Самі з вусамі. Альбо з барадой?

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Скразной тэмай гэтага нумара сталі ініцыятывы камерцыйных структур у сферы культуры. Імпэтны прыватнік у Магілёве адкрыў непасрэдна ў сваёй краме мастацкую галерэю, на Чэрвенскім рынку ў сталіцы выстаўляюць дзіцячыя малюнкі і наладжваюць буккросінг, кобрынскі ансамбль выпраўляецца на гастролі дзякуючы спонсарскай падтрымцы вытворцы тэкстылю... Больш за тое, як сведчыць досвед Дзмітрыя Гмызы, часам такое супрацоўніцтва мае ўжо не спарадычны, а сістэмны характар — таму і з’яўляецца патрэба ў медыятарах паміж бізнес-структурамі і культурнымі ўстановамі. І тым не менш, менавіта гэтай сістэмнасці, як падаецца, пакуль што бракуе.

/i/content/pi/cult/650/14437/10.jpgНа мінулым тыдні з’явілася навіна пра ўсталяванне ў Заслаўі трохметровага помніка таму князю, чыё імя дало гораду назву. Гэта стопрацэнтова прыватная ініцыятыва, ды і з’явіўся новы Ізяслаў не ў гарадской прасторы, а ля аўтазапраўкі той кампаніі, якая і стала ініцыятарам. Здавалася б, з такой нагоды можна толькі радавацца, але водгукі на гэты ананімны (імя аўтара чамусьці нідзе не прыгадваецца) узор манументальнага мастацтва пакуль, мякка кажучы, даволі стрыманыя. Ды што там — інтэрнэт з яго проста кпіць!

І ладна ўжо, што гэта трэцяе скульптурнае ўвасабленне Ізяслава на тэрыторыі невялікага гарадка — прычым папярэдні яму помнік адкрылі ўсяго тры гады таму! Усё ж, многа — не мала… Наадварот — хай бы ля кожнага ганка па Ізяславе стаяла. Але як гістарычны, так і чыста прафесійны аспект новай работы можа выклікаць хіба… недаўменне.

Гэта тычыцца і дзіўнаватых прапорцый цела (надта ўжо Ізяслаў атрымаўся каржакаватым), і дэталяў амуніцыі і ўзбраення (пэўна, у якасці крыніцы аўтар кіраваўся не гістарычнымі рэканструкцыямі, а камп’ютарнымі гульнямі), і, найперш, узросту. Князь, як сцвярджаюць летапісцы, “почил в Бозе” ў 20 гадоў, а ўвасоблены ў бронзе барадаты мужчына, прынамсі, ўдвая старэйшы. Тым не менш, казаць пра ўсё гэта ўжо запозна: помнік адліты, і яго не перарабіць.

Міжволі згадваецца той нядаўні час, калі ўсталяванне чаго-кольвечы ў больш-менш грамадскай прасторы цалкам кантралявалася Рэспубліканскім манументальным саветам — з яго безапеляцыйным правам вета. З аднаго боку, прыватніка гэта палохала і стрымлівала. Згадайма хаця б той інцыдэнт з помнікам бульбе, які рэстаратары хацелі ўсталяваць у Мінску, не спытаўшыся ў савета дазволу. У выніку, ужо гатовая скульптура пайшла ва ўтыль, і адным творам манументальнага мастацтва ў горадзе стала менш. З другога боку, страх перад саветам часта бывае цалкам справядлівым: датклівыя і прыдзірлівыя суддзі не прапускаюць халтуру. Кожны элемент манументальнага твора дбайна абмяркоўваецца, і памылкі або недарэчнасці можна перадухіліць яшчэ на стадыі эскіза.

Так ці іначай, пэўны ўдзел прафесіяналаў у прыватных культурных ініцыятывах падаецца неабходным — хай нават толькі з правам дарадчага голасу. Думаецца, на агульны каштарыс праекта гэта не надта паўплывае: бронза ў нас даражэй за ідэі. Але, гутарачы з бізнесменамі, якія маюць імпэт нешта рабіць на ніве мастацтва, часам чуеш, што ў кансультацыях профільных спецыялістаў яны патрэбы не маюць. Маўляў, самі з вусамі.

Барадаты мужчына ў Заслаўі красамоўна паказвае, ува што гэтыя вусы вырастаюць.