“Пажарная ж служба — вечная…”

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

У барацьбе з агнём: ад клікуноў да МНС
25 ліпеня прафесійнае свята адзначаюць тыя, для каго звычайныя святы зазвычай пераўтвараюцца ў працоўныя будні — нястомныя барацьбіты з агнём. На Беларусі пажарныя службы адзначаюць свой 164-ы дзень нараджэння. І такі малады іх век кагосьці можа здзівіць. Здавалася б, пажары ўзнікалі спакон веку — а значыць, былі і тыя, хто іх тушыў. Адкуль жа тады ўзялася гэтая дата? Давайце разбірацца.

/i/content/pi/cult/648/14421/28.jpg

“Вогненныя парадкі”

З глыбокай даўніны і да нашых часоў пажары лічацца ці не самай страшнай бядой, якая можа напаткаць чалавека. Летапісы ўтрымліваюць нямала прыкладаў, калі руйнавальная сіла агню вокамгненна змяняла лёсы як асобных людзей, так і цэлых гарадоў! Назапашаныя вякамі набыткі літаральна на вачах пераўтвараліся ў прысак. Прычым, як сведчаць гістарычныя дакументы, нярэдка прычынай такіх катаклізмаў была ўсяго адна малютка іскрынка…

Таму ўжо ў Сярэднявеччы ў тых гарадах, якія атрымлівалі Магдэбургскае права, магістраты ўкаранялі правілы пажарнай бяспекі — гэтак званыя “вогненныя парадкі”. Апрача разнастайных прадпісанняў і забаронаў на выкарыстанне агню, імі быў замацаваны надзвычай важны прынцып: тушэнне пажараў з’яўляецца абавязкам усіх без выключэння гараджанаў. Тых, хто ад яго ўхіляўся, прымушалі сілай альбо сурова каралі.

Шырока вядомая і пажарная павіннасць, якая ўскладалася пачаргова альбо паводле грамадскіх прыгавораў — як спагнанне за нявыплату гарадскіх падаткаў. Тады ж з’явіліся і “клікуны” — своеасаблівыя вартаўнікі, якія хадзілі па начах, нагадваючы пра неабходнасць асцярожнага абыходжання з агнём.

Пра пажарную бяспеку гаворыцца і ў слынным Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. У прыватнасці, у асаблівы від злачынства там былі вылучаныя пагроза падпалу і падпал. Наступнае, XVII стагоддзе прынесла ў арганізацыю пажарнай справы пэўныя змены, і параўнальна з мінулай эпохай гэта быў сапраўдны прарыў. Гарадскія магістраты ўводзяць выбарныя пасады “стражнікаў ад агню”, на якіх ускладалася кіраўніцтва тушэннем пажараў і кантроль над выкананнем прафілактычных мерапрыемстваў.

Між тым, як і раней, барацьбу з агнём вялі ўсе гарадскія жыхары, якія збягаліся на пажар са сваімі вёдрамі, сякерамі і баграмі. Абавязковы гарадскі інвентар да таго часу ўжо з’явіўся, але, як правіла, складаўся ён хіба з некалькіх вазоў з запоўненымі вадою бочкамі. Месцам іх захоўвання была ратуша, чыя вежа выкарыстоўвалася не толькі для ўпрыгожвання, але і як назіральная каланча. Там знаходзіўся і звон, які апавяшчаў гараджан аб вогненнай небяспецы.

Менавіта супрацьпажарныя мерапрыемствы тых гадоў абумовілі паўсюднае ўкараненне каменнага будаўніцтва, планаванне гарадской забудовы і ўвядзенне вадаправоду. Але спробы дзяржаўнай улады арганізаваць планамерную барацьбу з пажарамі, увёўшы прафесійную пажарную ахову, пачалі рабіцца толькі ў пачатку XIX стагоддзя, калі беларускія землі ўжо ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

“Нармальная табель”

/i/content/pi/cult/648/14421/29.jpgПасля імператарскіх указаў Аляксандра I у 1803 і 1804 гадах былі створаны першыя на яе прасторах штатныя прафесійныя пажарныя каманды. Зразумела ж, у сталіцах — Санкт-Пецярбургу і Маскве. Вывучыўшы іх вопыт, Міністэрства ўнутраных спраў накіравала ў губерні “Палажэнне аб складзе пажарнай аховы Пецярбурга і Масквы” для паўсюднага яго ўкаранення з улікам мясцовых асаблівасцяў. У 1818 годзе новым імператарскім Указам прапаноўвалася, “каб у кожным горадзе быў пры паліцыі брандмайстар і пры ім два вучні”, якія ўмеюць абыходзіцца з пажарным абсталяваннем.

