“Я ўвесь час звяртаюся да яго па дапамогу”

№ 31 (1314) 05.08.2017 - 10.08.2017 г

Праўнучка Ігната Дамейкі — пра свайго вялікага продка
“Ігнасіа — гэта мае жыццё!” — кажа Паз ДАМЕЙКА САТАМАЁР (на здымку), праўнучка славутага вучонага, асветніка і гуманіста Ігната Дамейкі, якая прыехала з Аўстраліі ў Беларусь на Міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную 215-годдзю яе знакамітага продка. Нашчадніца знанага геолага і даследчыка прысвяціла вывучэнню яго мемарыяльнай спадчыны дваццаць гадоў, наведаўшы за гэты час Беларусь, Польшчу, Літву, Францыю ды Чылі. Гэта трэці візіт спадарыні Паз у нашу краіну, і, бадай, самы плённы.

/i/content/pi/cult/650/14424/2.jpgУ яго рамках даследчыца разам з братам, сёстрамі і пляменнікам пабывала на “малой Радзіме” прадзеда і ўбачыла сігнальны асобнік перакладу на беларускую мову сваёй прысвечанай яму кнігі. “Я вельмі шчаслівая”, — эмацыйна прамовіла спадарыня Паз падчас адмысловай сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, трымаючы ў руках асобнік выдання. Падчас насычанага падзеямі і паездкамі візіту, далёкая і блізкая госця вылучыла некалькі хвілінаў, каб распавесці пра сваю кнігу, містычную сувязь з прадзедам Ігнасіа і вялікі род Дамейкаў.

У мяне ў жыцці ёсць жарсць — і гэта цудоўна!

— Ва ўсім свеце людзі кажуць пра Дамейку як пра вучонага, але мне ён найперш цікавы як асоба, чалавек, — адразу пазначае напрамак сваіх даследчыцкіх інтарэсаў Паз Дамейка. — У сваёй кнізе я раблю акцэнт менавіта на гэтым. Я не з’яўляюся прафесійным навукоўцам, у мяне няма ступені доктара, але я паставілася да вывучэння яго постаці шчыра і з вялікай любоўю. Пабывала ў многіх краінах, каб сабраць матэрыял. Спадзяюся, што мой сціплы ўнёсак у даследаванне яго асобы будзе цікавы беларусам.

— А як у вас з’явілася гэтае захапленне? Што натхніла даследаваць спадчыну Ігната Дамейкі?

— Я не ведаю (смяецца). Мабыць, яно ўзнікла таму, што я чула пра Ігнасіа ўсё свае жыццё. У нашай сям’і ён быў тым чалавекам, якога ледзь не абагаўлялі. І гэтая любоў перадавалася з пакалення ў пакаленне. Аднак галоўным штуршком для мяне пачаць даследаванні асобы майго продка сталася няшчасце. У 61 год я захварэла на рак. Была вымушана спыніць працу і, лічыце, памірала. Мае родныя, напэўна, будуць зараз з мяне смяяцца, але мне падаецца, што Ігнасіа прыйшоў да мяне і ўдыхнуў у мяне жыццё, калі я страціла свядомасць на аперацыйным стале. З таго моманту нібы нарадзілася наноў, іншым чалавекам.

Як ужо казала, я кінула працу, прадала кватэру ў Сіднеі і пачала вандраваць, збіраць гісторыі і матэрыялы пра майго прадзеда. Паступова звестак станавілася ўсё болей, і я вырашыла, што прыйшоў час выказацца — ды напісала кнігу. Цяпер мне ўжо 80 гадоў, у мяне няма рака, я цудоўна сябе адчуваю і вельмі шчаслівая.

Упэўнена, што гэта ўсё Ігнасіа, які мне дапамагае. Нават, калі стаю ў аўтамабільным корку, я да яго звяртаюся: “Ігнасіа, дапамажы!” — і машыны рухаюцца. Патрэбна месца на паркоўцы: “Ігнасіа, калі ласка!” І месца знаходзіцца (смяецца)! Кажу без перабольшвання, што гэтыя дваццаць гадоў сталіся для мяне самым плённым і радасным часам. У мяне ў жыцці ёсць жарсць — і гэта цудоўна!

— Вы напісалі кнігу на англійскай мове?

— Так. Я валодаю таксама іспанскай і французскай, але англійская для мяне лягчэй. Дарэчы, упершыню кніга была апублікавана па-іспанску. Яна выйшла ў Чылі і мела проста надзвычайны поспех. Перавыдавалася двойчы. Пазней выданне пабачыла свет ужо на англійскай мове ў Аўстраліі, дзе яе выхад быў не такі заўважны, — усё ж, імя Дамейкі там не настолькі шырокавядомае. Але цяпер яго ведаюць і на гэтым кантыненце.

Вельмі чакала перакладу на вашу мову. Лічу, што Ігнасіа і тут паспрыяў справе. Памятаю, год таму я акурат скончыла новую рэдакцыю “іспанскага” варыянту, і амаль у гэты ж дзень атрымала пасланне ад беларускай жанчыны з Гомеля. Перакладчыца з іспанскай Вольга Раўчанка звярталася да мяне з просьбай зрабіць маю кнігу даступнай для жыхароў Беларусі. Я ёй адказваю: “Я толькі скончыла новую рэдакцыю!” Ці ж гэтыя супадзенні — не доказ прысутнасці майго прадзядулі?

У майго кузена Пабла, уявіце, 20 унукаў!

— Спадарыня Паз, вы ў Беларусі ўжо трэці раз. Ці адчуваеце, што гэта зямля — радзіма вашага славутага продка?

— Увесь час адчуваю, што Ігнасіа тут, са мной. Гэта дзіўнае пачуццё. І я вельмі рада, што ў рамках канферэцыі, разам са сваякамі атрымала магчымасць наведаць яго “малую Радзіму”, па якой ён вельмі сумаваў.

Часам я думаю, чаму ж ён абраў менавіта мяне. Падарожжы, вандроўкі таксама склалі ўсё мае жыццё. Бацькі служылі ў дыпламатычных місіях, цягам усяго дзяцінства я пераязджала з краіны ў краіну. Ды і ў сталасці дарог хапала. Я разумею гэты вялікі смутак Ігнасіа, яго тугу, якая ішла поруч з любоўю да блізкіх. Ён не баяўся нязведанага, і я таксама ў гэтым адчую з ім роднасць. Іду наперад і — не загадваю, што будзе далей. Вось я ў Беларусі — і гэта цудоўна!

— Ці многа ў вас сваякоў? Род Дамейкі сёння — род гуманітарыяў ці іншых прафесій?

— Сваякоў вельмі шмат! У сына Ігнасіа — Касіміда — нарадзілася чатыры сыны і ўсе яны былі адданымі католікамі, што сказалася на вялікім патомстве. Мой тата — малодшы з гэтых сыноў — выхаваў трох сыноў і дзве дачкі (я — старэйшая). Мая цёця Ганна — трох сыноў і адну дачку, дзядзя Карлас — таксама тры сыны і адну дачку. Дзядю Ігнасіа — самаму старэйшаму, названаму ў гонар дзеда — таксама скардзіцца на дзяцей не выпадае. Такім чынам, род Дамейкаў сёння — вельмі вялікі, і, мяркую, дасягае лічбы ў дзвесце ці трыста чалавек. Толькі ў майго кузена Пабла, уявіце, 20 унукаў! Жывуць Дамейкі па ўсіх кантынентах — у Лацінскай Амерыцы, ЗША, Аўстраліі. І не здзіўлюся, калі сустрэну сваякоў дзе-небудзь яшчэ.

Цікава, што Касіміда, ад якога пайшла наша галіна родавага дрэва, ажаніўся з Дамінга з сям’і Аламас, прадстаўнікі якой былі вельмі высокія. І ўрэшце брат і пляменнік пайшлі ў іх — проста высачэзныя. А я — усяго 167 сантыметраў: невялікая, як і мой любы прадзед.

Што да прафесій, сярод маіх кузенаў шмат архітэктараў. Зноў жа, бацькі служылі дыпламатамі. Таксама ў родзе шмат інжынераў. Дзед Касіміда быў разумны мужчына, ды ўсё ж не такі геній, як прадзед. Мая прабабуля Энрыкета, у якую закахаўся Ігнат Дамейка, была пятнаццацігадовай дзяўчынкай — чаго чакаць далей ад патомства! (Смяецца). Мяркую, што зараз за падобны саюз майго прадзеда пасадзілі б за краты! Уявіце, Ігнасіа было 47 гадоў, а ёй — толькі 15. Аднак у тыя часы такая розніца ва ўзросце не была перашкодай да шлюбу. Энрыкета, дарэчы, была старэйшай сярод чатырнаццаці братоў і сёстраў. І яна выйшла замуж па каханні! Гэта было вялікае і моцнае пачуццё, якое яны пранеслі скрозь гады.

— Спадарыня Паз, сёння імя і спадчына Ігната Дамейкі становіцца сімвалічным капіталам, за які змагаюцца і Польшча, і Літва, і Беларусь. Да якой культуры, на ваш погляд, усё ж належыць вялікі асветнік?

— Лічу, што ён належыць усім культурам. Не магу выбіраць. Я адчуваю яго прысутнасць і ў Вільнюскім універсітэце, і ў Кракаве, ды, вядома, тут, на гэтых землях, на яго роднай старонцы. Мяркую, для нас усіх сёння больш актуальным будзе пытанне — як захаваць спадчыну Ігнасіа і зрабіць яе даступнай для іншых пакаленняў.

/i/content/pi/cult/650/14424/1.jpgСядзібны дом у Жыбыртоўшчыне чакае на сваё аднаўленне. / Фота Зміцера Юркевіча.