннем ганчарства і са стварэннем аматарскага аб’яднання “Этнограф”: пры сельскіх клубах створана сем этнаграфічных пакояў, насычаных па выніках шматлікіх экспедыцый самымі рознымі экспанатамі. Тут з зайздросным эфектам ладзяцца заняткі радзімазнаўства. Некалькі праектаў звязаны з папулярызацыяй фальклорнай спадчыны: падрыхтавана каля 20 праграм на гэтай аснове.

Ну а пра векавыя тэатральныя традыцыі Краснапольскага раёна ведаюць многія аматары сцэнічнага мастацтва. Нагадаю толькі, што ў маі наступнага года мясцовы народны тэатр адзначыць стагоддзе. Пад правядзенне традыцыйнага фестывалю аматарскіх тэатральных калектываў “Тэатральныя вечарыны” таксама быў атрыманы грант ПРААН.

Але якімі праблемамі жывуць азербайджанскія калегі? Ды тымі самымі, што замінаюць дынамічна развівацца клубнай справе і на нашых беларускіх абшарах. Каб не тыя праблемы, дык ці ўзнікла б неадкладная патрэба ва ўсеагульным форуме? А цяпер — больш падрабязна пра тыя “грахі №1”, што не пускаюць у “клубны рай”.

Алег Хмялькоў перакананы, што будучы рэспубліканскі фестываль хоць нейкім чынам кампенсуе міжабласное інфармацыйнае раз’яднанне. Да слова, наша газета пра гэта піша пастаянна, настойліва прапаноўваючы сваю альтэрнатыву — падпіску на “Культуру”. Але адно аднаму — не перашкода.

Кадравая праблема, мяркуючы па тым, што сёння адбываецца ў сельскіх клубах, мае, так бы мовіць, два падраздзелы: “Дзе знайсці?” і “Як навучыць?” Першага не існавала, пакуль мела месца дзейсная і сістэмная прафарыентацыя, што адлік брала ці не з дзіцячага садка. Хто гэтым цяпер займаецца? Адгукніцеся! Другая, навучальная, акалічнасць таксама мае характэрную асаблівасць, якую на практыцы сустрэць ужо цяжка. Прафесійная вучоба не можа быць перыядычнай. І я тут не маю на ўвазе курсы і семінары. Прафесійнік павінен быць у пастаянным творчым пошуку. Складнікі самаадукацыі — зносіны з калегамі, штодзённы камп’ютарны маніторынг.

Трэцяя праблема выцякае з другой. Праектная дзейнасць і абыякавасць спецыяліста — рэчы ўзаемавыключальныя. Новыя запыты рэчаіснасці патрабуюць новых форм працы. Не скажу, што фактаў нестандартных падыходаў да выканання прафесійных абавязкаў мала. І тут дастаткова прывесці прыклад шматлікіх брэндавых святаў, без якіх не абыходзіцца наша сталая рубрыка “На людным месцы”. Але тут і таўталогіі шмат, і досвед патрабуе абагульнення. Усё па сваіх месцах, лічыць Алег Хмялькоў, павінен расставіць першы рэспубліканскі семінар клубных работнікаў. У Магілёве мяркуюць правесці яго восенню. Як думаеце, атрымаецца?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"