Абодва дакументы насілі больш рэкамендацыйны, чым практычны характар. Пра гэта кажуць і тыя факты, што з 1817 года тушэнне пажараў увайшло ў абавязкі палкоў унутранай варты, а дзеля іх папярэджання ў гарадах і вёсках у 1848 годзе былі адноўлены абывацельскія каравулы.

І толькі 17 сакавіка 1853 года Указам Імператара Мікалая I была зацверджана “Нармальная табель складу пажарнай часці ў гарадах”. У адпаведнасці з гэтым дакументам, штат камандаў упершыню стаў вызначацца не па “высочайшему разрешению”, а ў залежнасці ад колькасці насельніцтва. Усе гарады імперыі, акрамя сталіц, па ліку жыхароў падзяляліся на сем разрадаў. Для кожнага з іх былі вызначаны штат пажарных каманд, коль-
касць інвентару і сродкі на яго рамонт.

У год прыняцця “Нармальнай табелі” штатныя расклады былі зацверджаны для 34 гарадоў, якія знаходзяцца на сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 13 ліпеня (25-га па новым стылі) 1853 года Мінскае губернскае праўленне і Мінская гарадская дума, разгледзеўшы пытанне “Аб стварэнні пажарнай часці ў г. Мінску”, зацвердзіла каштарыс расходаў на яе ўтрыманне ў складзе аднаго брандмайстра, двух унтэр-брандмайстраў і 48 шарагоўцаў.

Адпаведна, менавіта 25 ліпеня 1853 года па праве лічыцца святам усіх тых нашых грамадзянаў, хто абраў пажарную службу ў якасці сваёй прафесіі. Раней папярэднікі такіх службаў, вядома, існавалі, але прафесійнымі іх называць не выпадае.

Усяго за 15 хвілін!

За прамінулыя 164 гады многае, вядома, змянілася. Красуе адроджаны з руінаў Мінск. Але не адышлі, на жаль, у нябыт пажары. І яшчэ больш рызыкоўнымі, цяжкімі сталі будні людзей, якія ім супрацьстаяць.

Ужо ў нядаўняй гісторыі на долю пажарных выпала выкананне інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане і іншых “гарачых кропках”, тысячы пажарных удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ахвяруючы ўласным здароўем і жыццём дзеля выратавання мільёнаў людзей. І гэтая самаахвярнасць, гэтае пераадоленне сябе заўсёды былі ўласцівыя пажарным службам.

Створаны за гэтыя гады магутны патэнцыял пажарнай аварыйна-выратавальнай службы, яе здольнасць аператыўна і на высокім прафесійным узроўні вырашаць задачы па папярэджанні і ліквідацыі практычна ўсяго пераліку надзвычайных сітуацый дазволілі стварыць у 1998 годзе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

МНС сёння — гэта абсталяваныя сучаснай тэхнікай падраздзяленні, здатныя аператыўна вырашаць любыя задачы прадухілення і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый як прыроднага, так і тэхнагеннага характару, а таксама магутная навукова-даследчая база і сістэма навучальных установаў.

За апошняе дзесяцігоддзе работнікамі МНС Беларусі праведзена больш за 250 тысяч аперацый, выратаваны звыш 50 тысяч чалавек. З кожным годам расце прафесіяналізм — і, адпаведна, змяншаюцца страты. У мінулыя стагоддзі тушэнне пажараў доўжылася гадзінамі, сёння ж амаль палова надзвычайных сітуацый ліквідуецца на працягу 15 хвілін з моманту прыбыцця першага падраздзялення.

***

“Усе службы штодзённа маюць пачатак і канец... Пажарная ж служба — вечная, бесперапынная, дзень і ноч — усе 24 гадзіны ў суткі кожны пажарны на службе, не выключаючы ніводнага дня ў годзе. Гэта тое самае, што служба ў войску падчас кампаніі...” Такія словы былі сказаны яшчэ сто гадоў таму на адным з першых з’ездаў рускіх пажарных. Актуальныя яны і дасюль.

Сёння нумары “101” і “112” вядомыя кожнаму. І сапраўды, дапамога прыходзіць неадкладна. Некалькі хвілін чакання — і ўжо чутныя сірэны чырвоных аўтамабіляў. Пажарныя аддана нясуць сваю службу, але… няхай іх праца нікому з чытачоў не спатрэбіцца. А для гэтага трэба зусім мала — праяўляць элементарную пільнасць у абыходжанні з “вогненнай субстанцыяй”.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст Групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС