Вольныя, як матылькі

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

30 ліпеня коласаўцы закрылі 91-ы тэатральны сезон прэм’ерай “Дарослыя дзеці”. У аснову новай пастаноўкі заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрыя Пахомава, які на працягу дваццаці гадоў стала кантактуе з Віцебскам, пакладзеная п’еса вядомага амерыканскага драматурга і сцэнарыста Леанарда Герша “Гэтыя вольныя матылькі”. Яна атрымала прызнанне на Брадвеі, была экранізавана і абышла многія сцэны Еўропы. У цэнтры спектакля — гісторыя кахання двух маладых людзей. Але яна не столькі пра каханне ў яго звыклым разуменні, колькі пра чалавечае жыццё і складаныя стасункі тых, чыімі ўчынкамі кіруе Любоў у самых розных праявах.

/i/content/pi/cult/650/14434/14.jpgЁн — звычайны амерыканскі тынэйджар Дональд, які вырваўся з-пад мацярынскай апекі і вырашае давесці сваё права на самастойнасць. Марыць стаць музыкантам. Істотны яшчэ адзін момант, які дадае гэтаму вобразу пэўную асаблівасць: Доні ад нараджэння сляпы. Зрэшты, хлопец з фізічным недахопам настолькі звыкнуўся, што адносіцца да яго надзвычай спакойна.

Яна — яго дзевятнаццацігадовая суседка Джыл, якая паспела выскачыць замуж, а праз шэсць дзён збегчы ад мужа. Шалапутная, балбатлівая, неахайная і легкадумная. Марыць стаць актрысай любым спосабам. Яе ідэалы — раскоша, поспех, амбіцыі. Яна жыве па прынцыпе вольнага матылька, задавальняючы толькі свае жаданні, ні на хвіліну не задумваючыся пра іншых. Адносіны паміж маладымі людзьмі развіваюцца імкліва і даходзяць ужо да ложка, але ў самы нечаканы момант на парозе з’яўляецца маці Дональда. Місіс Бэйкер супраць адносінаў сына з дзяўчынай, якая не адпавядае яе ўяўленням аб прыстойнасці і маралі. І, калі жанчыне не ўдаецца прывесці да розуму юнака, яна знаходзіць якасныя аргументы для дзяўчыны.

У ролі Дональда выступіў малады і вельмі паспяховы артыст-коласавец Раман Салаўёў. Віцебскія гледачы палюбілі яго ўжо з першай творчай работы — вобраза Сашы Савельева са спектакля “Пахавайце мяне за плінтусам”, які прынёс яму дыплом у намінацыі “Лепшая роля” на Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў 2014 годзе, а таксама спецыяльны прыз у намінацыі “Надзея сцэны” на VI Міжнародным фестывалі камерных і монаспектакляў у Арле. Пасля гэтай ролі артыст сыграў яшчэ шэраг важкіх і запамінальных — Косцік у драме “Гэта ўсё яна” Андрэя Іванова, Рамэа ў “Рамэа і Джульеце” Уільяма Шэкспіра, Макс у камедыі “Шукаем тэнара!” Кена Людвіга, Скапэн у “Хітрыках Скапэна” Жана-Батыста Мальера.

Выканаўца і гэтым разам стварае шматпланавы, нешараговы, аб’ёмны вобраз. Мяккі, інтэлігентны, па-юнацку абаяльны, шчыры, душэўна тонкі, крыху іранічны, у тым ліку і ў адносінах да самога сябе, з добрым пачуццём гумару — такім ён паўстае ў спектаклі. У першай яго палове герой не выглядае невідушчым — мабыць, згодна з пажаданнямі рэжысёра выканаўца не імкнецца канцэнтраваць на гэтым увагу. І толькі бліжэй да фіналу пад уплывам неспрыяльных абставін (здрады і сыходу Джыл) адсутнасць зроку пачынае пэўным чынам акцэнтавацца. Малады чалавек быццам губляе грунт пад нагамі. І справа тут зусім не ў слепаце. Сутыкаючыся з рэальным і часцей за ўсё суровым жыццём, пазбыўшыся ахоўнага панцыру ў выглядзе мацярынскай апекі, можна, як тыя матылькі, вельмі балюча апаліць свае крыльцы. Можна захаваць сваю душэўную чысціню, а можна раззлавацца на ўвесь свет, стаць жорсткім і цынічным.

/i/content/pi/cult/650/14434/15.jpgУ ролі Джыл выступіла маладая актрыса Настасся Рэўчанка. Яна толькі год таму закончыла Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў, але на яе творчым рахунку ўжо некалькі сур’ёзных работ, сярод іх Наташа ў “Афінскіх вечарах” Пятра Гладзіліна, Аркадзія ў “Белым анёле з чорнымі крыламі” Дзіяны Балыка, Джульета ў “Рамэа і Джульеце” Уільяма Шэкспіра. Ураўнаважанасць і грунтоўнасць Дональда добра кантрастуюць з легкадумнасцю Джыл, яе няўрымслівасцю, зухаватасцю, рухавасцю, наіўнасцю, непасрэднасцю, лёгкасцю ў словах, якія ідуць паперадзе думак. Магчыма, варта было б у сцэне з маці героя місіс Бэйкер больш акцэнтаваць той момант, калі Джыл вырашае пад уплывам яе аргументаў адмовіцца ад Дональда.

Дастаткова стрымана і ўпэўнена будуе лінію сваёй ролі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова. Яна цяжка перажывае непаразуменне з сынам, і ўсё ж такі спрабуе зразумець яго, хаця ён усё больш аддаляецца. Вялікая мацярынская любоў не замінае прыняць складанае рашэнне: пакінуць сына сам-насам у такі драматычны для яго момант самастойнага жыцця.

Кантрастам да ўсіх вышэйназваных герояў успрымаецца з’яўленне ў спектаклі папулярнага рэжысёра Ральфа Осціна, які запрашае на адну з роляў у сваёй новай пастаноўцы пачынаючую актрысу Джыл. Ён урываецца на сцэну, як сапраўдны феерверк. Артыст Аляксандр Базук не шкадуе сарказму ў дачыненні да свайго абсалютна непрывабнага персанажа, працуе на мяжы гратэску і буфанады, увасабляючы самыя агідныя рысы камерцыйнага мастацтва, індустрыі бруду і непатрэбшчыны.

Гэтым разам рэжысёр Юрый Пахомаў і мастак Святлана Макаранка дастаткова густа запаўняюць сцэнічную прастору (пакой Дональда) разнастайнымі рэчамі і прадметамі: тут і ванна, ператвораная ў абедзенны стол, і шведская сценка, і кніжная паліца, і камода, і кухонная мыйка, і лядоўня, і ложак. Гэта дае прастору і магчымасць для дастаткова падрабязнага і праўдзівага акцёрскага існавання. Ну а сцены гэтага жытла насамрэч папяровыя, аб чым з іроніяй заўважаюць маладыя героі спектакля. У фінале Дональд, імкнучыся вырвацца ў нейкі іншы свет, другое вымярэнне, да сапраўдных адносінаў і пачуццяў, рве гэтыя сцены. Да яго ўсё ж такі вяртаецца Джыл, і яны разам, нібы рушачы назад у чыстае і такое бестурботнае дзяцінства, запускаюць папяровага змея.

Гэта спектакль, на які варта прыйсці, па магчымасці, усёй сям’ёй, бо яго стваральнікі звяртаюцца не да ўзроставых, а да вечных праблем: у чым складаецца воля, ці трэба сваёй апекай атачаць дзіцё, што з’яўляецца ў жыцці галоўным, як пад напорам жыццёвых няшчасцяў не згубіць шчырасці і дабрыні.

Юрый ІВАНОЎСКІ
Фота Наталлі ЯРМОЛАВАЙ